Гістарычны відэапраект “Сармат” вяртаецца

30.07.2026 Гісторыя

Гістарычны серыял «Сармат», прысвечаны шляхецкай культуры, вяртаецца. Вядоўца — непаўторны Васіль Калач — актор, рэжысёр, фехтавальшчык, заснавальнік рэканструктарскага клуба «Invictus 1863».

У новых серыях «Сармата» распавядаем пра вядомую і невядомую гісторыю шляхецкіх родаў. У чым сакрэт поспеху і заняпаду магнацкіх родаў? Што па сабе пакінулі Радзівілы? Куды зніклі Алелькавічы? Чым вядомы Сангушкі, Пацы, Тышкевічы? Што галоўнае: грошы або — гонар?

Адказы на ўсе пытанні — у новых серыях «Сармата».

sarmat-novy-siezon.png

«Наша гісторыя неаднакроць была ад нас схаваная. Як заклятыя скарбы. А наша задача, задача усёй каманды „Будзьма беларусамі“ — адшукаць тыя скарбы і падзяліцца імі, — кажа Васіль Калач. — Для мяне асабіста, даносіць да гледача забытую спадчыну — гонар. Тая традыцыя, тая культура, што збудавала наша сучаснае светаўспрыняцце — у вялікай долі і шляхецкая. Сармацкая, як казалі ў XVII стагоддзі, а не толькі сялянская. Варта памятаць. Нас адвучылі ад ведання свайго радаводу, аднак амаль у кожным беларусе ёсць хоць кропля шляхецкай крыві. Я мару, каб беларусы ўзялі лепшае ад сваіх шляхетных продкаў — гонар, годнасць, шчырае служэнне сваёй зямлі і вольнасць».

У першай серыі новага сезона раскажам пра Радзівілаў — адзін з самых уплывовых родаў ВКЛ.

Адкуль грошы ў Радзівілаў? Чаму прадстаўнікі роду паміралі маладымі? Хто абылгаў Пане Каханку і як працаваў чорны піяр XVIII стагоддзя? Што ў савецкі час было ў Нясвіжскім палацы? Ці засталіся Радзівілы сёння?

Пра ўсё гэта можна даведацца ўжо заўтра, 31 ліпеня, у 18:00 на ютуб-канале «Будзьма беларусамі!». Падпісвайцеся, каб не прапусціць (калі для вас гэта бяспечна).