Будынак, дзе месціцца Слуцкі краязнаўчы музей, быў узведзены напрыканцы XVIII стагоддзя. На сёння гэта адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры класіцызму, якія захаваліся ў горадзе. Пра гісторыю будынка, яго першых жыхароў і іх унёсак у краязнаўства Случчыны Кацярына Ганчарэнка пагутарыла для budzma.org з Ігарам Ціткоўскім, слуцкім краязнаўцам, аўтарам кнігі «Слуцк. Гісторыя горада ў помніках архітэктуры».
Фота Кацярыны Ганчарэнка, budzma.org
Чым адметная пабудова
Ігар Ціткоўскі, фота Кацярыны Ганчарэнка, budzma.org
Ігар Адамавіч Ціткоўскі скончыў Віцебскі педагагічны інстытут. Працаваў настаўнікам у Слуцкай мастацкай школе, дзе выкладаў гісторыю мастацтваў і скульптуру. Аўтар шэрагу кніг аб мясцовай гісторыі. Ягоная кніга «Слуцк. Гісторыя горада ў помніках архітэктуры» (2015) апавядае аб архітэктурнай спадчыне Слуцка.
Будынак сённяшнагя Слуцкага краязнаўчага музея, па інфармацыі Ігара Ціткоўскага, месціўся на нязначнай адлегласці ад горада, тэрыторыю якога да пачатку ХІХ ст. вызначаў старажытны земляны абарончы вал. Праз рост горада ў першай палове ХІХ ст. асабняк апынуўся ў межах Слуцка.
Фота Кацярыны Ганчарэнка, budzma.org
Фота Кацярыны Ганчарэнка, budzma.org
Дом быў адметны сваёй пабудовай. Яго ўзвялі на балоцістым месцы непадалёк ад Ільінскага манастыра. Частку тэрыторыі адвялі пад гаспадарчыя пабудовы, сад, агарод, кветнікі. Зямлю асушылі, а на яе месцы насыпалі досыць вялікую горку, з якой было магчыма пабачыць бліжэйшыя хутары, засеяныя раўніны і нават вярхі храма Троіцкага манастыра.
Так выглядаў дом у 1960-я гады
Хто заснаваў будынак
Як апавядае слуцкі краязнаўца: «Ад пачатку гэта быў загарадны асабняк, у якім жыў слуцкі гараднічы барон Шталь (Сталь, Стаэль). Фердынанд Шталь — выхадзец з баварскіх дваранаў, адстаўны вайсковец з Франконіі. Ён быў выпускніком Візбургскага ўніверсітэта, ведаў шмат моваў і меў добрую бібліятэку. Займаўся калекцыяваннем: адзін пакой асабняка быў адведзены для калекцыі медалёў».
Пасля смерці першага гаспадара маёнтак запусцеў, нашчадкі шукалі там схаваныя скарбы. Пэўны час у сядзібе пражываў сын Фердынанда, Карл Шталь.
Карл нарадзіўся ў Слуцку, вучыўся ў мясцовай кальвінскай гімназіі. Па сканчэнні школы паступіў у Імператарскую ваенную акадэмію ў Санкт-Пецярбургу. У 1837 годзе пачаў вайсковую службу на Каўказе, пасля якой назаўсёды пакінуў родны горад. Астатняе жыццё правёў у Адэсе.
Карл Шталь з сям’ёй у Адэсе, 1880-я гады
Варты ўвагі факт, што на службе ў расійскім войску, на пасадзе прапаршчыка, Карл праяўляў інтарэс да традыцый адыгейцаў. Ён напісаў «Этнографический очерк черкесского народа», які карыстаўся ўвагай даследчыкаў Каўказа.
Вокладка кнігі «Этнографический очерк черкесского народа»
«Успаміны аб Слуцку»
Слуцк быў улюбёным месцам для Карла. У семдзесят гадоў ён напісаў свае ўспаміны аб горадзе. «Wspomnienia o Słucku» (на польскай мове) надрукавалі ўжо пасля смерці аўтара ў 1905 г. у Гнезне.
Вокладка кнігі «Wspomnienia o Słucku»
Як кажа Ціткоўскі: «Карл Шталь быў знаёмы з гісторыяй Случчыны ад далёкіх часоў — гэта вынікае з яго ўспамінаў пра горад». У допісах аўтар апавядае пра свой маёнтак, а таксама пра горад і яго славутасці. Надае ўвагу старажытнай эпосе: узгадвае гераізм случчан, якія баранілі сваё месца ад нашэсцяў мангольскай арды ў ХІІІ стагоддзі. Адзначае Карл тое, што ў Слуцку, узведзеным з дрэва, праз пажары і напады ворагаў няшмат чаго захавалася са старажытных часоў.
Не абмінае барон Шталь і гарадскую культуру ХІХ стагоддзя:
«...Ідзем далей па Віленскай вуліцы, даходзім да рынка: шырокі прастакутнік, падзелены на дзве роўныя часткі паблізу драўляных крамаў... Пакідаючы рынак, не магу не ўспомніць рускага Ваньку, які штогод наведваў Слуцк і здымаў крамы ў гэтым горадзе. Ванька першым пазнаёміў слуцкае наваколле з ужываннем гарбаты і самавара, прывёз ікру, балык з асятра, шамайку (від рыбы), футра і іншыя рускія тавары...»
Гэтак жа ў запісках расказваецца, як тутэйшыя беларусы святкавалі Вялікдзень:
«...Добра праходзілі ў Слуцку Велікодныя ўрачыстасці. У 11 ночы пачыналася Літургія ў Фары, затым у Бернардзінцаў, пасля ў Касцёле св. Духу, і ва ўсіх 12 цэрквах горада. Сяляне з бліжэйшых вёсак заўсёды наведвалі тыя святкаванні. Цырымонія сканчвалася споведдзю кс. Шантыры на народнай беларускай мове; з вялікай увагай жыхары слухалі тую споведзь, якая звычайна заканчвалася трохразовым паўтарэннем: «Хрыстос нарадзіўся», на што адказвалі «Славім яго». Так прыязна злучаліся лацінскія і грэчаскія веравызнанні, некалі раз’яднаныя палітыкай грэчаскіх правіцелей...»
Барон захапляўся рознымі святамі, што ладзілі жыхары горада. Калядны верцеп у Слуцку ўразіў яго так, як ніводны верцеп ва ўсёй Літве.
Па невядомых прычынах у сваіх допісах Карл застаўся ананімным. Ужо пазней беларускі гісторык і філолаг Адам Мальдзіс раскрыў асобу аўтара ў сваім артыкуле «Таямнічы аўтар».
Далейшы лёс будынка
У другой палове XIX ст. месца перайшло ў гарадскую казну, і да пачатку XX ст. служыла Домам дваранскага сходу (дваранскім клубам). Па звестках, якія захаваліся, тут было месца збору не толькі мясцовых дваран (шляхты), але і гарадской інтэлігенцыі, паважаных заможных мяшчан.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў будынку мясціўся рабочы клуб імя Крэйнеса, знаходзіліся райкам камсамолу, гарадская бібліятэка. Падчас нямецкай акупацыі ў 1941–1944 гг. — салдацкі клуб і салдацкая сталовая. Пасля вайны — клуб будаўнікоў, райкам камсамолу. На працягу 1951–1957 гг. — рэдакцыя раённай газеты. У 1966 г. будынак быў перададзены Слуцкаму краязнаўчаму музею.
Фота Кацярыны Ганчарэнка, budzma.org
На жаль, у музеі не засталося рэчаў ад колішніх гаспадароў. Сваю калекцыю медалёў Фердынанд Шталь перадаў Варшаўскаму ўніверсітэту. Затое ўспаміны Карла аб горадзе адкрываюць погляд на зусім іншы Слуцк: на горад з мноствам храмаў і адметнай культурай.
Цяпер кніга Карла Шталя «Успаміны аб Слуцку» захоўваецца ў фондзе Нацыянальнай бібліятэкі Мінска (Таксама яе можна знайсці ў бібліятэцы Расійскай акадэміі навук у Санкт-Пецярбургу). Яна дагэтуль чакае свайго перакладу на беларускую мову. Фрагменты адтуль даступныя на сайце Слуцкага краязнаўчага музея.
Кацярына Ганчарэнка, budzma.org