Беларусы і за мяжой імкнуцца заставацца беларусамі. У калядны час гэта выяўляецца ў тым ліку ў звароце да традыцыйнай культуры. Напрыклад, у польскіх гарадах водзяць Казу, жэняць Цярэшку і паказваюць батлейку. У Польшчы з поспехам прайшлі ўжо 5 паказаў беларускай батлейкі ў суправаджэнні Хору вольных беларусаў. Жадаючыя яшчэ могуць паспець на апошняе ў гэтым годзе каляднае прадстаўленне 12 студзеня. Пра тое, як паўстаў праект «Беларуская батлейка ў Польшчы», мы пагутарылі з батлейшчыкам Змітром Хведаруком і менеджаркай праекта Марыяй Вайтовіч.
Для Змітра Хведарука гэта ўжо не першая батлейка. Каля 10 год таму разам з іншымі мінскімі вернікамі-пратэстантамі яны вырашылі зрабіць спектакль. Да таго пра батлейку толькі чыталі ў кніжках, а жыўцом яе ніхто не бачыў. На думку Змітра, гэта забава не толькі для дзяцей, дарослым таксама цікава. «Калі адбылася першая батлейка, было даволі страшна, — распавядае Зміцер. — У мяне быў нейкі тэатральны досвед, у некаторых людзей таксама, але не ў жанры батлейкі... Аднак вопыт быў пазітыўны. Мы выступалі шмат у якіх месцах у Менску: у цэрквах, школах, садках, шпіталях».
Марыя Вайтовіч некалькі год ладзіла імпрэзы ў Бараўлянах пад Мінскам, у тым ліку калядныя. Кожны раз спрабавала запрасіць каго-небудзь з батлейкай, але так і не атрымалася, акцёры звычайна былі занятыя. Затое ў Варшаве ўсё выдатна склалася.
Зміцер Хведарук, пастар пратэстанцкай царквы Святой Троіцы, хацеў зладзіць свята для дзяцей і дарослых, якія апынуліся далёка ад Радзімы. Ён шукаў паплечнікаў, каб зрабіць батлейку ў Варшаве, праз сацсеткі. У лістападзе адгукнулася сям’я Вайтовічаў, з якой Зміцер і раней быў знаёмы. Часу заставалася мала.
«Для батлейкі патрэбна ўпрыгожыць скрыню, зрабіць лялек, знайсці акцёраў, арганізаваць выступы, — кажа Зміцер. — Выступаць можна, канечне, і аднаму, але лепш удвох заўсёды. У нас сабралася цэлая каманда. Адзін я так файна зрабіць не змог бы».
Два акцёры непасрэдна рэпетавалі (Зміцер Хведарук і Віталь Апановіч), ім дапамагала з агучкай музычнымі трэкамі гукарэжысёрка Ксюша. Іван Вайтовіч зрабіў скрыню батлейкі. Два чалавекі зрабілі лялек. Марыя Вайтовіч стала менеджаркай праекта, шукала памяшканні, дамаўлялася пра выступы. Парадамі дапамагаў Аляксандр Ждановіч (Маляваныч).
Памяшканне пад майстэрню для вырабу батлейкі дала пратэстанцкая царква. Таксама цэрквы потым падрыхтавалі падарункі для дзяцей, якія прыходзілі на спектаклі: кніжкі з біблійнымі аповедамі, размалёўкі, гульні, пачастункі. Яшчэ розныя людзі дапамагалі фінансава, каб купіць матэрыялы для скрыні-батлейкі і лялек. Усё зрабілі прыкладна за месяц: на 18 снежня быў запланаваны першы выступ.
У скрынцы нават ёсць асвятленне, якое накіроўвае ўвагу гледачоў на розных персанажаў. Наверсе ззяе Бэтлеемская зорка. Складныя ножкі дазваляюць лёгка перасоўваць канструкцыю.
Для спектакля выкарысталі класічны сцэнар «Цар Ірад», троху адаптаваўшы пад цяперашні час. Зміцер ужо выступаў з ім даўней. Сюжэт адпавядае Евангеллю: анёл абвяшчае Марыі і пастушкам, што хутка народзіцца Збаўца. Мудрацы ідуць у Бэтлеем. «Цар Ірад, падобны да некаторых усходнееўрапейскіх палітыкаў, спрабуе ў іх выведаць, дзе знаходзіцца немаўлятка, сапраўдны, праўдзівы кароль, якім быў Ісус Хрыстос, — распавядае Зміцер. — Нягледзячы на ўсе хітрыкі, у яго нічога не атрымліваецца. Ён сыходзіць ні з чым, баючыся згубіць свой трон. А Хрыстос нараджаецца, і ўсе радуюцца. Гэта гісторыя на ўсе часы, але, напэўна, у наш час хаосу вайны і жудасных рэпрэсій яна асабліва нагадвае, што Бог мае ўсеўладу, і нягледзячы на высілкі крывавых тыранаў, іх планы разбурацца».
Хор вольных беларусаў (узнік яшчэ ў Беларусі, цяпер дзейнічае ў Варшаве) суправаджаў паказ батлейкі каляднымі спевамі. Атрымаўся своеасаблівы мюзікл з жывым выкананнем. Спевакі таксама дапамагалі са сцэнаграфіяй. «Гэта сяброўска-сямейны праект, батлейка з хорам, — распавядае Марыя Вайтовіч. — Мы гастралюем сем’ямі, далучаем дзяцей падчас майстар-класаў».
Прайшло тры паказы батлейкі ў Варшаве і два ў Кракаве. Яе паглядзелі каля 300 чалавек: пераважна беларусы, але прыходзілі таксама ўкраінцы, палякі, немцы. У асноўным дзеці з бацькамі, але ў Кракаве большасць гледачоў на вечаровым паказе былі дарослымі.
«Мне здаецца, батлейка добра спалучае зерне хрысціянскай веры і беларускую ідэнтычнасць, — кажа Зміцер Хведарук. — Большасць дзяцей, на жаль, не ведае, што такое Раство. Таму для гледачоў наш выступ быў пераважна нагодай прыйсці ў беларускамоўны лялечны тэатр, дзе будуць спевы, добрая кампанія, нешта цікавае, падарункі... Добра, што была нагода распавесці калядную гісторыю дарослым і дзецям, заняцца такой асветай».
Марыя Вайтовіч распавяла: «Файна, калі праз такі цікавы і запатрабаваны фармат атрымліваецца даносіць хрысціянскія каштоўнасці. Файна, калі гэта не так, што рэлігійная практыка — сабе, а грамадскае жыццё — сабе, а адно спалучаецца з другім. У Польшчы мы сталі часцей размаўляць па-беларуску, звяртацца да нашых традыцый. Большасць нашых гледачоў, думаю, прыходзілі менавіта паглядзець на беларускія традыцыі».
Батлейку плануюць выкарыстоўваць на наступнае Раство і для іншых пастановак. Абмяркоўваецца магчымасць паставіць велікодны спектакль і «Прыгоды Чыпаліна», каб выступаць круглы год. Хор вольных беларусаў таксама зацікаўлены ў супрацы.
«Нам у выгнанні хочацца нейкага свята, казкі, цуду. Лялечны спектакль — гэта кавалачак дзяцінства, радасці. Я думаю, гэта яшчэ доўга будзе цікава», — кажа Марыя Вайтовіч.
У гэтым сезоне, 12 студзеня, яшчэ можна пабачыць калядны паказ у Музеі вольнай Беларусі (Варшава, вул. Foksal, 11). Пачатак у 18.00.
Алена Ляшкевіч, budzma.org
Фатограф Piotr Werewka