Каля двух соцень чалавек сабралася ў скверы каля Музея акупацыі ў Вільні, каб згадаць расстраляных уночы 29-30 кастрычніка 1937 года.
Беларусы сабраліся ў 38 гарадах і 19 краінах, каб успомніць тых, каго расстралялі ў 1937 годзе ў Мінску – больш за сотню чалавек.
«Мы кажам «Ноч расстраляных паэтаў». Але важна памятаць, што ў гэтую ноч расстрэльвалі прадстаўнікоў беларускай культуры і інтэлігенцыі, навукоўцаў, у турме НКУС у Мінску», – кажа Таццяна Шчытцова, прадстаўніца Святланы Ціханоўскай па адукацыі і навуцы.
Валанцёры павесілі фотаздымкі пацярпелых ад рэпрэсій і стужкі на агароджу Музея акупацыі і барацьбы за свабоду ў скверы, побач з якім праходзіў вечар памяці.
«Гэты дзень важны для вашай ідэнтычнасці, а месца, у якім мы зараз, – для нашай, літоўскай, – кажа Раса Чэпайтэнэ, прафесар, супрацоўніца Інстытута гісторыі Літвы. – Мы побач з будынкам былога палаца НКУС і турмой, у якой пасля вайны катавалі і забівалі ўдзельнікаў літоўскага антысавецкага падполля».
Побач з будынкам былой турмы стаіць помнік з камянёў, сабраных у месцах лагераў і ссылак.
«Героі перамагаюць, нават калі яны ўжо даўно ў магілах, – працягвае Раса Чэпайтэнэ. – Калі было задушана нашае антысавецкае падполле, здавалася, што гэта бессэнсоўна. Але яно спрыяла таму, што Літва не была так каланізаваная, як адбылося ў Латвіі ці Эстоніі <…> Ідзіце за сваім сумленнем. Калі сумленне вас вядзе на барацьбу – не бойцеся».
Выступоўцаў слухае больш за дзьве сотні чалавек, сярод якіх беларусы, мясцовыя жыхары і госці з іншых краін.
«Для мяне гонар далучыцца да вас сёння, – кажа амабасадарка ЗША ў Беларусі Джулія Фішэр. – Сёння важны дзень, каб згадаць усіх, хто быў страчаны, ад 1937 года і да сёння, хто пацярпеў за Беларусь і за тое, каб быць пачутым. Я веру, што надыдзе момант справядлівасці для ўсіх: і для гэтых паэтаў, і для тых, хто пацярпеў зараз ці знаходзіцца ў турме.
Мяне натхняюць людзі Беларусі».
Люді чытаюць вершы расстраляных паэтаў, часам праводзячы паралелі з сённяшнім днём. У натоўпе, які сабраўся, у тым ліку ёсць беларусы, што пацярпелі ад рэпрэсій у сучаснай Беларусі ці былі вымушаныя з’ехаць з краіны. Адна дзяўчына выходзіць з эсэ, дзе апісвае свае затрыманні.
«Я пазбаўленая права дзейнічаць законна, я пазбаўлена права дзейнічаць зусім. Ці з’яўляюся я чалавекам? Я іду па халодным калідоры. Па баках магутныя дзьверы, на кожнай жоўты нумар. Глядзець трэба ўніз. Прадчуванне палёгкі, пазбаўленне страху. Праз 20 хвілін у мяне з’явіцца невыразнае ўяўленне пра сваю бліжэйшую будучыню. Мне неістотны вынік суда, я чакаю салодкі момант абвяшчэння прысуду».
Выступоўцы нагадваюць: зараз у Беларусі палітвязнямі прызнана 832 чалавекі.
Яшчэ па тэме:
Ганна Валынец, тэкст і фота аўтара, budzma.org