Іх гістарычны след. Еўфрасіння Полацкая

08.10.2021 Гісторыя

Ёсць кнігі, якія павінны быць у доме кожнага беларуса. На жаль, абставіны складваюцца такім чынам, што многія з іх выдаюцца мізэрнымі тыражамі. Вось і дыхтоўную працу «250 асоб з Беларусі ў дыялогах культур» удалося надрукаваць накладам усяго 1000 экзэмпляраў, піша «Народная воля».


Заўважым: выданне гэтай кнігі ў свой час было ініцыявана Нацыянальнай камісіяй Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА, а сам праект выконваўся Інстытутам мовазнаўства і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы. І шкада, што вынікам высілкаў такіх вядомых устаноў не стаў вялікі тыраж падрыхтаванай імі кнігі.

Рэдакцыя газеты «Народная Воля» вырашыла змясціць на сваіх старонках усе 250 нарысаў пра выбітных асоб з Беларусі. Вядома ж, пачынаем з Еўфрасінні Полацкай.

Еўфрасіння Полацкая (каля 1101-га — 23 ці 25 мая 1167 г.)

Еўфрасіння Полацкая — полацкая князёўна, ігумення, якая займае асаблівае, пачэснае месца ў нашай старажытнай гісторыі; беларуская святая.

000.jpg

Радзіма асветніцы — Полацкае княства, магутная раннефеадальная дзяржава, дзе кіравала дынастыя Рагвалодавічаў. Каля 1101 года ў Полацку з’явілася на свет дзяўчынка Прадслава, якой было наканавана далучыць да свайго імя назву роднага горада і назаўсёды застацца ў гісторыі. Яна паходзіла з роду полацкіх князёў. Яе продкамі ў чацвёртым калене былі хрысціцель Русі вялікі кіеўскі князь Уладзімір Святаславіч і полацкая князёўна Рагнеда. Дзедам Прадславы быў легендарны полацкі (а некалі і кіеўскі) князь Усяслаў Чарадзей. Блізкімі сваякамі былі візантыйскія імператары, князі кіеўскія, тураўскія, пераяслаўскія, смаленскія, растова-суздальскія, уладзіміра-валынскія, каралі Венгрыі.

Асноўная крыніца біяграфічных звестак пра асветніцу — «Жыціё Святой і найпрападобнейшай Еўфрасінні», напісанае невядомым аўтарам у Полацку на мяжы ХІІ і ХІІІ стагоддзяў. Да нашага часу дайшло больш за 130 спісаў «Жыція...», што сведчыць пра шанаванне яе ў мінулым. Да «Жыція...» далучаецца інфармацыя нешматлікіх звестак летапісаў.

Прадслава была здольнай дзяўчынкай, мела ахвоту да вучэння, цікавілася рукапіснымі кнігамі, якія меліся пры княжацкім двары. Яе настаўнікамі былі духоўныя асобы, вучылася пераважна яна па рэлігійных кнігах. Чуткі пра прыгожую і адукаваную дзяўчыну, што ў тыя часы было вялікай рэдкасцю, разышліся за межы Полацкай зямлі. Калі Прадславе споўнілася 12 гадоў (узрост, з якога дзяўчынцы ў той час дазвалялася ўступаць у шлюб), да яе зачасцілі сваты князёў. Але дзяўчына адмовілася ад дынастычнага шлюбу і, насуперак волі бацькоў, тайна пастрыглася ў манашкі пад імем Еўфрасінні, каб аддаць жыццё служэнню Богу і свайму народу. Жыла яна ў келлі Сафійскага сабора ў Полацку.

001.jpg
Роспіс сцен 
Спаса-Ефрасінняўскай царквы XII ст. з выявай святой пакутніцы


Князёўна, якая стала манашкай, не хавалася за манастырскімі сценамі ад свецкіх клопатаў. Наадварот, яна брала чынны ўдзел у палітычным жыцці Полацкай зямлі, знаходзілася у цэнтры культурнага жыцця княства, амаль на поўстагоддзе разгарнула шматгранную асветніцкую дзейнасць. Займалася перапісваннем кніг для бібліятэкі полацкай Сафіі, што было нялегкай працай, якая тады лічылася выключна мужчынскай. Садзейнічала пабудове храмаў і заснаванню манастыроў. Збірала вакол сябе таленты, займалася мецэнацтвам. У канцы 1120-х гадоў яна заснавала пад Полацкам жаночы манастыр Святога Спаса (стаў называцца Спаса-Еўфрасіннеўскі), дзе па яе замове полацкі дойлід Іаан паставіў мураваны храм. Спаская царква, у якой размяшчалася келля Еўфрасінні, захавалася да нашага часу. Храм багата распісаны фрэскамі, якія маюць вялікую гістарычную і мастацкую каштоўнасць. У канцы 1150-х гадоў Еўфрасіння заснавала мужчынскі манастыр з царквой Святой Багародзіцы, дзеля якой набыла ў Царгарадзе абраз Адзігітрыі (Багародзіцы) Эфескай, напісаны, паводле падання, першым іканапісцам апосталам Лукой. Гэты жывапісны твор прыслаў асветніцы па яе просьбе блізкі сваяк полацкіх князёў візантыйскі імператар Мануіл Комнін ў 1158 годзе. Абраз быў бласлаўлёны царгарадскім патрыярхам. Цяпер ён знаходзіцца ў Санкт-Пецярбургу ў фондах Рускага музея.

004.jpg
Келля Ефрасінні Полацкай. Малюнак Івана Трутнева, 1866

Для прывезеных святынь па замове Еўфрасінні ювелір Лазар Богша ў 1161 годзе зрабіў рэліквіяр у форме крыжа (даўжыня 51 сантыметр) для царквы Святога Спаса. Ён быў выраблены з кіпарысу, абкладзены залатымі і срэбнымі пласцінкамі з каштоўнымі камянямі, эмалевымі выявамі святых і надпісамі. Гэты шэдэўр мастацтва атрымаў назву крыж Еўфрасінні Полацкай і стаў нацыянальнай рэліквіяй беларусаў, шануемай праваслаўнымі, католікамі і ўніятамі. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны крыж знік з Беларусі. Вучоныя мараць знайсці яго і вярнуць у скарбніцу гістарычнага багацця. Зроблена копія крыжа, якая зберагаецца ў Полацку ў Сафійскім саборы.

Заснаваныя Еўфрасінняй манастыры сталі асяродкамі асветы ў Полацкім княстве: пры іх працавалі школы, бібліятэкі, скрыпторыі — перапісаныя ў іх кнігі разыходзіліся па Полацкай зямлі і за яе межы, — верагодна, іканапісная і ювелірная майстэрні. Сама Еўфрасіння складала і, магчыма, запісвала малітвы і дыдактычныя пропаведзі. Яна была вядомай сярод суайчыннікаў і як справядлівы суддзя, дарадчык, і як міратворца.

У пажылым веку (пачатак 1167 года) Еўфрасіння рушыла ў паломніцтва па святых месцах у Іерусалім. У гэтым нялёгкім падарожжы славутую палачанку «с великою честью» сустракаў візантыйскі імператар Мануіл, блаславіў царгарадскі патрыярх. Яна была з пашанай прынята і ў Іерусаліме. Але, знясіленая падарожжам, захварэла і памерла там 23 або 25 мая 1167 года. Пахавалі яе ў манастыры Святога Феадосія, непадалёку ад Іерусаліма. У 1187 годзе перапахавалі ў Кіева-Пячорскай лаўры — на той час гэта было самае святое месца на ўсходнеславянскіх землях. У 1910 годзе астанкі асветніцы даставілі ў заснаваны ёю Спаскі манастыр у Полацку, дзе яны захоўваюцца і сёння.

002.jpg
Фрэска XII ст. з фігурай Ефрасінні, якая падносіць храм Св. Спаса Збавіцелю

Дзейнасць Еўфрасінні Полацкай пакінула след не толькі ў гісторыі, але і ў душы беларускага народа. Еўфрасіння стала сімвалам духоўнага служэння сваёй Радзіме, невычарпальнай крыніцай маральнай сілы і духоўнага адраджэння народа. Яе царкоўнае шанаванне пачалося на Беларусі напрыканцы ХІІ стагоддзя без афіцыйнай кананізацыі. Тады ж было напісана «Жыціё...» — адзін з найбольш ранніх твораў гістарычнай прозы. Яно ўслаўляе настойлівую і самаахвярную жанчыну, яе імкненне да ведаў і дасканаласці. Былі створаны царкоўныя спевы пра Еўфрасінню, самыя старажытныя з якіх узыходзяць да ХІІ стагоддзя. У Маскоўскай Русі Еўфрасіння Полацкая стала шырока вядомая ў ХVI стагоддзі, калі мітрапаліт Макарый уключыў яе «Жыціё...» ў «Мінеі-чэцці». Яна стала першай жанчынай, кананізаванай Рускай праваслаўнай царквой (1547 год), прызнана святой і каталіцкай царквой.

003.jpg
  Нафонта Калашнікава. «Ефрасіння Полацкая». 1859

Напрыканцы ХХ стагоддзя асветніца з роду Усяслава была вернута ў гістарычную памяць беларускага народа і прызнана святой апякункай Беларусі. У 1984 годзе яна была далучана праваслаўнай царквой да Сабора беларускіх святых за дзейнасць на ніве ўмацавання хрысціянскай веры і асветы. Дзень памяці Св.Еўфрасінні адзначаецца царквой 23 мая. Імя Еўфрасінні носяць цэрквы ў Саўт-Рыверы (ЗША) і Таронта (Канада), беларускі прыход у Лондане (Англія).