Аляксей Братачкін, гісторык, навуковы супрацоўнік кафедры публічнай гісторыі Гістарычнага інстытута Фернуніверсітэта ў Хагене, у інтэрв’ю budzma.org — пра тое, чаму ён зайздросціць студэнтам у Германіі, як на яго паўплывала жыццё ў гэтай краіне і ці застаецца там заўважнай тэма Беларусі.
Аляксей Братачкін. Фота: Heide Fest
— Вы працавалі запрошаным лектарам у некалькіх універсітэтах у Германіі. Чым праца там адрозніваецца ад выкладання ў Беларусі? Чым адрозніваюцца паводзіны студэнтаў?
— У Беларусі і студэнты, і выкладчыкі маюць значна менш свабоды, чым у Германіі. Выкладчыкі ў Германіі робяць свае аўтарскія курсы (у Беларусі праграмы выкладання гуманітарных прадметаў тыпавыя, іх кантэнт з’яўляецца прадметам цэнзуры і г. д.). Студэнты могуць выбіраць для сябе курсы, потым пакідаюць фідбэк пра іх, ацэньваюць выкладчыкаў і г. д.
Вучыцца ў Нямеччыне вельмі камфортна, працэс выдатна адладжаны, аўдыторыі абсталяваны, ёсць усе ўмовы для знаходжання свайго шляху ў будучай прафесіі ці акадэмічным свеце. За выключэннем семестравага ўзносу, сам працэс атрымання адукацыі з’яўляецца бясплатным. Ёсць псіхалагічная служба, шмат увагі надаецца прафесійнай арыентацыі студэнтаў і гэтак далей.
У вучобе акцэнт робіцца на крытычным мысленні, аргументацыі, фармуляванні ўласнай пазіцыі, дыскусіях, прэзентацыях. У Нямеччыне на дадзены момант няма абавязковай ваеннай службы, таму ва ўніверсітэты паступаюць, не думаючы аб службе ў войску. Шчыра кажучы, я проста пазайздросціў студэнтам.
Калі казаць пра выкладчыкаў, то адна з галоўных задач — трэба быць прафесіяналам і не трэба быць аўтарытарным. Ёсць прафесары з пастаяннымі кантрактамі, ёсць шмат выкладчыкаў з кароткатэрміновымі кантрактамі, у акадэмічным свеце высокая канкурэнцыя, і не ўсе акадэмічныя работнікі абаронены добра ў сацыяльным сэнсе, многія сыходзяць з акадэміі. Але калі ў вас ёсць праца і ўнутраны рэсурс, вам не трэба змагацца за жыццё ў дарвінаўскім сэнсе выжывання, вы маеце добры статус у грамадстве.
Я намаляваў амаль ідэальную карціну.
Але хацеў бы сказаць галоўнае — я бачыў шмат годных і свабодных людзей, прафесіяналаў, і сярод выкладчыкаў у Беларусі, і сярод студэнтаў. Аднак гэта заўсёды прадугледжвала пэўную барацьбу, якая адымае шмат сіл, за права быць такім, як і за шматлікае іншае.
Аляксей Братачкін. Фота: Дзмітрый Брушко
— Што вы выкладаеце ў Германіі?
— Мая задача была ў тым, каб распавесці пра Беларусь максімальна шмат, але ў рамках пэўных тэм, якія мне цікавыя. Так, я расказваў пра сацыяльную гісторыю Беларусі 1990-х і 2000-х, пасля распаду СССР, у іншым курсе я казаў пра палітыку памяці ў Беларусі, як гісторыя палітычна выкарыстоўваецца ў нас.
Яшчэ адна тэма — як «працуе» памяць пра Другую сусветную вайну ў Беларусі і іншых краінах. Для мяне таксама было цікава падрыхтавацца да курса пра памяць і гісторыю ў эпоху дыгіталізацыі. Цяпер я пішу навучальны дапаможнік для студэнтаў універсітэта, у якім працую (гэта адзіны ў Германіі ўніверсітэт, цалкам арыентаваны на завочную мадэль адукацыі) — дапаможнік пра тое, як палітычна выкарыстоўвалася гісторыя, пачынаючы з XIX стагоддзя, з фокусам у адной з частак дапаможніка на ўсходняй частцы Еўропы (у тым ліку Беларусі).
— Што з сябе ўяўляе гістарычная навука ў Германіі? Наколькі моцны ўплыў на яе з боку дзяржавы?
— У Беларусі сувязь паміж дзяржавай, уладай (палітычным рэжымам) і гістарычнай навукай (сістэмай вытворчасці гістарычных ведаў) прамая і непрыемная. Усё залежыць ад палітычнага кантэксту, характэрная высокая ступень інструменталізацыі, выкарыстання гісторыі ў інтарэсах палітычнага рэжыму.
У Германіі ўсё ўладкована інакш. Ёсць гістарычная навука ва ўніверсітэтах, існуюць даследчыя інстытуцыі за рамкамі ўніверсітэтаў, адбываецца падача праектаў у розныя фонды, якія падтрымліваюць навуковыя даследаванні і праграмы, існуюць розныя асацыяцыі гісторыкаў, мноства канферэнцый. Усё гэта не з’яўляецца часткай нейкай цэнтралізаванай сістэмы ў беларускім сэнсе цэнзуры, кантролю і фінансавання.
Якая роля дзяржавы? У Германіі дзяржава з’яўляецца сэрвісным інстытутам, але таксама і гаворка ідзе пра палітычную адказнасць і захаванне дэмакратычных інстытутаў. Дзякуючы законам і іншым інструментам забяспечваецца свабодны дыялог на тэмы гісторыі ў грамадстве.
Ці значыць гэта, што ў Германіі няма праблем у галіне гістарычнай памяці, гісторыі, ідэнтычнасці? Яны ёсць, але яны вырашаюцца інакш, чым у Беларусі.
— Якое ў вас склалася ўражанне: як у Германіі з гістарычнага і культурнага пункту гледжання ўспрымаюць Беларусь?
— Мне цяжка меркаваць аб усім нямецкім грамадстве, але мне здаецца, ёсць парадокс, які можна сфармуляваць у выглядзе выказвання «Беларусь бачная і не бачная адначасова».
Бачнасць краіны і грамадства залежыць не толькі ад падзей актуальнага парадку дня, але і ад таго, які вобраз ёсць у медыях, хто і як лабіруе з’яўленне гэтых вобразаў у публічнай прасторы, якія гістарычныя сувязі паміж дзвюма краінамі.
Напрыклад, у каталогу адной з найбуйнейшых сетак кнігарняў у Германіі «Thalia» не вельмі шмат кніг пра Беларусь: мы можам там знайсці перакладзеныя раманы Артура Клінава, пераклады Альгерда Бахарэвіча, кнігу Вольгі Шпарагі пра падзеі 2020 года і ролю жанчын у іх, яшчэ некалькі кніг пра падзеі 2020-га і сучаснай гісторыі краіны, кнігі, у якіх Беларусь згадваецца ў сувязі з «васальнымі» адносінамі з Расіяй і вайной ва Украіне, кнігі пра Чарнобыльскую катастрофу, наборы даведнікаў і г. д. Наколькі гэтая прадукцыя ўплывае на грамадскую думку і прыняцце палітычных рашэнняў?
У акадэмічным свеце тэма Беларусі не вельмі папулярная, а яе прадстаўленне звязана з імёнамі канкрэтных вучоных, якія займаюцца даследаваннямі Беларусі. Ёсць асобныя людзі, ёсць адна выдавецкая праграма, але няма ніякіх вялікіх даследчых цэнтраў, у фокусе ўвагі якіх знаходзілася б Беларусь. Ёсць такія добрыя і новыя праекты, як «Форум гістарычных даследаванняў Беларусі» пры DGO, але праектная дзейнасць заўсёды мае свае абмежаванні, праект можа не знайсці далейшай фінансавай падтрымкі і г. д.
Прасоўванне вобразу краіны звязана і з тымі беларусамі, хто жыве ў Германіі, стварае свае арганізацыі (пасля пратэстаў 2020 года стала больш бачнай беларуская дыяспара ў Германіі), з тымі, у каго ёсць сімвалічны капітал для гэтага (як, напрыклад, у Святланы Алексіевіч).
Сярод экспертаў і даследчыкаў распаўсюджаны, вядома, вобраз аўтарытарнай Беларусі, умовы ўнутры якой становяцца ўсё больш драконаўскімі. У перыяд з 2020 па 2022 гады тэма Беларусі была заўважнай у медыйным парадку дня, цяпер ужо не.
Аляксей Братачкін. Фота: Дзмітрый Брушко
— Як на вас, чалавека, які вырас у Беларусі, паўплывала жыццё ў Германіі?
— Я вельмі позна пачаў выязджаць за межы Беларусі, недзе пасля 30-35 гадоў. Але, пачынаючы з канца 1980-х — пачатку 1990-х, мы ўжо не былі закрытай краінай. Першы візіт у Германію ў мяне быў у 2009 годзе, гэта была чарговая гадавіна падзення Берлінскай сцяны, і я адразу пагрузіўся ў расповеды пра нямецкую гісторыю трансфармацыі, якую мы прайшлі зусім інакш.
Потым я часта бываў у Германіі, і ў мяне няма адчування культурнага шоку. Шок выклікаюць у мяне падзеі ва ўласнай краіне.
Я таксама хацеў бы пазбегнуць стэрэатыпаў у апісанні нямецкага і беларускага досведу жыцця. Магу толькі сказаць, што мне цікава жыць у Германіі. Пры ўсёй няўстойлівасці майго жыцця і нявызначанасці будучыні, у мяне няма жадання дзяліць свае ўражанні на мінус і плюс, таму што для гэтай класіфікацыі я недастаткова вывучыў нямецкае жыццё.
Але мяне радзей накрывае адчуванне абсурду, я станаўлюся «правільным» — напрыклад, перастаю часам шукаць падвойнае дно ў выказваннях, веру ў тое, што мне хочуць сказаць. Жадаю верыць у тое, што можна неяк ствараць добрае грамадства.
Антон Навумчык, budzma.org