Беларусь, якую можна было насіць на сабе: кароткая гісторыя нацыянальнага дызайну ў вопратцы

У ліпені 2026 года амаль адначасова абвясцілі пра заканчэнне працы Honar і LSTR, а мінская этнакрама Ragna зачынілася пасля 13 гадоў дзейнасці. Разам з імі сыходзіць цэлы пласт гарадской культуры. Але з намі застаецца візуальная мова, якую гэтыя праекты стварылі. Дзякуючы ім нацыянальныя сімвалы перасталі быць атрыбутам фальклорнага свята і зрабіліся часткай паўсядзённага гардэроба. Беларусь навучылі пазнаваць па адной літары, сілуэце, цытаце ці нават жарце.

Нацыянальны дызайн даўно стаў шырэйшы за традыцыйны чырвоны арнамент. Цяпер гэта таксама схема метро, Каліноўскі, літара «Ў», Драздовіч, рагачоўская згушчонка, школьны плакат і фраза са старой тэлерэкламы. У гэтым артыкуле згадваем самыя яскравыя нацыянальныя дызайны.

Гісторыя як вулічная графіка

Гісторыя LSTR пачалася з назірання за тым, як мінуўшчына можа выглядаць модна. У 2010-м Ілля Аксёнаў убачыў у Польшчы футболку пра варшаўскі напалеонаўскі полк на фэсце рэканструкцыі Грунвальдскай бітвы і захацеў стварыць падобнае пра Беларусь. Першыя майкі выйшлі з крылатым вершнікам, а далей гісторыю пачалі перакладаць на мову гарадской моды. Узімку 2011-га стваральнік LSTR закупіў 30 шапак і замовіў на іх вышыўку «Калюмнаў», старажытнага знака часоў ВКЛ.

З 2015 года LSTR меў уласную вытворчасць. Для брэнда было прынцыпова, каб рэчы цалкам вырабляліся ў Беларусі, а прынты наносіліся тэхнікай шаўкаграфіі і воднымі фарбамі. Больш простых варыянтаў з нанясеннем малюнкаў на кітайскія майкі ці швэдры было ўжо недастаткова.

Па словах стваральнікаў, першы наклад світшотаў, а іх было каля 40 штук, яны прадалі прыкладна за гадзіну ў двары каля менскага метро.

01-lstr.jpg«Ave Kastus!»: паўстанцы 1863–1864 гадоў у кампазіцыі паводле «Тайнай вячэры»

Дызайн «Ave Kastus!» сабраў за адным сталом паўстанцаў 1863–1864 гадоў.

Калекцыя 2015-га зрабіла пазнавальнымі сімваламі Менск, «Biełaruś» і схему метро. У 2025-м LSTR пайшоў яшчэ далей: беларускі «Карагод» паводле Маціса, «Рагачоўскае мастацтва» паводле Уорхала і візуальная энцыклапедыя «Have you seen Belarusian?».

02-lstr.jpg Серыя LSTR х julrovo, 2025: Беларусь як поп-арт, танец і набор рэчаў-пароляў

Некаторыя прынты прыходзілі проста з беларускага інтэрнэту. Напрыклад, дызайн «Не чапай, бо лясне» створаны на падставе плаката 10-гадовай школьніцы Наталлі Хвацік для конкурсу «Энергетыка вачыма дзяцей». Малюнак стаў мемам, а пасля папулярным прынтом.

08-lstr.jpg Ад школьнага плаката да майкі: «Не чапай, бо лясне»

Цікавая біяграфія ў дызайна «Агульная млявасць і абыякавасць да жыцця». Гэтая фраза паходзіць з тэлерэкламы экстранай псіхалагічнай дапамогі канца 1990-х на Беларускім тэлебачанні. Яна перажыла сам ролік і стала адной з самых папулярных крылатых фраз па-беларуску. У LSTR яна ператварылася ў пазнавальны жарт, нібы дыягназ цэламу пакаленню, надрукаваны на вопратцы. Як казалі самі стваральнікі, гэта «любімая фраза нашых матуль і школьных настаўнікаў».

32-lstr.jpg«Агульная млявасць і абыякавасць да жыцця»

Наступныя дызайны паказваюць розныя механізмы брэнда: класік становіцца гарадскім мемам, назва краіны — хімічнай формулай, глабальны outdoor-код — палескім, а радок з верша «Нашай Ніве» (1911) літаральна зорным небам.

Дызайны LSTR

У 2018 годзе LSTR супольна з Лідскай абутковай фабрыкай выпусцілі першую партыю лідскіх кедаў з калюмнамі ВКЛ. Тую партыю раскупілі менш чым за суткі.

08-lstr.jpg LSTR х Лідская абутковая фабрыка, 2018

LSTR некалькі разоў рабіў калабарацыі з вядомымі беларускімі медыя, такімі як CityDog. by, 34Mag. net і «Трыбуна».

35-lstr.jpgLSTR х «Трыбуна»: альтэрнатыўная форма зборнай Беларусі з «Пагоняй», 2017. Фота Настассі Рагатко

Беларусь без музейнай вітрыны

Брэнд Honar паслядоўна сыходзіў ад формулы «белая кашуля і чырвоны арнамент» да паўсядзённага адзення з аўтарскім прычытаннем вышыўкі і адметнымі ілюстрацыямі.

Познія прынты асабліва моцныя: «Бабкі» Яны Доўнар — вясковая сцэна без фальшывай настальгіі, «Аўтобус» Вікторыі Апановіч — звычайны гарадскі аб’ект, які раптам працуе як знак месца, «Гомельскі» — цэлая вобласць, сабраная ў дэталях на джэмперы.

09-honar.jpg«Бабкі», малюнак Яны Доўнар

10-honar.jpgДжэмпер «Гомельскі»

Брэнд прапаноўваў нацыянальны дызайн не «на свята», а на кожны дзень.

11-honar.jpg «Васьмірог»: як традыцыйная геаметрыя працуе ў лаканічным сучасным кроі

Honar быў адметны тым, што не проста ставіў гістарычны знак на грудзі. Такія элементы, як партрэт гетмана, радок «А ты ідзі», гарады на ўяўнай мапе БНР прымушалі задумацца пра ідэнтычнасць. Нехта апранаў майку, а пасля сотні людзей маглі азнаёміцца з гісторыяй Беларусі на вуліцы ці ў метро.

Дызайны Honar

У калекцыі «Асобным атрадзе» да 100-годдзя БНР заснавальнікі брэнда Карына Адзесенка і Павал Доўнар працавалі з сапраўднай візуальнай спадчынай Беларусі: мапай, Устаўной граматай і маркай з «Пагоняй».

Дызайны Honar: «Асобны атрад», Якуб Колас у Coca-Cola і Багдановіч пад «залатымі аркамі»

У 2016 годзе адной з мадэляў брэнда стала вядомая беларуская гімнастка Меліціна Станюта.

Крама як жывы архіў

Крама Ragna ўпершыню адчыніла дзверы 1 жніўня 2013 года і называла сябе першай этнакрамай у Беларусі. Яе стваральнікі адразу фармулявалі сваю місію шырэй за продаж рэчаў. Яны мелі на мэце шукаць і ствараць сучасныя формы этнастылю і беларускай ідэнтычнасці. Таму Ragna была, апрача крамы, яшчэ і куратарам, у іх каталогу суседнічалі вопратка, кераміка, упрыгожанні, кнігі і працы дзясяткаў беларускіх майстроў.

18-ragna.jpg «Каб гаварыць па-беларуску, трэба мець сэрца. Каб пісаць, дастаткова гэтай клавіятуры» — подпіс да «клава.бел»

Дызайн «Менск 997» паказвае, як хутка гэты жывы архіў рэагаваў на навіны. Калі даследчыкі паведамілі, што дубовыя канструкцыі гарадзішча на Менцы датуюцца 997 годам, новая прапанаваная дата ранняга Менску амаль адразу стала дызайнам і ўвасобілася на вопратцы ад крамы Ragna.

19-ragna.jpg «Менск 997»: дызайн, які адгукнуўся на новае датаванне гарадзішча на Менцы

20-ragna.jpgІнтэр’ер крамы. Фота: Павал Хадзінскі

Маштаб Ragna асабліва ўражвае, калі ўлічыць, што перад закрыццём у фізічнай краме працавалі ўсяго тры чалавекі.

Горад, краёвасць і лакальныя героі

У 2021 г. праект VANDRA Рамана Кляўжыца і брэнд TSUDA зрабілі супольную капсулу, у якой вопратка працавала як гістарычны гід. У яе ўвайшлі худзі «Спадчына», світшот «Руіны краіны» і майкі «Скірмунт» ды «Рэнесанс».

Дызайны VANDRA х TSUDA. Фота: Павал Хадзінскі

Вышымайка, якая стала масавай

У 2014-м Symbal. by зрабіў «вышымайку» (майку з імітацыяй традыцыйнага арнаменту) масавай з’явай.

Першыя 200 вышымаек увогуле не прызначаліся для продажу, іх зрабілі, каб узнагароджваць пераможцаў творчых конкурсаў кампаніі «Свабода Арт». Толькі пасля іх імгненнага поспеху з’явіліся новыя наклады, а затым і крама Symbal. by.

Да вясны 2016 года праект прадаў каля 15 тысяч вышымаек, а ягоны беларускамоўны сайт наведалі людзі са 135 краін. Вышымайку надзявалі на канцэрты і гарадскія святы, але таксама насілі ў звычайны дзень, такім чынам культурную прыналежнасць можна было паказаць без святочнага строю. Потым прыйшлі аўтарскія выцінанкі, эксперыменты накшталт «стразаванкі» і дзясяткі прынтоў, дзе нацыянальны код стаў гучным выказваннем.

23-symbal.jpg «Стразаванка» з матывам Ярылы, 2015

24-symbal.jpg «Смелым — Перамога», дызайн Макса Пякарскага

«Псіхо3%» у 2020-м зліў у адзін знак два мемы: слова «псіхоз», якім Лукашэнка называў рэакцыю на пандэмію, і «3%» — інтэрнэт-жарт пра ягоны рэйтынг.

Рэакцыя ўладаў на дызайн была жорсткай. 12 чэрвеня 2020-га міліцыя спыніла кур’ера і забрала 419 маек. Пасля пачаліся праверкі, прыпыненне вытворчасці і ціск на краму. Заснавальнік Symbal. by Павал Белавус у 2023 годзе быў асуджаны на 13 гадоў калоніі.

25-symbal.jpg«Псіхо3%»

Шлях Symbal. by — гэта шлях ад дызайну культурнай ідэнтычнасці да дызайну адкрытай грамадзянскай пазіцыі.

Калі нацыянальнае стала масавым

Mark Formelle паказаў, што тэма працуе і можа быць масавай.

У 2019-м парныя шкарпэткі «Дранік» і «Смятанка» сталі інтэрнэт-хітом, за некалькі дзён здымак назбіраў больш за 10 тысячаў падабаек, а ў інтэрнэт-краме іх хутка раскупілі.

У тым жа 2019-м кампанія выпусціла да Дня роднай мовы калекцыю #МоваГэтаСтылёва, у якой ператварыла школьныя правілы — «Жы/Шы», «Дж/Дз», «Ў/І» — у графіку на шкарпэтках.

MF.png

У 2023 годзе дзякуючы калабарацыі з Нацыянальным мастацкім музеем з’явілася вопратка з «Сатурніянскім цыклам» Язэпа Драздовіча, працамі Івана Хруцкага, Міхаіла Філіповіча ды іншых мастакоў.

26-mark.jpgMark Formelle х Нацыянальны мастацкі музей, 2023

27-mark.jpgСамы кароткі беларускі прынт — адна літара «Ў»

Асобны дызайн зрабіў з назвы краіны моўную памятку: слова «Белоруссия», звыклае ў расейскім ужытку, закрэслілі і замянілі на «Беларусь». Майка вучыла называць краіну так, як называюць яе самі беларусы. Прынт ператвараў афіцыйную назву ў кароткі ўрок павагі, бо права на ўласнае імя таксама з’яўляецца часткай нацыянальнай ідэнтычнасці.

28-mark.jpgНазва краіны як кароткі ўрок павагі. Фота: TUT.BY

Яшчэ адзін кірунак — беларуская мова як штодзённая дэталь. У 2023 годзе Mark Formelle выпусціў шкарпэткі з радкамі з хітоў «Песняроў» — «Зачараваная», «Белавежская пушча» і «Журавы на Палессе ляцяць».

29-mark.jpg«Песняры» на шкарпэтках, 2023

У 2024-м з’явіўся набор са словамі «Кахай», «Натхняй» і «Чаруй».

30-mark.jpg «Кахай», «Натхняй», «Чаруй» і «Беларускі вандроўнік», 2024

Гэтыя прынты варта збіраць цяпер як архіў паўсядзённай Беларусі, у якім вялікая гісторыя ўвасобілася ў самых звычайных рэчах.

Павал Хадзінскі, budzma.org