Чаму шлях «з варагаў у грэкі» можна лічыць дарогай да беларускай дзяржаўнасці. 12 выпуск гісторыі за 5 хвілін

Таямніцы мінулага, цікавыя факты, легендарныя асобы, шмат чаго невядомага вам раней з беларускай гісторыі вы зможаце даведацца ад доктара гістарычных навук, прафесара Алеся Краўцэвіча ў відэапраекце Budzma.org «Гісторыя за 5 хвілін». У чарговым выпуску прафесар распавядае пра ўплыў шляха «з вараг у грэкі» на станаўленне і росквіт першых беларускіх дзяржаўных фарміраванняў.


Больш за тысячу год таму не было дарог у сучасным разуменні. Працяглыя падарожжы адбываліся з дапамогай вадаёмаў. Праз рэкі людзі маглі падарожнічаць і гандляваць з поўдня на поўнач ці з усходу на захад. Адна з такіх тагачасных «дарог» праходзіла праз нашыя землі — рачны шлях «з варагаў у грэкі». Гэты шлях злучаў поўнач і поўдзень Еўропы: Паўночную Русь з Паўднёвай, Прыбалтыку і Скандынавію з Візантыяй. Таксама праз яго адбываўся таварны і культурны абмен паміж Прыбалтыкай і рэгіёнамі Русі. Хто і навошта падарожнічаў праз гэтыя землі? Як ажыццяўляўся гандаль і культурніцкі абмен паміж народамі? Як і на чым плавалі тады людзі? Падрабязней у новым выпуску «Гісторыі за 5 хвілін».

Ведаць гісторыю сваёй Радзімы — абавязак сапраўднага грамадзяніна. Гэтая навука распавядае пра жыццё мінулых пакаленняў, іх ўнутраныя стасункі паміж сабой, знешнія дачыненні з суседзямі. Гісторыя ўказвае на памылкі мінулых часоў і вучыць не рабіць іх наноў.

У гэты няпросты час «Будзьма беларусамі!» прапануе пачаць вывучаць або пашырыць свае веды па гісторыі Беларусі разам з вядомым гісторыкам і археолагам Алесем Краўцэвічам, які зробіць экскурс ад самых старадаўніх часоў нашай мінуўшчыны да атрымання Беларуссю незалежнасці. Вас чакае гісторыя развіцця продкаў сучасных беларусаў, іх культура, гісторыя войнаў, загадкі з жыцця вядомых асобаў і аналітычныя высновы ад Алеся Краўцэвіча пра тое, чаму стужка мінулых часоў у пэўныя моманты паварочвала так, як вядома нам цяпер, а не іначай.

Пры наступнай відэасустрэчы ў «Гісторыі за 5 хвілін» гісторык патлумачыць прычыны велічы Полацкага княства і прыадкрые таямніцу пра першую беларускую марскую дзяржаву.

Папярэднія выпускі глядзіце па спасылцы.

Глядзіце яшчэ:

«Снягі, маразы, завеі вялікія...» Якім быў клімат у XV–XVIII стст. у Беларусі і ўсёй Еўропе