Журналіст-фрылансер Арцём Сізінцаў рыхтуе да публікацыі краязнаўчую кнігу пра гісторыю аршанскага футболу.
Кацярына Ганчарэнка пагаварыла з Арцёмам пра тое, як ідзе праца над кнігай, гісторыю беларускага футболу і выкарыстанне беларускай мовы ў спартовых СМІ, а таксама пра тое, ці сапраўды Орша — самы зрусіфікаваны горад, як прынята думаць.
Журналіст-фрылансер.
Скончыў факультэт журналістыкі БДУ у 2013 г. Супрацоўнічаў з газетамі «Всё о футболе», «Прессбол», «Радыё Р**ыя» і іншымі выданнямі.
У сваіх публікацыях надае ўвагу спорту. Цікавіцца падарожжамі, інтэлектуальнымі гульнямі.
— Калі беларуская мова стала для вас неабходнай?
— Беларуская мова стала для мяне неабходнай, калі я дабраўся да публіцыстыкі Ніла Гілевіча. Ягоныя працы мяне захапілі сваёй прастатой. Я зразумеў, што недастаткова валодаць мовай і чытаць на ёй: ёй варта карыстацца. І з пятнаццаці гадоў я пачаў вяртацца да каранёў. У сямнаццаць беспаваротна прыйшоў да беларушчыны — размаўляў па-беларуску ўжо не ў асобным атачэнні, а заўсёды.
Пра беларускую мову ў спартовых СМІ
— Наколькі часта выкарыстоўваецца беларуская мова ў спартовых СМІ?
— Што тычыцца беларускай мовы ў футболе, то яна там практычна адсутнічае. Я зразумеў, што калі яе там не прасоўваць, тады яна там ніколі не з’явіцца.
Пра спорт я пісаў пераважна ў рускамоўных выданнях, бо так скалалася, што спартовая галіна зрусіфікаваная. Таму пераважна даводзілася пісаць артыкулы па-руску. Пісаў для «Всё о футболе» і «Прэсболу». Першая газета была дзяржаўнай, якую ўтрымлівала футбольная федэрацыя, выданне, на жаль, развалілася. «Прэсбол» у мой час быў прыватным выданнем, у якім у мяне атрымалася прагнуць сваю лінію і пісаць у тым ліку па-беларуску.
«Мне хочацца, каб мы чыталі пра дасягненні футбалістаў і іншых спартоўцаў на сваёй мове, а не на чужой»
Нягледзячы на статут «Прэсбола», які гарантуе напісанне матэрыялаў на дзвюх мовах, пераважная частка артыкулаў напісана на рускй мове. З боку рэдакцыі пісаць па-беларуску не ўспрымалася як неабходнасць, а ўсяго толькі як уласнае жаданне чалавека. Мяне прасілі папярэджваць, калі планую пісаць артыкулы на роднай мове, бо я «мушу ведаць правілы гульні». Але ж сярод журналістаў былі людзі, якія камунікавалі са мной па-беларуску. Сітуацыя не была цалкам безнадзейнай.
З 2016 года я супрацоўнічаю з «Радыё Р**ыя». Гэтае радыё асвятляе тэму спорта не ў першую чаргу, але спартовая рубрыка там таксама ёсць (я адзін з тых, хто займаецца ёй). Радыё цалкам вяшчае па-беларуску, таму з боку рэдакцыі ніякага супрацьдзеяння наконт мовы не было.
Калі параўноўваць вашыя артыкулы, напісаныя па-беларуску і па-руску, якія з іх чыталі больш?
— Мне падаецца, што колькаць чытачоў сур’ёзна не змянялася. Што тычыцца артыкулаў у «Прэсболе», то выданне мае чытачоў з Украіны, Малдовы, Расіі і іншых краінаў. Напэўна, беларускую не разумелі хіба што малдаване і расейцы. Але нельга сказаць, што артыкулы не чыталі, бо большая частка чытачоў — беларусы, якія валодаюць ці прынамсі разумеюць беларускую мову. На форуме людзі дзякавалі мне як аўтару і радаваліся таму, што на палосах газеты і на старонках сайта з’яўляюцца матэрыялы на роднай мове.
Пра што кніга
— Распавядзіце, пра што будзе вашая кніга?
— Я з’яўляюся прапагандыстам логікі, што трэба падтрымліваць тое месца, дзе даўно жывеш. Я як карэнны аршанец з дзяцінства наведваю гульні каманды «Орша» (гістарычная назва «Старт»). Я мару пра тое, што першая назва калі-небудзь вернецца. І ў маёй кнізе гэта будзе алюстравана.
Фота з гістарычнага архіву каманды «Старт»
Кніга будзе тычыцца не толькі «Старту», а ўвогуле аршанскага футболу, бо, на мой погляд, ён варты ўвагі. Таксама будзе закранацца гісторыя на працягу апошніх 70-ці гадоў.
Пішу кнігу ўжо дзесяць гадоў. Увесь гэты час пайшоў на незлічоныя пошукі разнастайных архіваў, успамінаў.
Мая праца цягнецца столькі менавіта таму, што мы не «Барселона», і нават не «Дынама-Мінск» — каманды, пра якія існуюць тысячы публікацый, дзясяткі кніг. Пра аршанскі футбол ніхто не пісаў як пра каштоўнасць. Вядома, былі пэўныя публікацыі, але гэта трэба было ўсё сістэматызаваць.
Кніга ўжо набліжаецца да свайго заканчэння ў плане фактуры, але невядома, колькі гадоў пойдзе на яе афармленне. Мне хочацца, каб яна была якаснай, а не выданнем дзеля выдання.
Напачатку я не планаваў пісаць кнігу, але потым зразумеў: будзе вельмі шкада, калі дадзеная інфармацыя выйдзе толькі асобнымі матэрыяламі, бо тое, што застаецца на паперы, застаецца надоўга ў памяці.
На жаль, не так шмат засталося інфармацыі аб гісторыі аршанскага футболу. Таму я лічу сваім доўгам напісаць аб футбалістах мінулага, падзяліцца фатаздымкамі, якія ўдалося здабыць праз цяжкую працу.
Кніга будзе тычыцца не толькі «Старту», але і іншых камандаў з Оршы і Аршаншчыны, якія ўдзельнічалі ў чэмпіянатах краіны. Напрыклад, каманда «Колас», якая, дзякуючы не вялікім грашам, а менавіта бязмежнаму энтузіязму сваіх кіраўнікоў, здолела дамагчыся выхаду ў чэмпіянат БССР, а потым стала ўдзельніцай чэмпіянату незалежнай Беларусі.
«Мне ўдалося знайсці ўнікальныя дакументы, якія праліваюць святло на гісторыю каманд, якая была нікому не вядомай»
Я маю на мэце знайсці таго, хто прывёз першы мяч у Оршу.
Таксама планую знайсці дакументы з апошніх часоў існавання Расейскай імперыі, першыя гады замацавання БССР. Гэтая тэма правакуе на далейшыя пошукі: ты пачынаеш цікавіцца не толькі футболам, а гісторыяй людзей, навучальных устаноў у Оршы, якія існавалі ў той момант.
Усё звязана. Футбол не ўзнік на роўным месцы. Ён арганізоўваўся пэўнымі энтузіястамі. Гэта ўсё цікава вывучаць і ў той жа час складана, бо няшмат дакументаў засталося з ранейшых часоў. Нехта з тутэйшых футбалістаў эміграваў, пэўныя архівы згарэлі падчас Грамадзянскай і Другой сусветнай войнаў.
Фота з гістарычнага архіву каманды «Старт»
Таму знайсці такія дакументы — штосьці сапраўды ўнікальнае, бо яны адлюстроўваюць не толькі гісторыю футболу, а ўвогуле грамадскае жыццё.
— Ці ўдалося вам атрымаць звесткі аб месцы беларускай мовы ў футболе?
— Так. Беларускі футбол быў беларускім на той момант, калі ён быў яшчэ даволі прымітыўным — у перыяд беларусізацыі 20х гадоў — кароткі, але даволі слаўны перыяд нашай гісторыі.
Шэраг дакументаў таго часу (пратаколы, паседжанні спартовых камісій, тэлеграмы) афармляліся па-беларуску. Калі Аршанская футбольная каманда запрашала да сябе ў госці каманду Віцебскую, яна адбівала тэлеграму на беларускай мове.
З таго часу існуе даволі шмат дакументаў, якія мне не даводзіцца перакладаць з рускай на беларускую. На пачатку дзевяностых нашая мова не паспела ўкараніцца ў грамадстве: неўзабаве настаў чарговы этап русіфікацыі. Таму, некаторыя людзі цяпер здзіўляюцца, што пра футбольныя матчы і каманды пішуць артыкулы на нацыянальнай мове.
«Орша самы што ні на ёсць беларускі горад»
— У грамадстве пануе пэўны стэрэатып пра Оршу як пра самы зрусіфікаваны горад. Ці бачылі Вы дакументы аб футбольнай камандзе Оршы на беларускай мове?
— Пэўныя дакументы захаваліся з 1920 года: сведчанні пра сельскую гаспадарку Аршанчыны, неабходнасць замены дарожнага пакрыцця, домаўладанне, вынікі спартовых паседжанняў — усе яны былі на беларускай мове.
У пазнейшы час гістарычныя матэрыялы пра Аршанскі футбол пісала газета «Куцейна». Падобныя публікацыі былі і ў «Ленінскім прызыве».
Орша — самы што ні на ёсць беларускі горад. Беларуская мова адыграла вялікую ролю ў Аршанскай гісторыі, а, напрыклад, у першай палове дваццатага стагоддзя дзвюма галоўнымі мовамі ў горадзе былі беларуская і ідыш.
Руская мова выкарыстоўвалася толькі прыезджымі настаўнікамі, прыказчыкамі, расейскімі чыноўнікамі, праваслаўнымі духоўнікамі. Пры канцы дзевятнаццатага стагоддзя аршанцы працягвалі размаўляць на роднай мове, хоць і з прымешкам рускіх словаў.
Актыўны распаўсюд рускай прыйшоўся на пачатак 50-х гадоў дваццатага стагоддзя, калі шмат хто з аршанцаў пабываў у эвакуацыі, у прыватнасці, ва Узбекістане, і там ужываў рускую як міжнацыянальную мову зносінаў таго часу.
Варта ўзгадаць, што не менш за траціну насельніцтва складалі габрэі. Ідыш, як і беларуская мова, займаў важнае месца ў жыцці аршанцаў. І нават пасля 50-х некаторыя габрэі працягвалі размаўляць на сваёй мове. Беларускую, натуральна, таксама ведалі.
«Русіфікацыі шмат стагоддзяў, але рускай мове ў Оршы толькі некалькі дзесяццігоддзяў»
— Дрэнна тое, што ў Оршы няма беларускай адукацыі, вельмі рэдка можна пачуць адказ па-беларуску ў сферы абслугоўвання, грамадскі транспарт загучаў па-беларуску толькі праз шматгадовыя настойлівыя патрабаванні мясцовых патрыётаў. Але беларускі дух захоўваецца. З Оршы паходзіць шмат цудоўных людзей з сапраўды беларусацэнтрычным светапоглядам, таму нельга сказаць, што зараз у горадзе справа ідзе да суцэльнай «Расеі».
На мой погляд, беларусам трэба пачынаць з саміх сябе. Даволі цынічна казаць штосьці накшталт «Какой красивый язык, мы не должны его утратить», пры гэтым працягваць вучыць сваіх дзяцей па-руску і не адпавядаць сваім поглядам. Не трэба хваліць тых, хто перайшоў на беларускую, калі самому не хапіла на гэта смеласці.
Я як беларускамоўны чалавек не чакаю ні станоўчай, ні адмоўнай рэакцыі. Не варта пляскаць у далоні, калі чуеш беларускую. Беларуская мусіць успрымацца як звычайная мова для адносінаў і кожны, хто прыязджае ў нашу краіну жыць, мусіць яе вучыць. Менавіта такія ўмовы мае стварыць сапраўдная беларуская дзяржава.
Гутарыла Кацярына Ганчарэнка, budzma.org