«О Жыгімонт...
Ты помніш Геранёны
і да цябе найпершае «люблю»?!»
Пад словы Барбары Радзівіл з п’есы Раісы Баравіковай мы ўязджалі ў Геранёны, піша Людміла Рублеўская для «Звязды». Таямнічая, сівой даўніны мясціна, дзе пачалася самая вядомая гісторыя кахання ў беларускай гісторыі. Нездарма на гербе Геранёнаў — прабітае стралой сэрца...
Візіт да маладой удавы
1543 год. Каралевіч Жыгімонт Аўгуст прыехаў праінспектаваць магутны замак, які пасля смерці апошняга з Гаштольдаў, Станіслава, застаўся ягонай маладой удаве Барбары Радзівіл, і вырашыць лёс спадчыны згаслага роду.
Вядома, гэты кавалак маёмасці быў прывабны і для каралевы Боны, маці Жыгімонта Аўгуста, дый шмат яшчэ для каго. Многія лічылі, што Барбара не мае ніякага права на Геранёны — жонкай была кепскай, бяздзетнай і нявернай. Жаніўся на ёй Станіслаў Гаштольд па прымусе — адмовіўся ад шлюбу з яе старэйшай сястрой Ганнай з-за брудных плётак, якія пра тую хадзілі, а каб не сварыцца з Радзівіламі, мусіў пайсці да алтара з яе юнай сястрой, пра якую не мог сказаць нічога кепскага...
Вяселле было пышным, ехалі ў магутны замак, збудаваны бацькам жаніха Альбрэхтам Гаштольдам, вазы з пасагам — «парчовымі шатамі і гарнастаем, залатымі чапцамі, берэтам чырвоным аксамітным з золатам венецкай работы, шапкаю вялікай папелятай з сабалямі» ды шмат чаго іншага... У два «скарбныя вазы» было запрэжана па шэсць сівых коней, была і «кабылка» — карэта са спецыяльнай падвескай, з пазалотай і падушкамі...
Сёння наўрад ці нават тая «кабылка» праехала б да замка, бо нават дайсці няпроста. Тым больш мы, не ведаючы дарогі, пакрочылі туды ад мясцовага Дома культуры з бадзёрай мазаікай, на якой вытанцоўваюць маладзёны, а адна дзяўчына нагнулася, каб пераабуць туфлікі...
Сумняваюся, што аўтар мазаікі натхняўся вобразам Барбары Радзівіл — але чамусь уяўляю менавіта яе...
Пагорак спрэс зарос хмызнякамі, ды яшчэ захаваліся рэшткі абарончага рова. Геранёнскі замак, Murata Gyeranony, як называюць яго ў дакументах 1510–1523 гг., стаяў на штучным востраве, утвораным з зямлі з гэтых равоў. Перад імі быў земляны вал вышынёй 9-10 м, шырынёй каля 15 м і даўжынёй па перыметры больш за 700 м. Так што нам перапала трошкі экстрыму, пакуль дабраліся да вяршыні.
Пасля мы даведаемся, што ёсць іншая сцежка — таксама пакручастая, з выгод — толькі прымацаваная на калах жэрдачка... Затое ўнізе — шыльда з выявай колішняга замка і тэкстам пра яго.
Статут, Скарына, паляванне...
Альбрэхт Гаштольд у 1530-м атрымаў ад імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Карла V тытул графа «з Мураваных Геранён». Недарэмна замак узводзіўся! Праславіўся ж Альбрэхт яшчэ як скнара ды звяглівец. Гэта ён дадаў масла ў варажнечу паміж Гаштольдамі і Радзівіламі, калі пасварыўся са сваім сябрам юнацтва Мікалаем Радзівілам. Менавіта Альбрэхту дасталася слава аўтара першага Статута Вялікага Княства Літоўскага... Праўда, гісторыкі кажуць, Статут быў ужо распрацаваны Мікалаем Радзівілам, і пасля смерці таго паперы дасталіся Альбрэхту — разам з пасадамі канцлера і ваяводы віленскага... А Гаштольд яшчэ і адмыслова зацягваў «здачу праекта», мо каб перарабіць на свой капыл, а мо таму што работа надта добра аплачвалася з казны.
Альбрэхт апекаваўся Францыскам Скарынам, далучаў яго да сваіх праектаў... Так што беларускі першадрукар, хутчэй за ўсё, бываў тут, у Геранёнах. А яшчэ Гаштольд выступаў супраць уніі з Польшчай, да апошняга адстойваў незалежнасць Вялікага Княства... Як пісалі сучаснікі, «Горды магнат з бязмернымі амбіцыямі быў шчыра прывязаны да свайго краю і не даў скарыстаць сябе як сродак чужым краінам».
Засталося ад ягонага замка няшмат.. Падымаючыся, спатыкаешся аб камяні і цэглу, што сведчаць аб колішняй наяўнасці муроў. Сёння ад іх — маленькі абгрызак, ахілены ненадзейным драўляным навесам. Затое з камянёў, расцяганых з замкавых руін, збудаваны не адзін дом у акрузе.
Аглядаемся... Можна пазнаць, дзе стаялі сцены, здагадацца, дзе знаходзіліся чатыры кутнія вежы, кожная дыяметрам у восем метраў... А ці не тут стаяла брама, падымаўся мост і быў зладжаны ўпершыню ў Беларусі бастыён?
А вось палац пад абаронай магутных муроў стаяў у двары драўляны, двухпавярховы. Там і бавіла час Барбара Радзівіл... Кароль закахаўся з першага погляду. Можна ўявіць, як гожая ўдава водзіць каралевіча па доўгіх калідорах і замкавых сценах, паказваючы свае ўладанні, як яны сядзяць разам за ўрачыстым сталом, абменьваючыся паглядамі, як няўзнак датыкаецца рука да рукі... Будучы кароль — а ён, дарэчы, тады быў жанаты з нямецкай прынцэсай, дужа хворай ды брыдкай, — затрымаўся тут на некалькі тыдняў. Казаў — дзеля палявання ў тутэйшай пушчы... А праз некалькі гадоў, аўдавеўшы, насуперак усяму — уладнай маці, волі паноў-братоў, якія катэгарычна не хацелі бачыць на польскім троне ліцвінку, звычаям, плёткам — Жыгімонт Аўгуст ажаніўся з каханай. Вяселле было не тут — у Вільні, патаемна... А тут, у Геранёнах, вянчалася Бабрара з першым мужам, Станіславам Гаштольдам.
Вось і храм, дзе тое вянчанне адбылося. Касцёл Святога Мікалая, калісь узведзены тым жа Альбрэхтам Гаштольдам. Вядома, перабудаваны, і не раз, але тут ёсць камяні, якія памятаюць хаду красуні Барбары... Магутныя сцены, пафарбаваныя ў светла-жоўтае... Звяртаюць увагу дзве дэталі: на каваных варотах — мальтыйскі крыж, у сцяне — срэбная дошка як знак таго, што тут пахаваны граф Оскар Корвін-Мілеўскі, памерлы ў 1906 годзе, фундатар капліцы.
Уладальнікі герба «Слепаўрон»
Так, пасля смерці Барбары Геранёны і ваколіцы належалі кароне. Потым тут уладарылі Сапегі, Кішкі, Пацы... У сярэдзіне XVІІ стагоддзя, падчас Паўночнай вайны, замак пачаў разбурацца. У 1708 годзе тут паспеў пабываць яшчэ адзін кароль, няўдачлівы Станіслаў Ляшчынскі, а потым — заняпад... Калі Напалеон Орда замалёўваў гэтыя руіны, яны выглядалі амаль так, як і цяпер.
Як і ў той час, калі Геранёны перайшлі ва ўладанне Корвін-Мілеўскіх.
Дзіўны быў род... Прыдомак «Корвін», герб «Слепаўрон», як у венгерскіх каралёў — крумкач трымае ў дзюбе пярсцёнак. Хоць не эксклюзіў, я знайшла некалькі прозвішчаў нашай шляхты з такімі прыдомкам і гербам... Надта ганарова гучала. Корвіны — нібыта ж ад рымскіх арыстакратаў!
Геранёны дасталіся Оскару Корвін-Мілеўскаму ў пасаг ад жонкі, Веранікі Воўк-Ланеўскай. Менавіта гэты Оскар і пахаваны ў Геранёнскім касцёле.
І тут пачынаецца яшчэ адна вельмі вядомая, але трагікамічная, гісторыя кахання, звязаная з Геранёнамі.
А каб падабраць для яе адпаведныя дэкарацыі, мы адпраўляемся да маёнтка Корвін-Мілеўскіх, які знаходзіцца непадалёк. Ад яго таксама мала што засталося. Брама, якая вядзе ў закінуты парк з рэдкімі пародамі дрэў, некалькі гаспадарчых пабудоў... Затое згаданая брама на фоне накрытага туманам парку выглядае дужа гатычна.
У Оскара і Веранікі было два сыны, Ігнацый Караль і Іпаліт. Залатая моладзь... Вучыліся ў Парыжы. Іпаліт быў схільны да палітыкі, а Ігнацый — да мастацтваў. Парыж, Салоны, Манмартр, зараджэнне імпрэсіянізму... Карацей, Ігнацый вырашыў, што мусіць быць мастаком!
Бацька, натуральна, абурыўся: маёнткі вялізныя, мануфактуры, фабрыкі... Гаспадарыць трэба вучыцца! Але Ігнацый адправіўся вучыцца маляванню ў Мюнхен... Маляваў старанна, нават у парыжскім Салоне выстаўляўся... Але вялікага мастака з Ігнацыя ўсё-ткі не выйшла, расчараваўся.
Між тым, бацькі аддалі Іпаліту Лугамовічы і Лаздуны, а маёнтак у Геранёнах — Ігнацыю. І той зрабіўся мецэнатам — скупляў карціны, аддаючы перавагу сучаснаму польскаму мастацтву. Калекцыя ўтварылася багатая! Менавіта ў яго захоўвалася палатно Матэйкі — партрэт Яна Станчыка. Знакаміты блазан польскіх каралёў, які ведаў і Жыгімонта Аўгуста, і Барбару, паказаны схаваным ад тлуму, у журбе...
Бачым на ўзгорку аднапавярховую доўгую будыніну... Адрына? Стайня?
Ігнацый загадаў збудаваць побач са сваім домам у Геранёнах карцінную галерэю для сваёй калекцыі. Дом не захаваўся, але паводле некаторых крыніц карцінная галерэя — гэта і ёсць той будынак, і, магчыма, тут захоўваўся «Станчык»!
У карціны, дарэчы, дзіўны лёс... Калі Ігнацый Караль у старасці распрадаваў свае калекцыі, партрэт Станчыка выкупіў Генрык Сенкевіч, знакаміты польскі пісьменнік, аўтар «Крыжаносцаў». Але падчас Другой сусветнай вайны, калі бамбілі Варшаву, карціна загінула.
Граф дапамагаў мастакам-суайчыннікам, плаціў стыпендыі... Але ж ясна, магнат ёсць магнат. Аднойчы ўбачыў карціну Панкевіча «Кветкавы базар»... І загадаў: каб аўтар намаляваў такую самую карціну, але каб неба было на 40 сантыметраў больш, а слядоў пэндзля не заўважалася.
Ну што ж, у каго грошы, той і харошы... Панкевіч намаляваў — гладзенька і з «пашыранымі» нябёсамі.
Мальтыйскі рыцар, «Літва» і Цэцылія
А Ігнацый Караль далей спраўджваў свае амбіцыі... Як і Альбрэхт Гаштольд, ранейшы ўладальнік Геранёнаў, вырашыў здабыць графскі тытул. Замка, вядома, прад’явіць не было магчымасці — адны камяні... Але грошай нямерана! Ігнацый адпраўляецца ў Рым і на матчын пасаг купляе ў Ватыкане графскі тытул — для сябе, свайго бацькі і нават для брата-палітыка, якога не дужа любіў. Новаспечаны граф мусіў тады ўступіць у Мальтыйскі ордэн, то-бок стаць мальтыйскім рыцарам. Дык вось адкуль крыжы на варотах каля касцёла Святога Мікалая! Граф і рыцар спяшаўся ўвекавечыць свой статус.
Вядома, трэба было думаць пра нашчадкаў... Не ведаю, ці сваёй воляй, ці пад прымусам радні Ігнацый ажаніўся з багатай удавой Янінай Оструг-Садоўскай. Вось толькі шлюб аказаўся бяздзетным, праз некалькі гадоў у Ватыкане яго аб’явілі несапраўдным. Пры гэтым граф лічыўся донжуанам...
А яшчэ ў графа Корвін-Мілеўскага з’явілася яхта, якую ён назваў «Літва». На гэтай яхце здзейсніў не адно падарожжа, і нават напісаў пра сваё знаходжанне ў Салавецкім манастыры кнігу — ну як кнігу, падарожныя нататкі, якія пад назвай «Дваццаць тры дні ў Ледавітым акіяне і Белым моры» былі выдадзеныя і на французскай мове ў Парыжы, і на рускай.
А яшчэ выкупіў сабе востраў у Адрыятычным моры — Святой Катарыны. Быў там у графа палац... Знайшлося і вялікае каханне — да маладой гожай натуршчыцы Цэцылыі... Была дзяўчына замужняя, але не ганарыстая. Муж, малады мастак Уладзімірскі, тут жа саступіў дарогу багатаму кліенту. Корвін-Мілеўскі абдорвае пані каштоўнасцямі, гатовы аплаціць развод... Праўда, сваёй рэпутацыі таксама шкадавата, так што стаць графіняй Корвін-Мілеўскай красуні «не свеціць».
Выстрал на вакзале
А пані Уладзімірская між тым за вочы смяецца з састарэлага кавалера... А калі дзе з ім з’яўляецца, прадстаўляе яго як... свайго бацьку. Знаходзіць маладога палюбоўніка — нейкага Эмануэля Барбера. І ўрэшце на пару з ім вырашае выцягнуць з графа пабольш грошай — праз стары добры шлях шантажу. Барбер аб’яўляе графу, што мае перапіску графа з каханкай, якая пагражае кампрамацыяй. Заламіў цану...
Але Корвін-Мілеўскі — зусім не баранчык. І 29 чэрвеня 1904 года на Паўночным вакзале ў Вене, дзе бакі мусілі сустрэцца для здзелкі, граф Корвін-Мілеўскі дастае пісталет... Барбер паспрабаваў уцячы, але атрымаў кулю, на шчасце, не смяротную.
Скандал на ўсю Еўропу... Газеты паласкалі падзею, публікавалі малюнкі — вось граф, вусаты, барадаты, страляе ў спалоханага маладзёна, вось той маладзён, пухлы, з жаласнымі прайдзісвецкімі вачыма, забінтаваны, у ложку...
Пані Уладзімірская і Барбер падалі на Корвін-Мілеўскага ў суд... Але ж граф з Гамбургамі сябраваў, каву з імі піў!
Суд тут жа знаходзіць прыкметы злачынства... з боку Цэцыліі і Барбера. Яны ж яго страшэнна абразілі! Заявілі, што граф ён сумніўны, чалавек непрыстойны, і да таго ж — увага! — спіць у труне.
Корвіны — яны ж такія, яны ж вампіры!
Цэцылія і Барбер зразумелі, што будуць бітыя, тут жа адклікалі сваю позву, абвінавацілі ва ўсім свайго адваката і зніклі.
А Корвін-Мілеўскага чакалі наперадзе Першая сусветная вайна, рэвалюцыя, страта маёмасці...
Ён памёр у 1926 годзе ў Вільні. Востраў Святой Катарыны сёння — харвацкі курорт... Дзе наўрад ведаюць пра Геранёны, якія так любіў уладальнік гэтага вострава.
Адна з адметнасцяў Геранёнаў, каля якой усе фатаграфуюцца — назва колішняга магдэбургскага мястэчка з аб’ёмных зялёных літар... Але мне больш запомнілася іншае. Рэшткі муроў Геранёнскага замка на ўзгорку, магутныя сцены касцёла Святога Мікалая, мальтыйскія крыжы на варотах, белая брама ў спавітым туманам цёмным парку... Сюды варта прыехаць.
Людміла Рублеўская, «Звязда»