Атрымаць вышэйшую адукацыю па беларускай мове ў Польшчы сёння можна ў трох універсітэтах — у Беластоку, Варшаве і Познані. Кожны з іх прапануе ўласную мадэль беларусістыкі: як мовы нацыянальнай меншасці, як часткі ўсходнеславянскага кантэксту або як самастойнай філалагічнай спецыяльнасці. "Новы час" расказвае, чым адрозніваюцца гэтыя праграмы і якія магчымасці яны адкрываюць для студэнтаў.

Шыльды Беларускага ліцэя імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску-Падляшскім. Крыніца: Bladyniec / Wikimedia Commons
У 2016 годзе прафесарка Галіна Тварановіч называла закрыццё беларускай філалогіі ва Універсітэце ў Беластоку «сапраўдным абсурдам». Праграма існавала каля дваццаці гадоў, але некалькі набораў запар не магла сабраць патрэбнай колькасці студэнтаў. «Пару гадоў мы не маглі набраць вызначаную рэктарам колькасць студэнтаў — і накірунак згас», — тлумачыла тады Тварановіч беластоцкай «Ніве».
У 2025/26 навучальным годзе ўніверсітэт паспрабаваў яшчэ раз і адкрыў бакалаўрскую праграму «Беларуская этнафілалогія». На 31 снежня 2025 года на ёй вучыліся дзесяць чалавек.
Шмат гэта ці мала, каб гаварыць пра вяртанне традыцыі?
Акрамя Беластока, беларускую мову можна вывучаць у Варшаве і Познані. Гэтыя тры ўніверсітэты прапануюць тры розныя адказы на адно пытанне: навошта вывучаць беларускую мову ў Польшчы?
Этнафілалогія тут спалучае вывучэнне мовы з рэлігійнай разнастайнасцю і матэрыяльнай культурай Падляшша, гісторыяй мясцовай беларускай меншасці, а таксама тэкстамі часоў Вялікага Княства Літоўскага. Пасля трох гадоў навучання студэнты павінны валодаць беларускай мовай на ўзроўні C1.
Змест праграмы невыпадковы. Беларусы на Падляшшы — традыцыйная нацыянальная меншасць. Найбуйнейшыя яе асяродкі знаходзяцца на паўднёвым усходзе ваяводства. У пяці мясцовых гмінах беларуская мае статус дапаможнай мовы ў зносінах з адміністрацыяй, а ў гміне Орля населеныя пункты атрымалі дадатковыя беларускія назвы. Мову вывучаюць у школах, яна прысутнічае ў мясцовай прэсе, культурным і рэлігійным жыцці — як у літаратурнай форме, так і ў мясцовых гаворках.
Сам універсітэт ад пачатку разлічваў як на выпускнікоў школ Падляшша і іншых рэгіёнаў Польшчы, так і на маладых мігрантаў з Беларусі, якія цяпер жывуць у ваяводстве.
Для рэгіёна гэта яшчэ і практычная праблема: паміж цяперашнімі настаўнікамі беларускай мовы і магчымым новым пакаленнем выкладчыкаў утварыўся разрыў. «Настаўнікі беларускай мовы часта ўжо перадпенсійнага ўзросту. Калі не будзе вышэйшай адукацыі, не будзе каму вучыць у школах», — казала адна з аўтарак праграмы Анна Саковіч у размове з Радыё Рацыя.

Удзельнікі ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання XXX Алімпіяды па беларускай мове ў Польшчы ў Варшаўскім універсітэце. Крыніца: budzma.org
У Познані беларускую заўсёды вывучаюць разам з іншай мовай. У 2025/26 навучальным годзе яна існавала як спецыялізацыя на ўсходнеславянскай філалогіі ва Універсітэце імя Адама Міцкевіча: студэнты асвойвалі беларускую з нуля да ўзроўню B2+, паралельна вывучаючы яшчэ адну ўсходнеславянскую мову — украінскую або рускую. У праграму ўваходзілі гісторыя Беларусі, літаратура, даследаванні моўнага памежжа і польска-беларускія перакладчыцкія майстэрні.
У наборы 2026/27 навучальнага года беларускую прапануюць ужо ў складзе дзвюх парных праграм: разам з украінскай і разам з рускай. Кожная разлічаная на 15 месцаў.
Пра цікавасць студэнтаў сведчыць секцыя беларусістыкі, створаная ў 2023 годзе з іх уласнай ініцыятывы. Яна аб’ядноўвае тых, хто цікавіцца беларускай мовай, літаратурай і культурай, займаецца даследаваннямі і рэалізуе ўласныя праекты.
«Кожны, хто цікавіцца моўна-культурнай праблематыкай Беларусі, можа знайсці тут месца для сябе», — гаворыцца ў апісанні секцыі.

Трэццяя Агульнапольская студэнцка-дактаранцкая канферэнцыя па беларусістыцы ва Універсітэце імя Адама Міцкевіча. Крыніца: Iнстытут усходнеславянскіх філалогій UAM
Кафедра беларускай філалогіі ў Варшаўскім універсітэце існуе з 1956 года, а з 2005-га яна носіць назву Кафедры беларусістыкі.
«Мы суседнія краіны, а добрае веданне суседзяў дапамагае эканамічным, палітычным, добрасуседскім і культурным кантактам», — тлумачыў у 2026 годзе кіраўнік кафедры Радаслаў Калета. Ён таксама падкрэсліваў, што палітыку афіцыйнага Мінска нельга атаясамліваць з беларускім народам.
У наборы на 2026/27 навучальны год бакалаўрская праграма «Беларуская філалогія з англійскай мовай» прапануе 35 месцаў. Беларускую можна пачаць вывучаць з нуля, нават не ведаючы кірыліцы, і за тры гады дайсці да ўзроўню C1. Разам з практычнай мовай студэнты вывучаюць літаратуру і культуру Беларусі, пераклад і месца краіны ў сучаснай Еўропе.
На двухгадовую магістратуру набіраюць да дзесяці студэнтаў, а выніковы ўзровень валодання беларускай мовай павінен адпавядаць C2. Тут мова ўжо выступае як прафесійны інструмент. Студэнты вывучаюць беларускую ў медыя, бізнесе і палітыцы, спецыяльнае пісьмо, тэорыю перакладу і рэдагаванне навуковых тэкстаў.
Такім чынам, сярод трох разгледжаных універсітэтаў толькі Варшава прапануе поўны адукацыйны цыкл — ад пачатковага ўзроўню да магістратуры і ўзроўню C2.
У рэкрутацыйнай сістэме для абедзвюх праграм пазначаная мінімальная колькасць студэнтаў — пяць чалавек. Амаль сямідзесяцігадовая традыцыя выглядае трывалай, але і яе будучыня, як і раней, залежыць ад новых набораў.

Прэзентацыя падручніка беларускай мовы для палякаў у Варшаўскім універсітэце, 2017 год. Кніга разлічаная на пачатковы і сярэдні ўзроўні. Крыніца: Кафедра беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта
Паводле Малога статыстычнага штогодніка Польшчы за 2025 год, беларускую як мову нацыянальнай меншасці вывучалі 1460 вучняў у 25 пачатковых школах і яшчэ 354 — у трох ліцэях. Паміж гэтымі 1814 школьнікамі і наступным пакаленнем настаўнікаў, перакладчыкаў і даследчыкаў — усяго некалькі невялікіх універсітэцкіх набораў.
Пакуль што ніводная з трох мадэляў выкладання не гарантуе вялікіх лічбаў і інстытуцыйнай ўстойлівасці. Але менавіта дзякуючы ім Беларусь застаецца ў польскай вышэйшай школе не толькі палітычнай тэмай або краінай па другі бок мяжы, але і асобнай мовай, культурай і акадэмічнай дысцыплінай.
Для адных гэта спосаб захаваць мову сваёй супольнасці, для другіх — прафесія, а для трэціх — магчымасць лепш зразумець суседнюю краіну. Менавіта гэтыя розныя матывацыі сёння і падтрымліваюць беларускую прысутнасць у польскай акадэмічнай прасторы.