Жаночы голас, які гучыць у некаторых песнях альбома Лявона Вольскага «Emihranty», належыць Кецеван — беларускай спявачцы з грузінскімі каранямі, якую многія запомнілі па навагоднім мюзікле на тэлеканале Belsat — разам з Кацярынай Ваданосавай і Naka Кецеван выканала пранізлівую песню «Мы вернемся дадому» на музыку паланеза Агінскага. Ва ўсіх творах уздымаецца тэма жыцця ў эміграцыі, магчымасці і жадання вярнуцца на радзіму — пра гэта мы і паразмаўлялі з Кэці.
Кецеван — беларуская спявачка з грузінскімі каранямі
— З чаго пачалася твая эміграцыя? Калі не браць пераезд у Беларусь (з Грузіі Кецеван прыехала, калі ёй было пяць гадоў).
— У маёй эміграцыі складаная гісторыя — з 2020 года я змяніла некалькі краін. Спачатку жыла ў Кіеве — у стане абсалютнага неразумення, што адбываецца. Я нават летніх рэчаў не ўзяла, не здымала пакой — галава працавала зусім не ў той бок. Але ва Украіне ўсё складалася добра, мы нават займаліся рэпетыцыямі спектакля, які ставіў рэжысёр з беларускага СХТ — напалову з беларусамі і ўкраінцамі. Я з першых дзён пачала актыўна ўдзельнічаць у праекце, нават дзесьці выступіла. Час ад часу ўзнікала адчуванне, што вось — я нарэшце прачнулася. Але потым зноў вярталася гэта дзіўнае неразуменне.
Праз некаторы час я пераехала ў Гданьск, бо туды з’ехаў мой малады чалавек. Там мне падабалася размаўляць з морам, але зусім не было чаго рабіць. На шчасце, у Варшаве з’явілася тэатральная рэзідэнцыя, я паехала туды і апынулася сярод сваіх. Маё асяроддзе складалі акцёры — людзі чуллівыя, з тонкай душэўнай арганізацыяй. Калі яны знаходзяцца не дома, яшчэ і не па сваім жаданні, ім цяжка ўдвая. Я ўбачыла, што я не нейкая дурненькая дзяўчына, я проста разгубленая, як і ўсе навокал.
Праз месяц — вайна. Я пачала валанцёрыць на вакзале, паехала ў Пшэмысль, бліжэй да мяжы. Тысячы людзей, разгубленых твараў — гэта быў страшны, хаця і круты досвед. Там я адчула сябе хаця б трошачкі разумеючай рэальнасць. Было пачуццё: я раблю тое, што трэба рабіць. Вельмі стамілася — у першыя месяцы вайны працавалі па 15–16 гадзін у содні.
Прайшло яшчэ колькі часу, я сабрала рэчы і паехала ў Вільню — каб зноў апынуцца немаведама дзе і пачаць усё спачатку (смяецца). У Літве тры месяцы я пражыла ў сяброў, а потым з’ехала валанцёркай на мяжу, бо зноў пачала адчуваць сябе непатрэбнай. Потым адбыўся яшчэ адзін пераезд у Варшаву — у Польшчы прасцей разабрацца з дакументамі.
Як я адчуваю сябе ў эміграцыі? Гэта варушняк, які быццам адбываецца ў іншай рэальнасці, нібы ў сне. Усё вельмі актыўна, але ніколі не ведаеш, што напаткае цябе заўтра. Я люблю сваё жыццё, не ныю, лічу, што ў мяне ўсё класна. Але гэта жыццё сюррэалістычнае.
— Ці бачыш сябе дома? Ёсць жаданне вярнуцца ў Беларусь?
— Сюррэалізм жыцця ў эміграцыі, хутчэй за ўсё, і звязаны з адсутнасцю адчування, што я не вярнуся дадому. Тое, як я існую за мяжой, вельмі дзіўнае — я тусуюся з беларусамі, ствараю беларускую музыку, чытаю беларускія кнігі. Усведамленне, што ты не дома, прыходзіць, калі сутыкаешся з афіцыйнымі справамі. З Віталём Карабанем, беларускім драматургам і рэжысёрам, мы стварылі спектакль «Мазаіка». Віталь запісаў яго з нашых размоваў, я там граю амаль саму сябе.
У спектаклі мы расказваем гісторыі не вельмі прыемнай эміграцыі — у першую чаргу ён арыентаваны на палякаў, каб быў бачны іншы бок нашага жыцця тут. Часам здаецца, што мы тут дурэем, танчым, выпіваем — можна падумаць: «Як вам тут класна!». Іншаземцы не заўсёды ўсведамляюць, адкуль растуць ногі ў гэтых шалёных тусовак. Сваім спектаклем мы звяртаем увагу на шмат такіх пытанняў. Нам дзякуюць за яго як за магчымасць зразумець беларусаў.
Творчасцю мы можам падтрымаць сувязь паміж беларусамі эмігрантамі і беларусамі, якія засталіся на радзіме. Трэба, каб мы разумелі, што адбываецца там, а яны — што адбываецца тут. Нам здаецца, што мы змяніліся, але я разумею — засталіся і застанемся абсалютна такімі ж самымі, якімі былі заўсёды.
«Сюррэалізм жыцця ў эміграцыі звязаны з адсутнасцю адчування, што я не вярнуся дадому»
— Закрануўшы творчасць, звернемся да супрацы з Вольскім і «Эмігрантаў». Як у цябе атрымалася паўдзельнічаць у праекце?
— З Лявонам мы пазнаёміліся выпадкова. Ён шукаў спявачку для жаночых песень у новым альбоме. На першай сустрэчы я спела гэтыя песні — атрымалася, нават пры тым, што я іх яшчэ не ведала: я ўсё гэта класна разумела. Вольскаму спадабалася, і мы вельмі хутка ўсё запісалі.
«Эмігранты» — не проста музыка, гэта вобразы, з якімі я сутыкалася ў жыцці. Мне часта пішуць паведамленні кшталту: «Мая маці мне так тэлефануе!», «Сяброўка кажа, што ёй усё не падабаецца гэтак сама, як гераіні песні». Цешуся, калі творчасць мае водгук.
Аднойчы быў такі выпадак. У песні «Тэлефонныя размовы» адзін персанаж задае другому пытанне: «Ну як там справы, гэтых не забралі?». А ён у адказ: «Не, усё нармальна, вось бяром новы крэдыт». Мне напісалі слухачы: «Што ў нас — толькі такія засталіся? Навошта вы пра такое спяваеце?». Я адказала, што такіх людзей хапае паўсюль. І размоваў таксама хапае — не вельмі прыемных, цяжкіх, з якіх бачна, што людзі звыкліся са сваім становішчам. У мяне таксама ёсць сябры, якія настолькі стаміліся, што прымаюць усю гэтую рэальнасць.
Альбом Вольскага пра тое, што ёсць — у ім няма нічога прыдуманага. Супраца з Лявонам мне вельмі спадабалася — я ўбачыла, якія ў ягонай камандзе паважлівыя адносіны адно да аднаго, гэта такая сапраўдная беларуская інтэлігенцыя! Я з задавальненнем прыходзіла, слухала, пра што яны размаўляюць — нават простыя гутаркі ў іх цікавыя.
— У адной з песень вашай гераіні, якая з’ехала за мяжу, не падабаецца літаральна нічога. Ці ёсць тое, што вас раздражняе ў эміграцыі? Наколькі гэта песня вам блізкая?
— У мяне ёсць момант, звязаны з дактарамі. Я не ведаю, што мне рабіць са сваім здароўем — калі шчыра, я і ў Беларусі не зусім разумела, куды ісці, калі захварэю. Але дома я была прывязана да паліклінікі і ведала: калі штосьці здарыцца, магу выклікаць хуткую. Усё, што тычыцца ежы, крамаў, якія не працуюць па нядзелях, не выклікае хваляванняў, бо ў Беларусі я цаніла іншыя рэчы. Люблю «Нутэлу», таму ў гэтым плане ўсё добра зараз, бо жыву ў краіне, дзе яе шмат (смяецца). На канцэрце ва Уроцлаве гэту песню разам са мной спявалі дзяўчаты з залі — ад пачатку і да апошняга радка, вельмі артыстычна. Гэта было так кайфова!
— Ці не было ў беларусаў, якія засталіся ў Беларусі, пытанняў да гэтай песні кшталту, калі ўсё так дрэнна, дык чаго вы там сядзіце?
— Такое сапраўды было. Я стаўлюся да людзей, якія іх задаюць, як да тых, хто ўвогуле не разумее, што адбываецца. На такія пытанні я нават не адказваю. Калі называеш чалавека сябрам, а ён табе кажа: «Дык прыязджай!», які ён сябар? Значыць, чалавек нічога не разумее і, напэўна, жадае, каб мяне пасадзілі.
«Веру, што будуць чэргі на мяжы — з песнямі, са сцягамі»
— І наадварот: што наконт беларусаў, якія прыжыліся за мяжой, спрабуюць уладкаваць там жыццё і не збіраюцца вяртацца дадому?
— Я маю шмат сяброў, якія пераехалі з дзецьмі. У гэтым пытанні я іх добра разумею, таму што яны турбуюцца пра жыццё і лёс сваіх нашчадкаў. Я працягваю верыць, што ў нас будуць перамены — ведаю, што гэта проста доўгая гульня. Зараз у свеце адбываецца трындзец, і наша гісторыя — частка гэтага трындзеца, хутка яна не зменіцца. Калі ўсё атрымаецца і мы паедзем дадому, патрэбны будзе час — наладзіць усе працэсы. Для маленькіх дзяцей гэта зусім не проста.
Вельмі цешуся, калі людзі кажуць, што ім хочацца вярнуцца — такіх размоваў паміж намі адбываецца шмат. Веру, што будуць чэргі на мяжы — з песнямі, са сцягамі.
Заўважыла цікавы момант: дзеці, дзе б яны не выраслі, будуць цягнуцца на радзіму. Вось я, грузінка, якая вырасла ў Беларусі, заўсёды цікавілася сваёй культурай і мовай, мела жаданне прыязджаць у Грузію. Ёсць пэўныя прычыны, чаму зараз я не хачу там жыць. Але заўсёды маю жаданне прыехаць і адчуць моц сваёй краіны — для мяне гэта месца сілы. Тое ж самае, думаю, будзе з беларускімі дзецьмі, якіх зараз шмат у Польшчы. Яны на сто адсоткаў захочуць прыехаць і прыедуць, дай божа, на зямлю, дзе можна будзе штосьці рабіць ужо з досведам новага жыцця — дэмакратычнага і вольнага.
— Што можна рабіць за мяжой, каб захаваць сваю культуру, не страціць беларускае?
— Насамрэч зараз гэта проста: ведаю, што людзі навучаюць штучны інтэлект беларускай гісторыі, мове. Мова — вельмі важны момант. Калі я чую ў Варшаве беларускую, адразу думаю: «Усё нармальна ідзе!». На нашы канцэрты збіраюцца клёвыя людзі — заўсёды атрымліваецца ўтульна, людзі спяваюць разам, абдымаюцца. Трэба бачыцца са сваімі, падтрымліваць сваё, больш чытаць па-беларуску, ствараць новыя праекты. Калі пішу песні, разумею, што яны не вызваляць палітзняволеных, але працягнуць гісторыю нашай краіны. Гэта маленькія крокі, але іх варта рабіць. Трэба вучыць дзяцей, каб яны ведалі сваю мову, былі яе носьбітамі.
Мова — гэта тое, што дазваляе спазнаваць сваіх, калі жывеш у іншай краіне. Сустракаючы грузінаў, заўсёды вітаюся з імі па-грузінску. У гэты момант адразу такія шчаслівыя твары да мяне паварочваюцца! Калі мы будзем сустракаць свайго з воклічам «о, беларус!» і нам захочацца з ім абдымацца, гэта будзе азначаць, што мы працягваем нашу гісторыю.
— Над якімі праектамі ты зараз працуеш? Якія планы на будучыню?
— Нядаўна выйшаў рэліз песні «Дачка сонца» — атрымалася класна. Будзем рыхтаваць альбом, над якім працуем ужо вельмі даўно. Там ёсць сацыяльныя тэмы — пра вольнасць жыцця і яго зняволенасць. У альбоме будзе пра любоў. Увогуле музыка і мастацтва для мяне — цалкам пра любоў. Ёсць простыя, але крутыя песні пра закаханасць, напісаныя добрай сучаснай беларускай мовай, некалькі з іх — на вершы беларускай паэткі Дашы Бялькевіч. Калі падлеткі слухаюць гэтыя песні, вельмі здзіўляюцца, што такія словы існуюць у беларускай мове. У мяне ёсць некалькі монаспектакляў, якія буду перакладаць на беларускую. Працуем, ствараем, робім.
Таццяна Краўчанка, budzma.org
Фота з асабістага архіву Кецеван