Мемарыяльную шыльду на доме па вуліцы Вялікая Траецкая, 28 прапануюць усталяваць жыхары Гродна. Там пісьменнік Васіль Быкаў жыў з 1958 года і да пераезду на Свярдлова. Петыцыя з адпаведнай прапановай з’явілася на рэсурсе e-petitions.by, піша Hrodna.life
Шыльда, якую гродзенцы ўсталёўвалі каля дому, дзе жыў Васіль Быкаў. Фота: svaboda.org
Аўтары петыцыі адзначаюць, што дзякуючы мемарыяльнай шыльдзе ў горадзе з’явіцца важны культурны аб’ект. «Адсутнасць мемарыяльнай шыльды перашкаджае належнаму ўшанаванню ўкладу Васіля Быкава ў беларускую і сусветную літаратуру», — падкрэсліваецца ў звароце.
Збіраць подпісы будуць да 24 лістапада, пасля петыцыю накіруюць у Гродзенскі гарвыканкам.
Як яшчэ ў Беларусі спрабавалі ўшанаваць памяць класіка?
У 2024 годзе адзначаюць 100-гадовы юбілей пісьменніка. З гэтай нагоды актывісты прапанавалі надаць Васілю Быкаву званне Героя Беларусі. Петыцыю накіравалі ў Мінкульт, але чыноўнікі адказалі, што «дадзенае пытанне ў бягучы момант не разглядаецца».
Васіль Быкаў пражыў у Гродне 25 гадоў. Спачатку арандаваў кватэру на Вялікай Траецкай, пасля атрымаў жыллё на Свярдлова і на Парыжскай камуны.
Дом на Вялікай Траецкай, дзе жыў Васіль Быкаў. Фота: svaboda.org
Спробы захаваць памяць аб гродзенскім перыядзе жыцця класіка прадпрымалі і раней. Напрыклад, жыхары горада прапаноўвалі паставіць у горадзе помнік Быкаву, але безвынікова. У 2010 прапаноўвалі назваць імем Быкава адну з вуліц Гродна, але гэта таксама не ўдалося рэалізаваць.
Каля дома на Вялікай Траецкай некалькі разоў ставілі шыльду з надпісам «У гэтым доме жыў пісьменнік Васіль Быкаў». Але ўсе разы шыльда знікала.
Чытайце яшчэ:
Быкаў: вастрыня адзіноты. Эсэ Ціхана Чарнякевіча