Германскае брацтва Святой Марыі. Гісторыя Тэўтонскага ордэна

Тэўтонскі ордэн, самы страшны вораг вялікіх князёў літоўскіх Гедыміна, Альгерда і Вітаўта, у барацьбе з якім яны правялі большую частку жыцця. Што нам вядома пра яго, акрамя ўсяго вышэйсказанага? Аказваецца, не так ужо і шмат.


Дзе і калі быў заснаваны тэўтонскі ордэн, як паўстала ордэнская дзяржава, у чым сакрэт яе поспеху і што стала прычынай паразы, піша Ілля Дняпроўскі.

Рыцары ў атацы.jpg
Атака рыцараў. Крыніца: chrontime.com

Нараджэнне Тэўтонскага ордэна

Гісторыя Тэўтонскага ордэна пачалася ў 1189 годзе, калі германскі імператар Фрыдрых Барбароса са сваім войскам прыняў удзел у Трэцім крыжовым паходзе. У канцы жніўня 1189 года войска германскага імператара аблажыла сірыйскую крэпасць Акра — старажытны горад, заснаваны прыблізна ў сярэдзіне II тысячагоддзя да нашай эры. У перыяд аблогі нямецкія купцы з Любека і Брэмена арганізавалі палявы шпіталь для параненых крыжакоў. Кароль Іерусаліма Гі дэ Лузіньян падпісаў хартыю, па якой шпіталю было дадзена права арганізаваць шпіталь-прытулак у Акры, пасля таго як горад будзе ўзяты. Папа Рымскі Клемент III сваёй булай ад 6 лютага 1191 года абвясціў шпіталь як «Германскае брацтва царквы Св. Марыі Іерусалімскай». 12 ліпеня 1191 года пасля амаль двухгадовай аблогі Акра была ўзятая, і палявы шпіталь перабраўся ў горад, існуючы ўжо на правах шпітальнага манастыра. Становішча вызваліцеляў Труны Гасподняй на Блізкім Усходзе заўсёды было няўстойлівым. Менавіта таму ваенныя функцыі ўскладаліся ў тым ліку і на шпітальныя кляштары. У 1193 годзе ўсё той жа Гі дэ Лузіньян ускладае на шпіталь абавязак аховы і абароны аднаго з умацаванняў Акры ў выпадку варожага нападу.

5 сакавіка 1198 г. у храме Акры адбылася цырымонія рэарганізацыі шпіталя ў духоўны ордэн. У канцы таго ж года Папа Рымскі Цэлестын выдае булу, якой прызнаецца існаванне манаскага Ордэна Святой Марыі Нямецкай Іерусалімскай. Канчаткова пераўтварэнне шпіталя ў вайскова-манаскі ордэн завяршаецца ў 1199 годзе. Задачамі ордэна абвяшчаюцца: абарона нямецкіх рыцараў; лячэнне параненых і хворых крыжакоў; барацьба з ворагамі Каталіцкай царквы. Дэвіз ордэна: «Дапамагаць — Абараняць — Вылечваць».

З лекараў у воі

З гэтага моманту ордэн вельмі хутка абзаводзіцца ўласным рэгулярным войскам, і вайсковыя функцыі ў яго дзейнасці становяцца асноўнымі. Членства ў Ордэне, які ўяўляе сабой ваенна-рэлігійную супольнасць, становіцца надзвычай прэстыжным сярод еўрапейскіх феадалаў. Тэўтонскі ордэн, братамі якога павінны былі быць рыцары нямецкай крыві, што, праўда, не заўсёды выконвалася, вельмі хутка набраў сілу, устаўшы ў адзін шэраг са створанымі раней ордэнамі тампліераў і гаспітальераў. Статуты Ордэна падзялілі чальцоў на два класы: рыцараў і святароў, якія былі абавязаны прыняць тры манаскія зарокі — беднасці, бясшлюбнасці і паслухмянства, а таксама абяцаць дапамагаць хворым і змагацца з нявернікамі. У адрозненне ад рыцараў, якія спачатку павінны былі даказаць сваё высакароднае паходжанне, святары вызваляліся ад гэтага абавязку. Іх функцыя складалася ў адпраўленні рэлігійных службаў, прычашчэнні рыцараў і хворых у лякарнях і ўдзеле ў войнах у якасці медыкаў. Рыцары жылі разам, спалі ў спальнях на простых ложках, елі разам у сталовай, мелі абмежаваную суму грошай. Яны штодня працавалі, навучаючыся для бітвы, сачылі за сваім рыштункам і працавалі з коньмі.

Айцец ордэнскай дзяржавы

Чацвёрты гросмайстар Тэўтонскага ордэна Герман фон Зальца быў чалавекам з незвычайным аналітычным розумам і стратэгічным бачаннем. За некалькі дзесяцігоддзяў да канчатковага краху дзяржавы крыжакоў на Блізкім Усходзе ён зразумеў, што будучыні ў Тэўтонскага ордэна ў гэтых краях няма. Таму стаў прыкладаць намаганні па пераносе асноўнай яго дзейнасці ў Еўропу. Некалькі спроб стала замацавацца ў Еўропе не ўвянчаліся поспехам, але ўпарты гросмайстар быў настойлівы і давёў задуманае да канца. І хоць рэзідэнцыя кіраўніка ордэна працягвала размяшчацца ў Акры, яго ўладанні пачынаюць паступова расці і ў Еўропе. У асноўным за кошт земляў, падораных еўрапейскімі манархамі, а таксама тых феадалаў, якія далучаюцца да складу ордэна.

Герман фон Зальца скульптура ў музеі замка Мальбарк.jpg
Герман фон Зальца, скульптура ў музеі замка Мальбарк. Крыніца: wikiwand.com

У 1217 г. Папам Рымскім Ганорыем III быў аб’яўлены крыжовы паход супраць прускіх язычнікаў, якія захапілі землі польскага князя Конрада I Мазавецкага. Толькі ў Мазовіі прусамі было знішчана 250 парафіяльных цэркваў, 10 000 вёсак, забіта каля 20 000 чалавек, а 5 000 угнана ў палон. Таму мазавецкі князь і заклікаў на дапамогу рыцараў Тэўтонскага ордэна. Па дамове з Конрадам тэўтонцы атрымалі ў валоданне Хельмскую зямлю ў якасці плацдарма. Каб пазбегнуць супярэчнасцей з папскімі інтарэсамі ў Прусіі, першае, што зрабіў фон Зальца, дык гэта ў сакавіку 1226 г. выклапатаў у Фрыдрыха II прывілей, які ставіў яго прускія заваёвы пад абарону імперыі. Гэты прывілей быў аформлены так званай Залатой булай у Рыміні. Була стала першым сведчаннем намераў Ордэна авалодаць Хельмскай зямлёй і Прусіяй, а таксама вызначала прававы статус дзяржавы крыжакоў у будучым. У 1231 годзе нямецкія рыцары пачалі прыбываць у адведзеныя ім землі. Там яны заснавалі крэпасць Торн. Яна была названа ў памяць аб крэпасці Тарон, якая належала Тэўтонскаму ордэну ў Палестыне.

Тэўтонскія рыцары паступова пачалі прасоўвацца ўглыб Прусіі. Схема заваёвы тэрыторый была дакладна адпрацавана. Першапачаткова на мяжы варожай зямлі будаваўся замак, потым на адлегласці дня язды будаваўся другі замак і гэтак далей. Гэтыя замкі служылі апорнымі пунктамі для рыцараў, узводзіліся яны досыць хутка, бо будаваліся з дрэва, а пустэчы паміж умацаваннямі запаўняліся камянямі і зямлёй. Такім чынам хутка ўзнікла сетка замкаў па ўсёй Прусіі, многія з іх пасля перараслі ў гарады. У 1234 г. тэўтонцы фармальна прызналі свае ўладанні папскім ленам, але адчувалі сябе паўнапраўнымі гаспадарамі, паколькі слабая папская ўлада не магла аказаць на іх хоць якога істотнага ўплыву. У 1237 г. Тэўтонскі ордэн далучыў канчаткова аслабелы да таго часу Лівонскі ордэн, за кошт чаго значна ўзмацніў свой уплыў, ваенную моц і пашырыў тэрыторыю. Менавіта замкі, а таксама больш дасканалая зброя і больш прасунутая вайсковая тактыка дазволілі Ордэну падпарадкаваць сабе нашмат пераўзыходзячыя іх сілы прусаў. Прускія правадыры, апынуўшыся пад уладай рыцараў і становячыся іх саюзнікамі, вымушаны былі прымаць хрысціянства і паступова анямечваліся.

Экспансія Тэўтонскага ордэна да 1260 года.png
Экспансія Тэўтонскага ордэна да 1260 года. Крыніца: wikiwand.com

Тэўтонцы вылучалі землі нямецкім баронам у якасці ленаў, сялілі на заваяваных землях нямецкіх сялян і разам з Ганзейскім саюзам гарадоў заснавалі шэраг новых гандлёвых паселішчаў. Сістэма кіравання ўнутры ордэнскай дзяржавы была даволі простай. На заваяваных тэрыторыях засноўваюцца правінцыі — камтурыi, на чале якіх стаяць комтуры. Кіраваць уладаннямі, якія знаходзяцца ў Германіі, Лівоніі і Прусіі, прызначаюцца магістры (ландмайстры). Усім ордэнам кіруе Вялікі магістр (гросмайстар). У Вялікага магістра былі памагатыя: вялікі комтур і маршал. Вышэйшым заканадаўчым органам з’яўляецца Генеральны капітул. Кіраўнік Ордэна, як і іншыя вышэйшыя асобы, абіраўся, а яго правы былі абмежаваны рыцарамі.

Адначасова з захопам новых земляў ордэнскія дзеячы, карыстаючыся безграшоўем дробных зямельных феадалаў, скупляюць усе землі да Одэра. У выніку такой дзейнасці Нямецкі ордэн з часам ператварыўся ў вялікую і цалкам суверэнную дзяржаву. Яна набыла міжнароднае прызнанне, мела моцнае, дысцыплінаванае і добра навучанае войска і валодала правам чаканіць свае манеты (залатыя і сярэбраныя манеты Ордэна мелі хаджэнне ва ўсіх краінах Еўропы). Да 1291 года рэзідэнцыя Вялікага магістра Тэўтонскага ордэна знаходзілася ў горадзе-крэпасці Акры, а пасля падзення горада і захопу яго мусульманамі рэзідэнцыя была перанесена ў Венецыю. У 1309 г. Ордэн перанёс сваю рэзідэнцыю ў Марыенбург (суч. Мальбарк, Польшча).

Замак Марыенбург.jpg
Замак Марыенбург. Крыніца: wikiwand.com

У наступныя стагоддзі ён усталяваў кантроль над усім балтыйскім узбярэжжам ад меж Памераніі да Фінскага заліва. Да пачатку XIV стагоддзя ордэнская дзяржава ў Прусіі дасягнула даволі высокага для свайго часу эканамічнага развіцця і нават стала адным з найбуйнейшых вытворцаў збожжа ў Еўропе. Таксама тэўтонцы вялі гандаль бурштынам, мёдам, драўнінай і мяхамі. Было заснавана 93 гарады і 1500 вёсак. Насельніцтва дасягнула амаль 600 000 чалавек.

Тэрыторыя Ордэна 1410 год.png
Тэрыторыя Тэўтонскага ордэна, 1410 год. Крыніца: wikiwand.com

Вайна з Польшчай і ВКЛ. Канец славы

Тэўтонскі ордэн хацеў пашырыць тэрыторыю сваёй дзяржавы за кошт земляў Польскага каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага. У ходзе ваенных дзеянняў супраць Польшчы ў 1343 годзе польскі кароль Казімір ІІІ Вялікі вымушаны быў падпісаць з тэўтонцамі мірную дамову. У выніку Польшча адмаўлялася ад правоў на Памор’е, Міхайлаўскую і Хельмінскую землі. На тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага ў перыяд з 1340 па 1410 год тэўтонскія рыцары ажыццявілі каля ста буйных паходаў. Рабаўнічым нападам нямецкіх рыцараў падвергліся ў розныя часы многія гарады і вёскі Вялікага княства.

Вынік існавання ордэнскай дзяржавы ўсім добра вядомы. Пастаянная небяспека з боку крыжакоў вымусіла две суседнія краіны шукаць саюза. У 1385 годзе была заключана Крэўская унія. Вялікі князь літоўскі Ягайла ажаніўся з польскаю каралеваю Ядзвігаю. Гэта стала пачаткам доўгага і няпростага збліжэння паміж дзвюма дзяржавамі.

У 1409 г. паміж хаўруснікамі і Ордэнам пачалася «Вялікая вайна». 15 ліпеня 1410 г. аб’яднаныя арміі Польшчы і Вялікага княства разбіваюць войскі Тэўтонскага ордэна ў бітве пры Грунвальдзе. У лютым 1411 г. у горадзе Торунь, які паўстаў на месцы заснаванай калісьці крыжакамі крэпасці Торн, Польшча і Вялікае Княства Літоўскае заключылі з Тэўтонскім ордэнам мірную дамову, па якой Ордэн вяртаў усе занятыя раней у Польшчы і Літвы тэрыторыі і выплачваў кантрыбуцыю. За Вялікім Княствам Літоўскім замацоўвалася Жамойція. Польшча, у сваю чаргу, абавязалася вярнуць Ордэну прускія землі і адпусціць паланёных рыцараў.

Паражэнне Ордэна пераразмеркавала баланс сіл ва Усходняй Еўропе і адзначыла ўзыход польска-літоўскага саюза да ўзроўню дамінантнай ваенна-палітычнай сілы ва Усходняй Еўропе.

Jan_Matejko_Bitwa_pod_Grunwaldem.jpg
Ян Матэйка. Грунвальдская бітва. Крыніца: wikipedia.org

Ілля Дняпроўскі, budzma.org