Складаем «гарачы» плэй-ліст: 10 актуальных летніх песень ад беларускіх артыстаў

Лета — цёплая і вайбовая пара года. Хочацца як мага болей наталіцца сонечнымі промнямі, душэўнымі размовамі з сябрамі, тусоўкамі, паездкамі на лецішча, купаннем у рэчцы і яшчэ тысячамі прыгодаў. А што паслухаць у гэтым віры падзей? Сёння распавядаем пра 10 трэкаў, якія выйшлі ў ліпені і дакладна вартыя таго, каб трапіць у ваш плэйліст.


Navušniki

Ketevan, SUNPL8 «Moj Kosmas» 

Не ведаю, ці можна знайсці больш абстрактна-лірычную кампазіцыю гэтым летам, чым новы трэк ад Кецеван. Тут і салодкая электронная аранжыроўка недзе з 2000-х, і цягучы, як рагачоўская згушчонка, тэкст. Заплюшчыць вочы, легчы на ложак і проста слухаць песню столькі, колькі вытрымаюць вашы вушы.


Passive Voice «Моя любовь»

Малады беларускі рок-гурт з пранізлівым жаночым вакалам і вялікімі амбіцыямі. Прыкладна так можна прадставіць Passive Voice адным сказам.
Іх новы сінгл «Моя любовь» — пяшчотная падлеткавая гісторыя аб каханні, якому няма канца і краю. Больш атмасферную песню для сумоты ў даждлівы летні дзень вы наўрад ці знойдзеце.

Nevika «Вішня»

Галоўная надзея беларускай поп-музыкі не перастае радаваць слухачоў. Кранальная песня «Вішня» насычана не толькі народнымі распевамі, але і энергічным бітом, спалучаным з душэўным тэкстам. Калі вам не пашанцавала пачуць гэту песню на летнім канцэрце Вікі, то можаце зрабіць гэта зараз у сваіх слухаўках.

Mandzik «Zoračka»

Бадзёры рэп Дзяніса калі-небудзь абавязкова скорыць свет. А яго новы сінгл дакладна мог бы быць у топе аўтарытэтных музычных парталаў. Zoračka — гэта пра Беларусь, пра ментальнасць і менталітэт, трошкі пра любоў і, канечне ж, пра кожнага з нас. Файны прыклад таго, як выбухны і хуткі біт можа здавацца такім спакойным, а вакал у спалучэнні з тэкстам прабіваць да дрыжыкаў.

Sneguole, лайтовы «Цемраю па галасах»

Экзістэнцыйны хіп-хоп ад музыканткі і паэта з Мінска, які часта эксперыментуе з гукам. Змрочны, але танцавальны біт, ці можаце сабе ўявіць, як гэта? Проста паслухайце кампазіцыю «Цемраю па галасах» і вы ўсё зразумееце. Тэкставы складнік тут прынесены ў ахвяру музычнаму і, шчыра кажучы, гэты эксперымент сябе поўнасцю апраўдаў.

Koshki «Ludzi Na Bałocie»

Купальскі рэйв на балотах? Так, гэта ён. Электра-фолк дуэт Уладзіслава і Рыны ўварваўся ў ліпень cа сваім EP і жаданнем разрываць танцпляцы. Атрымалася ў іх гэта ці не — вырашаць вам. Кіслотны драм энд бэйс з народнымі матывамі дакладна варты ўвагі, а трэк «Zombi Kupalle» — мой асабісты фаварыт.

Cны Синей Собаки, ЗАО «Сомнительный инициативы» «Стрелы громоотводов»

Іранічны постпанк замаўлялі? Не? А ён ужо тут, і столькі метафар, як у гэтай песні, вы даўно не чулі. Уладзь (франтмэн гурта «Сны Сіняга Сабакі») выдатна дапоўніў інструментал сваім мудрагелістым тэкстам, які чамусьці нагадвае ранняга Алега ЛСП.

NaviBand «Мама»

Кавалак гэтай кампазіцыі я ўпершыню пачуў у ціктоку ад Ксюшы і Арцёма. Пяшчотная калыханка, якая абуджае ўсе самыя цёплыя дзіцячыя ўспаміны. Песня простая і шчырая, як па сваім сэнсе, так і па гучанні. Можаце даслаць яе сваёй матулі і напісаць, як вы яе любіце. Паверце, ёй будзе прыемна.

Aureli «П’яны»

Сціплы аповед пра тое, як важна быць на сваім месцы. Мінскі музыка Стас, які зараз жыве ў Варшаве, рэфлексіруе на тэму роднага краю, дома і, канечне ж, горада. Пад спакойны інструментал ён нібы зачытвае нам думкі са свайго нататніка, маючы надзею хутчэй вярнуцца дадому.

Lima Osta «Искренно»

Закрывае наш своеасаблівы хіт-парад Сафія — артыстка са Слоніма, якая брала ўдзел ва ўкраінскім «Голасе» і «Х-фактары», а зараз выпусціла песню з вайбамі поп-музыкі 2010-х. Мінімалістычная аранжыроўка файна дапаўняе тэкст — пра каханне без надрыву і фанабэрыстасці. Сумаваць можна па-рознаму, аднак з гэтай песняй атрымаецца яшчэ і стылёва.

Чытайце яшчэ: З гісторыі музыкі ў БССР: як рок-н-рольны андэграўнд зрабіў прарыў у беларускай музыцы