Капусны суп на вэнджаных рэбрах — лепшы паратунак ад холаду і голаду. Гатуем разам з «Будзьма»

Не сакрэт, што ўзімку бывае трэба добры і сытны сняданак ці абед, каб набрацца сіл і наталіць голад. Капусны суп на рэбрах — добры варыянт, каб пабалаваць сябе і сваіх родных пасля святочных калядных імпрэзаў.


Суп з гісторыяй у тысячу год

Першыя ўзгадкі аб гэтай страве з’явіліся яшчэ ў XVI стагоддзі, некаторыя даследчыкі мяркуюць, што капусны суп пачалі гатаваць яшчэ ў IX стагоддзі, гэты папулярны суп тады ўяўляў сабою проста вараную капусту. За тысячагадовую гісторыю гатавання гэтага супу рэцэптура моцна змянілася толькі ў XIX стагоддзі, калі сталі даступнымі спецыі. Таксама знікла мучная запраўка супу.

Капуста была вельмі папулярным прадуктам, яе варылі, тушылі, смажылі, узімку нават качан замёрзлай капусты бралі з сабой у падарожжа, каб прыпыніўшыся нешта з яе згатаваць. Гэты прадукт ужываўся паўсядзённа і паўсюдна ўсімі пластамі насельніцтва: ад селяніна да шляхты. Стравы маглі адрознівацца кампанентамі, маглі быць з мясам ці без яго, капусту можна было ўжываць падчас посту. Капусны суп лічыўся густой пахлёбкай, якая доўга варылася, у той час, калі іншыя супы маглі проста залівацца квасам ці вадой.

Капусны суп на рэбрах лічыўся страваю шляхты, сяляне не маглі дазволіць сабе ўжываць штодня мяса, тым больш захоўваць яго было вялікай праблемай, каб мяса захоўвалася даўжэй яго маглі саліць, сушыць ці вэндзіць. Капусны суп з вэнджанамі рэбрамі доўга не псаваўся і яго можна было есці некалькі дзён.

Рэцэпт капуснага супу на рэбрах

Нам спатрэбіцца:

Вэнджаныя рэбры 500 грам 3 літры вады
Сталовая лыжка солі
30 гарошкаў перцу
5 лаўровых лістоў
20 гарошынаў каляндры
Качан капусты ў 500 грам
Цыбуля — 100 гра
Морква — 200 грам
150 грам сала
50 грам часнаку
Лыжка мёду
250 грам кіслай капусты
250 грам бульбы
Хлеб чорны, па лусце да кожнай порцыі
Лыжка смятаны
Зеляніна

Пласцінку рэбраў трэба парэзаць і зварыць на іх булён. Дадаць солі, перцу, лаўровыя лісты і каляндру. Варыцца булён гадзіну. За гэты час трэба падрыхтаваць запраўку да супу. Трэба ўзяць качан капусты і нарубіць яго, парэзаць цыбуліну, натаркаваць моркву. Усе прадукты абсмажыць, раней смажылі на сале, яно дадае запраўцы адмысловы смак і крышку солі. Абсмажыўшы 10 хвілін, дадаем у запраўку кубак вады і тушым 40 хвілін.

За гэты час варта зрабіць да рэбраў марынад. Так-так, мы іх дастанем з супу і будзем запякаць і падаваць асобна. Для марынаду нам спатрэбіцца часнок, соль, сумесь перцаў, лыжка мёду і лыжка гарачага булёну, каб можна было перамяшаць запраўку. У гэты час дадаем да тушанай запраўкі кіслую капусту і тушым яшчэ 10 хвілін.

Пакуль запраўка тушыцца — зоймемся рэбрамі, дастаем іх з булёну, і калі яны астыгнуць — націраем марынадам. Потым ставім іх запякацца да 30 хвілін.

За гэты час бярэм пару бульбін і рэжам іх кубікамі, кідаем у булён, затым дадаем нашую запраўку ў суп і варым 40 хвілін. Падаваць такі суп варта са смятанай, а ў прыкуску — хлеб з салам і часнаком. Другой стравай стануць ужо запечаныя духмяныя рэбры.

Смачна есці!

АМ, budzma.org