У сеціве з'явіўся ролік, у якім распавядаецца поўная гісторыя гомельскага metal-гурта Gods Tower, які добра вядомы не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі.
Па відэа можна добра прасачыць, як змяняліся эпохі і сталелі музыкі, ад канца васьмідзясятых да сучаснасці. «Вежа багоў» пачала сваё існаванне ў 1989 годзе пад назвай Chemical Warfare, якую змяніла на агульна вядомую ўжо ў 1992 годзе. У дзевяностыя Gods Tower выпусцілі тры студыйных альбомы, удзельнічалі ў шматлікіх фестывалях экстрэмальнай музыкі. Але ў 2002 годзе гурт распаўся, а праз год памёр адзін з яго заснавальнікаў – гітарыст Аляксандр Уракаў.
Падавалася, што гісторыя Gods Tower завершана канчаткова, у нулявыя нават выходзіў альбом-трыбʼют. Толькі праз восем год гурт зноў сабраўся, а ў 2011 годзе выдаў плытку Steel Says Last.
У гэтым годзе гурт святкуе сваё трыццацігоддзе вялікім канцэртам у клубе Re:public, які адбудзецца сёмага лістапада.