Колькі працягнецца вайна? Хто з яе выйдзе пераможцам? Да чаго тут рост псіхічных захворванняў і сярэднявечная ментальнасць? Пра гэта мы паразмаўлялі з даследчыцай Наталляй Сліж.
Астралогія як «навука» мае супярэчлівую рэпутацыю. Для адных гэта ледзьве не сектанства, для іншых — паўнавартасная альтэрнатыўная крыніца інфармацыі. Як бы там не было, мы вырашылі прывесці для паўнаты карціны і такое меркаванне.
Наталля Сліж — астролаг, гісторык, кандыдат навук. Былая выкладчыца гродзенскай філіі Беларускага інстытута правазнаўства. Аўтарка больш як 150 артыкулаў на тэму гісторыі шляхецкай сям’і і гендарных дачыненняў у мінуўшчыне. Аўтарка кнігі «Культура сексуальных стасункаў у ВКЛ у XVI–XVII стст.» Зараз знаходзіцца ў Фларэнцыі на навуковай стажыроўцы па гісторыі астралогіі.
25 лютага, праз дзень пасля пачатку вайны, спн. Наталля апублікавала пост са сваім прагнозам на бліжэйшы час. Некаторыя прадказанні ўжо збыліся, некаторыя — падаюцца занадта неверагоднымі:
Вайна зменіць усё і кардынальна. Яшчэ адзін крок у канчатковых і незваротных зменах. Вайна ініцыявалася для самой вайны, вельмі хацелася ваяваць. Усе звязаныя з ёй падзеі фатальныя і непазбежныя. Ініцыятар хоча вайну жорсткую, крывавую, для сваёй выгоды і каб пра яе ўсе казалі. Але сама справа дасць па аўтарытэце ініцыятара.
Вайна скончыцца, калі скончацца грошы. Найбольш цяжкі перыяд 3.03 і каля яго. Галоўнае вытрымаць першы тыдзень. Усё залежыць ад агульнай кансалідацыі людзей. Калі вайна не скончыцца да 20 сакавіка, то працягнецца на год, а то і два. Другі цяжкі перыяд будзе каля 4.04. Вынікі: Расія згубіць аўтарытэт, грошы, унутрытэрытарыяльныя праблемы. Украіна ўжо даўно ўвайшла ў вельмі цяжкі перыяд, які цалкам змяняе краіну. Вайна — адзін з паваротных пунктаў. У Беларусі — пераварот.
Мы вырашылі паразмаўляць з Наталляй і больш уважліва разабрацца з яе прагнозам.
— Людзі ўспрымаюць астралогію як нешта асабістае. А як працуе палітычная астралогія?
— У старажытнасці асоба не мела такога значэння, як зараз. Важна было вызначыць тэндэнцыі для краіны, рэгіёна. Таму пачыналася ўсё акурат з палітычнай астралогіі. Для сельскагаспадарчай краіны было важна, якім будзе надвор’е, ураджай, калі скончыцца вайна, эпідэмія... Палітычная астралогія пачала развівацца з Месапатаміі і актуальная была ўвесь час — тысячы год. Індывідуальны гараскоп мала хто мог сабе дазволіць. Калі і рабілі, то вышэйшая каста — тыя, ад каго лёсы народаў і залежалі.
— Думаеце, Пуцін таксама кансультаваўся з астролагамі?
— Адназначна кансультацыі з акультыстамі былі. Зразумела, што і з вайскоўцамі, і з аналітыкамі. Але без астролагаў не абышлося. У магію лічбаў у Крамлі акурат вераць.
— Ваш прагноз, які з’явіўся 25 лютага, быў зроблены аператыўна ці — загадзя?
— Адразу напісала пасля пачатку вайсковых дзеянняў. Дата пасту — дата прагнозу. Пытаннем адносінаў РФ і Украіны я не займалася, бо не мая сфера. У мяне прыярытэт беларускі. А ў тых краінах ёсць свае астролагі. Але паколькі гэтыя падзеі маюць дачыненне да Беларусі — давялося гэтым пацікавіцца.
— Што зоркі кажуць пра лёс Пуціна ці Зяленскага?
— Трэба ведаць дакладны гараскоп: даты і час нараджэння. Не факт, што даныя ў публічнай прасторы сапраўдныя. Усе мы ведаем, як палітыкі ўмеюць змяняць чысло, месяц, год нараджэння... Але як я глядзела па касмаграмах, у аднаго і другога зараз не самыя лепшыя часы. Самае цікавае, што ў іх ёсць падабенствы! Пуцін і Зяленскі — вельмі жорсткія людзі, якія не маюць ані літасці, ані спачування.
— Што пра гэта кажа?
— Канфігурацыя планетаў: у аднаго і другога сонца ў злучэнні з Сатурнам, а Сатурн — гэта планета жорсткасці, структураванасці, якая нікога не шкадуе. Калі чалавек вырашыў, то будзе рабіць, ні на што не зважаючы. Асабліва калі Пуціна бяром — там знак шаляў, але насамрэч гэта жорсткі знак: ворага душыць з усмешкай на вуснах, метадычна.
— Што значыць Ваша фраза «вайна ініцыявана для самой вайны»?
— Вайна зробленая дзеля разбурэння. Прычына вайны — гэта прага знішчэння, дэструкцыі. Нават калі сёння Расія выведзе войскі, то эканоміка Украіны будзе падарваная... Гэта можна пазначаць як мэту. Для таго яно і рабілася. І самі метады — каб максімальна шкоду нанесці. Як я пісала ў прагнозе, самым цяжкім быў першы тыдзень. А зараз на два гады тэндэнцыя. Бо мы ўвайшлі ў астралагічны год, вайна не скончылася: бліжэйшы год будуць вайсковыя дзеянні рознай інтэнсіўнасці. А калі працягнецца да канца красавіка, то два гады. Калі вайна ўваходзіць у пэўны астралагічны цыкл, то цыкл будзе ў той ці іншай форме працягвацца.
— Урэшце, хто пераможа? Ці будзе пераможца?..
— Нават не разглядаю як вайну Расіі з Украінай. Паводле майго бачання, гэта вельмі складаная гульня з удзелам іншых вялікіх краінаў. Бо перамогуць тыя, на чыёй тэрыторыі няма вайны — Штаты, Кітай, Брытанія. Для Еўропы гэта ў тым ліку спосаб спісаць на нешта каронавірусны крызіс і выдаткі. Шмат ілжывай інфармацыі, каб адцягнуць увагу ад важнага.
— Якое месца ва ўсім гэтым Беларусі?
— У Беларусі цяжкі год. Беларусь у дзіўнай штучнай сітуацыі: з яе робяць «без віны вінаватую». Прычыны ж зусім не ў Беларусі і не ў жаданні беларускага кіраўніцтва, для якога тут няма асаблівай выгады.
— Вы пісалі пра «пераварот» у Беларусі — можаце патлумачыць?
Пакуль сітуацыя вайсковая, з франтамі — змены не будзе. Але калі актыўная вайсковая фаза сканчацца — можа здарыцца. Пераварот — гэта ж найлепшы спосаб на некага ўскласці віну за нешта. Некалькі месяцаў бліжэйшых будуць вельмі цяжкія і складаныя. Даты дакладна вызначаць цяжка. Бо шмат картаў астралагічных трэба глядзець: не ўсе даныя для мяне дасяжныя.
— Лукашэнка перажыве гэты год?
— У яго крызіс як пачаўся ў 2020-м, так і працягваецца. Але дзіўным чынам ён яго перажывае.
— Асобным пастом Вы пісалі пра рост псіхічных захворванняў. Як гэта будзе выглядаць і што з гэтым рабіць?
— Гэта з каронавірусных часоў пачалося, а зараз яшчэ больш. У публічнай прасторы і СМІ шмат запалохвання, максімум высокаэмацыйнага кантэнту — людзі не вытрымліваюць. Вынік — памежныя станы. Ментальнасць усё больш нагадвае сярэднявечную. Маўляў, мы выбралі супраць каго ваюем, хто вінаваты і — паехалі! Больш за тое, неадэкватнасць падаграваецца, правакуецца — гэта трэнд.
— Нешта пазітыўнае можа спрагназуеце?..
— Ды я б сама хацела нешта пазітыўнае, але пакуль нічым пацешыць не магу. Адзіны пазітыў, які вы і самі сабе можаце зрабіць — менш чытайце навінаў, менш з гэтым судакранайцеся. Бо расхістаць сваю псіхіку, нават калі далёка ад вайсковых дзеянняў, вельмі проста.
АК, budzma.org