За апошнія два з паловай гады шмат беларусаў і беларусак па зразумелых прычынах пераехалі ў Вільню. Па дадзеных дэпартамента міграцыі Літвы, у краіне зарэгістраваныя 48 804 грамадзяніна Беларусі. Пра тое, як не згубіцца ў літоўскай сталіцы, дзе бескаштоўна навучаюць літоўскай, і да каго звярнуцца, калі ёсць юрыдычныя пытанні, распавядаем у адмысловым гайдзе.
Беларускія пляцоўкі і ініцыятывы
Цэнтр беларускай супольнасці і культуры
Прастора ў самым сэрцы Вільні, якая аб’ядноўвае пад сваім дахам розныя беларускія арганізацыі. У цэнтры ладзяцца выставы, імпрэзы, лекцыі, сустрэчы з беларускімі дзеячамі. Большасць з іх адбываюцца на базе Віленскага беларускага музея імя Івана Луцкевіча. Пры гэтым, на рэгулярнай аснове дзейнічае «суботняя школка» для дзетак. Дзеці вучацца беларускай, літоўскай і ангельскай мовам, тэатральнаму майстэрству і нават робататэхніцы.
Цэнтр беларускай супольнасці і культуры. Крыніца: budzma.org
Таксама музей Луцкевіча мае салідную бібліятэку беларускіх кніг. Калі запішацеся — атрымаеце цудоўную магчымасць чытаць як класіку беларускай літаратуры, так і сучасныя творы.
Адрас: Vilniaus g.20
Яшчэ адна беларуская прастора, дзе рэгулярна ладзяцца самыя розныя імпрэзы. У працоўныя дні прастора запрашае наведнікаў у бескаштоўны каворкінг: ва ўтульнай атмасферы вы можаце папрацаваць са сваім ноўтбукам, бескаштоўна папіць гарбаты і пачаставацца печывам.
Зал у прасторы. Крыніца: createculture.space
Па вечарах і па выходных у прасторы адбываюцца самыя розныя імпрэзы: ад лекцый па сексуальнай асвеце да традыцыйных народных канцэртаў.
Калі вы хочаце правесці ўласнае мерапрыемства, можаце звярнуцца ў CreateCulture — супрацоўнікі не толькі дадуць прастору, але і дапамогуць з арганізацыяй.
Адрас: Karmelitų g. 5, Vilnius, Lithuania
Гэта ўтульнае і атмасфернае памяшканне ў гістарычным цэнтры Вільні. Тут можна зладзіць навучальны семінар, творчы ўоркшоп (да 30 удзельнікаў), атрымаць кансультацыю аб праекце ці арганізацыйным развіцці вашай ініцыятывы.
Таксама ў «Гасцёўні» можна ўзяць у бескаштоўную арэнду светлавое і гукавое абсталяванне для сваёй імпрэзы.
Карыстанне памяшканнем бясплатнае, але неабходна папярэдне зарэгістравацца праз форму на сайце.
Актыўным Быць Файна
Арганізацыя, якая ўзнікла яшчэ ў Беларусі, а зараз распаўсюдзіла свой уплыў на Літву, Польшчу і нават Сакартвэла.
Крыніца: abfby.org
АБФ ладзяць нефармальныя гурткі для беларусаў і беларусак. Добрая навіна не толькі ў тым, што гурткі бескаштоўныя, але і ў тым, што да амаль любога з іх можна далучыцца проста зараз, і перастаць наведваць гурткі, калі не спадабаецца: то-бок далучыўшыся да гуртка, вы не прывязваецеся да канкрэтнага месца і часу на доўгі час наперад.
Гурткі разнастайныя: беларускі размоўны клуб, сексуальная адукацыя, народныя спевы, і гэтак далей.
Акрамя таго, у АБФ ёсць таксама гурткі для дзяцей, дзе беларускія дзеткі могуць займацца ў тэатральнай студыі, абмяркоўваць мультфільмы і вучыцца гатаваць ежу.
Адрас: Teatro g.3 і Pylimo 6
Арганізацыя, якая ладзіць разнастайныя гурткі для дзяцей і дарослых, а таксама аказвае псіхалагічную дапамогу і праводзяць юрыдычныя кансультацыі.
Прастора арганізацыі Razam. Крыніца: t.me/razamnews
Сярод гурткоў для дарослых заняткі па ёзе, тэатральная школа, літоўская і ангельская мовы, акадэмічны малюнак. Для дзяцей — тэатральная школа і падлеткавы тэатральны курс.
Таксама вы можаце звярнуцца ў арганізацыю па юрыдычную кансультацыю і індывідуальную псіхалагічную дапамогу.
Адрас: Vilniaus g. 16
Калі вы маеце якія-кольвек пытанні міграцыі і легалізацыі — вы можаце звярнуцца да НКА Дапамога.
Будынак, дзе месціцца арганізацыя Дапамога . Крыніца: instagram.com
Арганізацыя дапамагае рэпресаваным беларусам, прапануючы ім двухтыднёвае пражыванне ў шэлтары, прадуктовы набор, псіхолага, ментара і інструкцыі, расказвае, як хутка адаптавацца ў Літве і працягнуць узаемадзейнічаць з іншымі, развіваючы навыкі пабудовы моцнай грамадзянскай супольнасці ў Беларусі будучыні.
Акрамя таго ў Дапамозе рэгулярна адбываюцца заняткі па літоўскай і беларускай мовах, а таксама заняткі па ёзе і самааброне.
Таксама арганізацыя перыядычна ладзіць сустрэчы з вядомымі актывістамі беларускага дэмакратычнага руху.
Папярэджваем: калі вы ні разу не былі ў офісе Дапамогі, знайсці месцазнаходжанне без мапы будзе складана. Перад тым, як выпраўляцца на пошукі — паглядзіце маршрут на гугл-мапах.
Адрас: Naujoji Riovonių g. 10
Бізнэс-прастора з печывам, кавай і прыемным інтэр’ерам. Грамадзянам Беларусі і Украіны Imaguru прапануе далучыцца да прасторы бескаштоўна на тры месяцы. Дзякуючы такой магчымасці, ваша ініцыятыва можа не толькі знайсці памяшканне з печывам і гарбатай, але і доступ да разнастайных акселератараў, магчымасць пітчынгу розным кампаніям і мерапрыемствы па нэтворкінгу.
Прастора Imaguru. Крыніца: 15min.lt
Таксама ў Imaguru магчыма правесці сваё мерапрыемства, воркшопы, ці сустрэчу з патэнцыйнымі партнёрамі. З расцэнкамі і ўмовамі можна азнаёміцца на сайце.
Адрас: Vytenio g.18, 5 паверх.
Адукацыя
Віленская гімназія імя Францішка Скарыны — гэта літоўская дзяржаўная ўстанова адукацыі з беларускай мовай навучання. Школьнікі засвойваюць усю стандартную праграму, у тым ліку, літоўскую мову.
Гімназія імя Францішка Скарыны. Крыніца: krastozinios.lt
Пры гімназіі дзейнічаюць падрыхтоўчая і дашкольная групы.
Вы можаце падаць заяўку на прыём дзіцяці, калі жывяце на тэрыторыі Віленскага самакіравання. Дакладны раён ці вуліца не маюць значэння. Таксама, як і мова, на якой вы размаўляеце ў хаце: шмат хто з вучняў прыходзіць у першы клас зусім не валодаючы беларускай мовай.
Зарэгістраваць заяву на навучанне можна з 1 па 31 сакавіка.
Адрас: Sietyno g. 21
Кавярні і рэстарацыі
Бар «Пагоня», што знаходзіцца на Gedimino pr. 27, хоць і арыентуецца на беларускую аўдыторыю, аднак уладальнік установы — літовец. Бар знаходзіцца ў цэнтры горада, таму карыстаецца папулярнасцю сярод беларусаў, хаця ані шырокім асартыментам напіткаў, ані разнастайнымі закускамі пахваліцца не можа.
Бар Пагоня. Крыніца: facebook.com
Karčma 1863 — рэстарацыя з традыцыйнай беларускай кухняй, якая нядаўна з’явілася ў Вільні. Пакуль чакаеце замоўленыя дранікі, зможаце пачытаць беларускія кніжкі і нават пагуляць у настольныя гульні — усё гэта ёсць у рэстарацыі. Што цікава, Карчма знаходзіцца зусім побач з беларускім Еўрапейскім Гуманітарным універсітэтам — па адрасу Bokšto g. 2. Таму маеце шанец сустрэцца з выкладчыкамі і выкладчыцамі ЕГУ.
Карчма 1863. Крыніца: facebook.com
Сувеніры і традыцыйная сімволіка
Сувенірная крама А2.print знаходзіцца побач з кафедральнай плошчай — на Pilies g.6. У краме вы знойдзеце і вопратку з беларускімі ўзорамі, і рознага кшталту сувеніры, і нават кнігі на беларускай мове. Акрамя таго, А2.print адпраўляюць сувеніры па ўсім свеце, таму вы можаце зрабіць замову, нават калі знаходзіцеся па-за Вільняй.
Сувенірная крама А2.print. Крыніца: budzma.org
Д.Г., budzma.org
Чытайце яшчэ: Паўліна Вітушчанка пра беларускую адукацыю ў Вільні, музейныя планы і нечаканае пераасэнсаванне Вільні для многіх беларусаў.