Гісторыя сляпянскіх абшараў. Як пад Мінскам арганізаваўся freedomland з вёсак, што не плацілі падаткі бальшавікам

Дзе знаходзіўся адзін з першых савецкіх працоўных канцлагераў? Як пад Мінскам арганізаваўся freedomland з вёсак, што не выдавалі дэзерціраў і не плацілі падаткі бальшавікам? Колькі працягвалася такая «вольніца»? Дзе знаходзіўся Сляпянскі лес, і якія трагічныя таямніцы ён хавае? Забытую гісторыю сляпянскіх абшараў вяртае з нябыту даследчык Змітро Пілецкі.


Freedomland пад Мінскам

Цяпер мы ўжо ведаем, што бальшавіцкая ўлада не крочыла па Беларусі бадзёрым «сямімільным крокам». Месцамі яна сустракала не толькі ўзброеныя, але і ціхія, мірныя пратэсты і сабатажы. Гартаючы падшыўкі тагачаснай перыёдыкі за 1920-я гады, можна заўважыць, што карэспандэнты ў іх разгублена паведамляюць: у Сеніцкай воласці Мінскага павета савецкую ўладу падтрымліваюць, але дэзерціраў з Чырвонай Арміі не выдаюць; вёскі Сеніцкай воласці — за Саветы, але сплата харчпадатку ідзе марудна, і гэтак далей. Да вёсак Сеніцкай воласці адносілася амаль уся ўсходняя палова сённяшняга Мінска: ад Зялёнага Луга да Шабаноў.

mal_1.jpg
Фрагмент плана новай гарадской мяжы Мінска (1923) і тагачасныя паведамленні газет пра неспакойныя вёскі Сеніцкай воласці

У 1923 г., праз пашырэнне гарадской мяжы, тэрыторыя Мінска коштам былых паселішчаў, перададзеных з валасцей, была павялічана амаль удвая, а хутка выявілася, што вёскі Вялікая Слепня, Зялёны Луг і Падбалоцце, фармальна раней прыпісаныя да Сляпянска-Азярышчанскага сельсавета, аказаліся па-за гарадской мяжой, адпаведна — па-за юрысдыкцыяй падатковых органаў. Колькі доўжылася гэтая «вольніца» — дакладна цяжка вызначыць, бо мясцовыя органы кіравання ўсё ж былі савецкімі, аднак цягам наступных гадоў у газетах раз-пораз ды з’яўляліся зацемкі то пра падпалы саўгаснай маёмасці, то пра рабаванні на дарозе да вёсак...

Дзе знаходзіўся адзін з першых савецкіх працоўных канцлагераў

Ад школьных часоў нам казалі, што першыя прымусовыя лагеры працы былі створаныя пры фашыстоўскіх рэжымах. Але гэта не так. Сацыялізм рознага разліву і тлумачэнняў заўсёды меў на мэце выкарыстанне бясплатнай працы...

Згодна з палітыкай бальшавіцкага «чырвонага тэрору», ужо ў 1919 г. з’явіўся ўказ аб стварэнні канцэтрацыйных лагераў прымусовай працы. Першы Мінскі канцлагер, які арганізаваўся пасля адыходу палякаў з Мінска, займаў комплекс будынкаў былога дамініканскага кляштара, меў свой сельскагаспадарчы філіял — калонію «Труд», якая месцілася ў былым маёнтку маласляпянскай галіны Ваньковічаў (былая маёмасць мастака Валенція Ваньковіча) — зараз гэта траса 1-га завулка Мендзялеева.

mal_2.jpg
Старажылы раёна кажуць, што сучасная школа па адрасе 1-ы завулак Мендзялеева, 36 стаіць на падмурках сядзібы Ваньковічаў (пазначана на плане 1911 г.). Тут і месціўся працоўны канцлагер «Труд»

Чытаць па тэме: Сляпянскія вандроўкі. Вяртаем з нябыту забытую гісторыю Мінска

Спачатку ў калонію траплялі крымінальнікі, дробныя злодзеі, бяздомныя і беспрацоўныя, разам з імі — абвінавачаныя ў «контррэвалюцыйным шпіянажы» і палітычныя закладнікі. Але ў хуткім часе дзясяткі людзей розных прафесій, а галоўнае, розных меркаванняў, — ад незарэгістраваных саматужнікаў да святароў ды й проста бесквітоўнікі, схопленыя на чыгунцы, папоўнілі шэрагі «рабсілы»...

mal_3.jpg
Газета «Звязда» ад 18 жніўня 1921 г. бадзёра распавядае, як вязні працоўнага канцлагера працавалі нават і сёмы дзень, у нядзелю. Правае фота выкарыстана ў якасці ілюстрацыйнага

З 1923 г., з разгортваннем НЭП і частковай амністыяй галоўных апанентаў новай улады, сістэма лагераў, даказаўшы поўную эканамічную неэфектыўнасць, спыніла сваё існаванне.

Сляпянскі лес
Асеньні сьнег хавае лес заслонай,
А думаю не аб зіме.
Хутчэй хай лета настае.
Ды толькі цяжка будзе мне
Пад шэлест цвыркуноў
У цішы начной Варфаламея
Глядзець, як сохнуць хвоі на касьцях
Людзей, пад лесам расстраляных,
Дзе атлусьцелы, як пітон,
Крыві напіўшыся навек,
Чырвоны зьвер гуляе.

Зянон Пазьняк. Сьляпянскі лес. 1988

Не шукайце гэтую назву на старых мапах. Дый пры тэкставым апісанні Мінскага наваколля такое найменне вы хутчэй сустрэнеце ў мемуарах ды неафіцыйных, прыватных дакументах. Сённяшнія Батанічны сад і парк імя Чалюскінцаў — гэта ўласна і ёсць Сляпянскі лес (хаця ён цягнуўся далей, на паўночны ўсход), — тое, што засталося ад вялікага Камароўскага лесу, часткі Камароўскага прадмесця, якое належала галіне Ваньковічаў з Вялікай Сляпянкі. І, на жаль, вядомасць сваю лес атрымаў не праз маштабныя паляванні гаспадароў маёнтка на мядзведзяў ці іншых жывёл...

Чытайце па тэме: Пад лісцем грушы. Гісторыя мінскага прадмесця Грушаўка

Калі прагуляцца ў дальні ўсходні кут Парка Чалюскінцаў, можна заўважыць сціплы драўляны крыж-помнік: паводле ўспамінаў Францішка Аляхновіча, у гэтым лесе, пазней далучаным да Парку, адбываліся расстрэлы зняволеных Мінскай турмы НКВД. Аднак сваю сумную вядомасць лясны масіў атрымаў значна раней — фактычна з таго моманту, як бальшавіцкі бот упэўнена ступіў у гэтыя абшары.

mal_4.jpg
Абшары Сляпянскага лесу, як і сённяшні парк Чалюскінцаў, усё яшчэ чакаюць гучнага розгаласу аб злачынствах ХХ ст. і справядлівага ўшанавання памяці ахвяраў бальшавіцка-савецкага рэжыму

Вядома, што Мінск у 1919–1920 гг. некалькі разоў пераходзіў з рук у рукі падчас ваенных сутычак польскіх і бальшавіцкіх частак. Варшаўскі Tygodnik Ilustrowany за 13 верасня 1919 г. (Nr 37) размясціў на сваіх старонках жудасныя здымкі забітых бальшавікамі «палякаў-каталікоў» у некалькіх мясцінах на подступах у Мінску, у тым ліку — і ў лесе ля маёнтка Сляпянка. Акрамя таго, у газеце «Звязда», у зацемцы «11 ліпеня 1920» (№ 154 ад 8 ліпеня 1939 г.) распавядаецца пра крывавыя баі на лініі вёскі Слепня-Сляпянка да маёнтка Сляпянка, а таксама ля вёскі Азярышча (сённяшні квартал «Магістр»): 17-я дывізія Чырвонай Арміі сустрэлася з моцнай польскай пазіцыяй, абароненай 4 лініямі дротаў і ўзброенай кулямётамі, але пераадолеўшы моц супраціўніка, узяла-такі вышыні... Як вядома, вынікам наступу бальшавікоў стала спусташэнне ваколіцаў і эміграцыя Ваньковічаў у межы Другой Рэчы Паспалітай...

Магчыма, ужо сёння надышоў час, каб перайменаваць зусім недарэчна названую станцыю метро і парк у памяць аб людзях і падзеях гэтых мясцін...

Змітро Пілецкі, budzma.org