Аляксей Гайдукевіч піша на budzma.org пра нацыябудаўніцтва ў Грузіі, дзе традыцыйную грузінскую гульню ў мяч здолелі зрабіць нацыянальным брэндам і з поспехам выкарыстоўваюць для падвышэння нацыянальнай свядомасці і патрыятызму, а таксама праводзіць паралелі з нашай краінай, дзе падобнае спрабавалі ажыццявіць у 1980-я.
Фота: images.rove.me
Гісторыя ведае шмат мудрагелістых сувязяў і ўзаемапранікненняў пры фарміраванні народнасцяў і нацыяў. Краіны заўжды развіваліся і пашыраліся за кошт паглынання іншых, менш канкурэнтназдольных у эканамічным, вайсковым ці культурным аспектах, выкарыстоўваючы і чалавечыя рэсурсы суседзяў, энергію народаў. Для фарміравання і ўстойлівасці сучасных нацыяў у тым ліку неабходна не толькі ўнутраная, але і знешняя запатрабаванасць культуры, мовы, традыцый. У пэўнай меры дамінаванне над канкурэнтамі.
Вельмі істотную ролю ў гэтых складаных працэсах фарміравання і трывання нацыянальнага будаўніцтва маюць міфы і легенды, якія спрыяюць пазнавальнасці краіны і народа, дадаюць пачуццё ўласнай значнасці ягоным прадстаўнікам. Таму большасць нацыяў імкнецца заняць пэўную нішу ў сусветным культурным, спартыўным, магчыма эканамічным ці ваенным аспектах гісторыі, абавязкова аздобіўшы свае дасягненні прыгожымі міфамі-легендамі.
Прыкладам такога падыходу можна лічыць ірландцаў — нацыю, якая фактычна страціла сваю мову, большасць сучаснай гісторыі была падпарадкаваная брытанцам, але вядомая па ўсім свеце дзякуючы некалькім рэлігійным, музычным традыцыям, некалі прэзентаваным у сусветнавядомай літаратуры і кінафільмах.
У той жа час па спартыўных дасягненнях ірландцы саступаюць сваім адвечным канкурэнтам — ангельцам, якія, па абыватальскіх уяўленнях, лічацца ледзь не вынаходнікамі ўсіх папулярных спартыўных дысцыплінаў на свеце.
Спаборніцтвы па iomanaiocht збіраюць тысячы гледачоў у Ірландыі. Фота: e0.365dm.com
У Ірландыі ўжо 150 год таму разумелі моц спорту як істотнага элемента пры падтрыманні высокага ўзроўню супольнай самасвядомасці нацыі. Таму, каб супрацьстаяць экспансіі брытанцаў на сваёй выспе, у часы станаўлення сучасных спартыўных гульняў у XIX стагоддзі, ірландцы актыўна прапагандавалі і распаўсюджвалі ў сваёй краіне нацыянальныя віды.
Чытайце па тэме: Ірландыя: нацыянальны спорт супраць англійскай экспансіі
Другім прыкладам выкарыстання спорту ў часы станаўлення сучаснай нацыі — з’яўляецца легенда аб грузінскай гульні ў мяч. Поўная назва гэтай традыцыйнай для цэнтральнай і заходняй частак Грузіі забавы з відавочным сакральным мінулым — лело бурці (літаральна — «мяч палявы»). Гэта камандная гульня ў мяч, якая вельмі нагадвае традыцыйнае рэгбі.
Даследчыкі маюць некалькі версій гісторыі з’яўлення гульні з мячом у Грузіі. Некаторыя сцвярджаюць, што завезлі яе грэкі. За тысячагоддзе з гульняў, вядомых яшчэ ў Старажытнай Спарце, яна трансфармавалася да сучаснага фармату.
Іншыя дапускаюць, на падставе вывучэння паганскіх вераванняў на гэтых землях, што яшчэ да з’яўлення калоніяў Элады жыхары сучаснай Грузіі маглі гуляць у мяч.
Пра традыцыйныя гульні пісаў і знакаміты паэт XII стагоддзя Шота Руставелі. У ягонай паэме «Віцязь у тыгровай шкуры» некалькі разоў згадваецца гульня з мячом.
Фота: assets.vice.com
Брытанскія маракі, якія пазнаёмілі жыхароў многіх партовых гарадоў на пачатку XX стагоддзя з набраўшымі папулярнасць на выспах футболам і рэгбі, узгадвалі аб грузінскай гульні. А таксама пра тое, што грузіны выкарыстоўвалі свой уласны досвед падчас гульняў па рэгбі супраць камандаў з брытанскіх караблёў.
Толькі асаблівае стаўленне да Грузіі ў СССР дазволіла захаваць лело ў старажытным выглядзе. Хаця грузіны і прывялі правілы гульні да «сучасных стандартаў», шмат дзесяцігоддзяў праводзяць першынство краіны з удзелам некалькіх камандаў па мадыфікаваных правілах, найбольш у свеце вядомы менавіта традыцыйны варыянт гульні.
У свеце спорту шырока даведаліся пра грузінскую гульню з мячом дзякуючы дакументальнаму фільму 1981 г. знятаму ў сяле Шухуці на захадзе Грузіі. Калі савецкіх грамадзянаў кадры хутчэй за ўсё шакавалі, дык брытанцаў уразіла падабенства лело да традыцыйных англійскіх гульняў, якія захаваліся ў некалькіх гарадах краіны. Гэта гульні з мячом вялікага памеру з удзелам некалькіх сотняў чалавек амаль без правілаў.
Жыхары грузінскага Шухуці ў фільме распавялі, што традыцыя велікоднай гульні бярэ свой пачатак з 1855 г. Жыхары сяла ў тым годзе ўзялі ўдзел у бітве супраць асманскіх войскаў. У гонар той перамогі штогод жыхары дзвюх частак мястэчка гуляюць паміж сабой у лело.
Такая легенда і ўласна традыцыйная гульня моцна ўразіла аматараў спорту па ўсім свеце. Трэба прызнаць, што камуністычныя ўлады Грузіі вельмі пісьменна скарысталіся ўсёй гэтай гісторыяй. І, здавалася б, не вельмі сучасную даволі жорсткую сялянскую гульню, пасля якой удзельнікі нясуць мяч на могілкі, зрабілі адной з візітовак свайго краю.
Тагачасныя кіраўнікі савецкай рэспублікі добра разумелі, што для захавання ідэнтычнасці народа ў атачэнні суседзяў з моцнымі экспансійнымі памкненнямі неабходна прасоўваць і традыцыйную культуру, і спартыўныя традыцыі, і нават кулінарныя.
На год з’яўлення дакументальнага фільма аб велікоднай традыцыі гульні ў лело ў Шухуці прыпадае адразу некалькі падзеяў у СССР, звязаных з нацыяльнымі відамі спорту па ўсім СССР.
Не вядома, ці гэта было рашэнне цэнтральных камуністычных уладаў па прапагандзе народнага спорту, альбо ў саюзных рэспубліках настолькі былі ўражаныя «грузінскім прыкладам», што паспрабавалі актуалізаваць нацыянальную спартыўную тэматыку?
У Беларусі менавіта ў 1981-м з’явіўся шэраг публікацый аб народных гульнях. А таксама была выдадзена серыя сувенірных медалёў, прысвечаных традыцыйным спартыўным забавам беларусаў. Нейкай асаблівай зацікаўленасці з боку грамадства выклікаць савецкія захады не здолелі. Нацыянальныя гульні так і засталіся толькі цікавосткай для этнографаў. Зараз узгадкі пра беларускую барацьбу «на крыжы» часам з’яўляюцца падчас спаборніцтваў, арганізаваных федэрацыяй па барацьбе. Але ўсё больш у якасці дапаўнення да нацыянальных відаў каўказскай, сярэднеазіяцкай барацьбы — больш вядомых спартоўцам са зборных Рэспублікі Беларусь.
Трэба адзначыць, што ў адрозненне ад Грузіі, савецкае кіраўніцтва Беларусі ніколі не імкнулася да захавання і развіцця нацыянальнай мовы, культуры, а тым больш традыцыйнага спорту.
Напэўна, не варта лічыць, што ў мінскіх начальнікаў не хапала розуму. Хутчэй за ўсё з-за наступстваў, выкліканых татальнай русіфікацыяй, для іх усё нацыянальнае было другасным і не вартым асаблівай увагі.
Грузіны, наадварот, заўжды былі ў прывілеяваным становішчы ў СССР. Нават пасля смерці Сталіна яны здолелі адстаяць статус сваёй мовы падчас даволі трагічных акцыяў пратэсту, што ў 50-я гады было цяжка ўявіць у іншых частках СССР.
Фота Фота: images.rove.me
З цікаўнасці да лело ў свеце і сваёй краіне грузіны здолелі выціснуць такі ж максімум, як і з нацыянальнай культуры і гастранаміі. Дзякуючы распаўсюду інфармацыі аб традыцыйнай гульні, ва ўсім свеце лічаць, што грузіны разам з брытанцамі захавалі традыцыі старажытнага спорту да з’яўлення сучаснага рэгбі — другога па папулярнасці на планеце віду.
З 1980-х гэтая спартыўная гульня з новымі сіламі працягнула сваё развіццё ў Грузіі. І на сённяшні момант грузінская зборная ўваходзіць у дзясятку лепшых у Еўропе па рэгбі, а грузінскія гульцы выступаюць ва ўсіх самых моцных еўрапейскіх чэмпіянатах. Такім чынам папулярызуючы цікаўнасць да сваёй радзімы па ўсім свеце.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.org