Наста Шпакоўская: Naka — частка жыцця, якая скончылася. Але пачынаю жыццё рэжысёркі

«Шэсць альбомаў, якімі я аднолькава ганаруся. Але зараз больш не бачу сэнсу ў жыцці гурта. Але ж ёсць чым займацца і рухацца далей у новым для сябе накірунку. Хутка мой дэбют у якасці тэатральнай рэжысёркі», — распавяла ў інтэрв’ю Budzma.org лідарка гурта Naka, акторка Анастасія Шпакоўская.

Anastasija Špakoŭskaja
Анастасія Шпакоўская

«Больш не будзе Naka. Ні ў якім выглядзе. Каб рухацца далей, трэба бачыць сэнсы і мэты. Трэба адчуваць энергію і падтрымку. Нічога не засталося...
Ляці, мая шэрая птушачка. Бывай», — напісала 9 верасня заснавальніца і нязменная лідарка гурта. У інтэрв’ю Budzma.org Наста Шпакоўская тлумачыць прычыны і распавядае пра свае творчыя планы.

— Здаецца, я пастаралася дасканала напісаць пра спыненне Naka. Што тут дадаць... Ёсць стомленасць, ёсць няпэўнасць мэтаў, разгубленасць, ёсць адчуванне незапатрабаванасці, ёсць адказнасць за тое, што, калі гурт жыве, то ім патрэбна займацца, патрэбна запісвацца, выпускаць альбомы, рэпетаваць, даваць канцэрты, выступаць на фестывалях і г.д. Усё гэта рабіць мне вельмі складана зараз. І я проста больш не бачу сэнсу ў жыцці гурта. Але ж маё жыццё, спадзяюся, на гэтым не скончыцца. Дзякуй богу, ёсць чым займацца і рухацца далей у нейкім іншым накірунку.

— Чым займацца і ў якім накірунку?

— Вось магу ўжо «Будзьма беларусамі» першым анансаваць — хутка будзе спектакль у маёй пастаноўцы, спектакль па п’есе Славаміра Мрожэка «Эмігранты».

Прэм’ера адбудзецца 25 кастрычніка і 29 лістапада ў Варшаве, 14 лістапада — у Вільні. Гэты праект, як я спадзяюся, адкрые мяне з нейкага іншага боку — як тэатральную рэжысёрку. І рух у гэтым накірунку не спыніцца, вельмі на гэта разлічваю.

«Эмігранты» — драма Славаміра Мрожэка, напісаная ў 1974 годзе. Яна даследуе праблемы паваеннай Польшчы. Галоўныя героі, эмігранты і адзіныя персанажы п’есы — АА і ХХ, якія жывуць разам у падвальнай кватэры ў непазначанай еўрапейскай краіне.

Anastasija Špakoŭskaja
Анастасія Шпакоўская

— У Віленскім старым тэатры (Vilniaus senasis teatras) больш не працуеце?

— Мы ў Варшаве ўжо год. У Вільні ў мяне засталіся ролі ў спектаклях, якія я з задавальненнем прыязджаю выконваць. Ну і таксама пэўнае маё віленскае тэатральнае жыццё працягваецца.

— Вяртаючыся да Naka, спыняюцца і сайд-праекты?

— Так, і Naka Piano, і Naka Acoustic — усё, што звязанае з Naka, 9 верасня афіцыйна спыніла сваё існаванне. Апошні выступ Naka Piano быў вось зусім нядаўна, на фэсце Prekupalle.

Канечне, насамрэч, сумна, бо Naka — гэта было такое маё асабістае жыццё, але я ўжо разумею, што яно працуе супраць мяне. Ужо нешта стала больш губляць тут, страчваць нешта ў сабе — і гэта мне не падабаецца.

Афіцыйна ў гурта выйшла 6 альбомаў — і імі ўсімі я ганаруся. Сёмы паўнафарматнік мы збіраліся запісваць улетку 2020-га, тады ж апошні раз і збіраліся поўным складам.

— Амаль роўна 16 гадоў таму у межах праекту «Тузін. Перазагрузка» парталу «Тузін Гітоў» і грамадскай кампаніі «Будзьма беларусамі!» гурт Naka прадставіў сваю песню «Бяжы» ў беларускамоўным варыянце. Вы тады сказалі, што ўсё ж перакананыя ў тым, што Naka грае рускі рок, «да ўсяго, паняцце «рускі рок» — гэта яшчэ і вызначэнне жанру, пэўны стан душы, таму не ўяўляю іншага наймення ў дачыненні да нас». Штосьці змянілася ў гэтым перакананні за апошнія гады?

— Мы ж з вамі, здаецца, адэкватныя людзі, цяпер такое пытанне мне нават і задаваць неяк дзіўна (смяецца). «Рускі рок», «русский мир» — гэта ўжо ўвогуле не тое, што не пра душу, гэта ўвогуле не пра нашае з вамі адэкватнае існаванне. Ад усяго рускага — вось у гэтым сэнсе — мы адмаўляемся. Канечне, я пакідаю сабе рускіх класічных пісьменнікаў і кампазітараў, хоць можа і гэта выкліча нейкія эмоцыі ў кагосьці.

Anastasija Špakoŭskaja
Анастасія Шпакоўская

— Напрыканцы 2022 году мы з вамі размаўлялі пра эміграцыю, вялося пра цяжкое прыняцце вось гэтага ўсяго. Як зараз, адаптаваліся, прынялі?

— Хутчэй за ўсё, мы з адной формы пераходзім у іншую форму прыняцця ўсіх гэтых нашых абставін. Ну што сказаць — эмігранты, вось нават у тэатры ў мяне — «Эмігранты». Нядаўна перачытала «Машачку» Уладзіміра Набокава («Машачка» — першы раман Набокава, напісаны ў берлінскі перыяд у 1926 годзе, кніга экспануе тэму жыцця эмігрантаў у Берліне). Вельмі-вельмі ўражвае, што нічога не змяняецца нават праз 100 гадоў. І ўсе тыя самыя праблемы, і ўсе тыя самыя выратаванні, што самі сабе людзі прыдумляюць, з аднолькавымі вынікамі прыкладна. Нядаўна была ў Берліне на эмігранцкіх могілках — там шмат пахавана людзей з той хвалі пострэвалюцыйнай, з белай эміграцыі. Злавіла сябе на думцы, гледзячы на даты на помніках, што тыя, каму пашанцавала выкараскацца, не загінуць ад чырвонага тэрору, загінулі падчас Другой сусветнай, то бок трымаліся-трымаліся, каб знікнуць у 40-х падчас новай хвалі шаленства. Такія вось адчуванні былі, не вельмі аптымістычна, але як ёсць.

Але, не будзем занурацца ў гэта ўсё. Выкарыстоўваючы нашу размову, магу толькі запрасіць чытачоў «Будзьма беларусамі!» на мае прэм’ерныя спектаклі. Спадзяюся, гэта будзе вельмі цікава і яскрава.

Рыгор Сапежынскі, budzma.org