• budzma.by
  • Пра нас
  • Крама
Будзьма беларусамі! Будзьма беларусамі!
telegram www.instagram.com/budzma/ Facebook.com vk.com twitter.com youtube.com
  • Актуаліі
  • Меркаванні
  • Гісторыя
  • Літаратура
  • Гатуем з «Будзьма!»
  • «Разумняты»
  • Словы мацней
  • Вандруем разам
  • «Пра тэхналогіі і не толькі»
  • Афіша
08.12.2021 | Музыка Беларусы свету

Спявачка Таццяна Грыневіч-Матафонава: «Сто гадоў прайшло — а нічога не змянілася!»

Ужо больш як год Таццяна жыве ў Турцыі. Пра тое, што натхняе на чужыне, пра турэцка-беларускі YouTube і гастролі ў Польшчы спявачка распавяла ў інтэрв’ю «Салідарнасці».


Як беларускія песні далятаюць з Басфору на радзіму.

Спявачку Таццяну Грыневіч-Матафонаву летась нездарма ахрысцілі «першай скрыпкай пратэстаў». Пад яе спевы, гітару ды скрыпку збіраліся і танчылі ля Чырвонага касцёла ў Мінску, каля філармоніі, на дваровых раённых канцэртах людзі, якія прыйшлі адстойваць свае галасы і выбар. А потым, ратуючыся ад пераследу, актыўнай і надта заўважнай беларусцы давялося пакінуць радзіму.

— Паўтары месяцы мы трымаліся на плошчы Незалежнасці — збіраліся, спявалі, танчылі. Але апошнія разы я нават не магла браць з сабой скрыпку, бо гэта было небяспечна, — згадвае спявачка атмасферу вулічных канцэртаў 2020-га. — Тады мы зрабілі аўдыязапіс гэтых гульняў і танцаў, дзе была патрэбная музычная падтрымка; у дзяўчатак была калонка, і пад яе танчылі. З кожным разам было менш удзельнікаў, бо ўсе зразумелі: штохвіліну цябе могуць затрымаць.

...Памятаю, сядзела з гітарай на лавачцы, грала і спявала «Калыханку» Генадзя Бураўкіна. А потым дзесьці ў фэйсбуку бачыла відэа, як тое выглядала: першы куплет людзі падпяваюць, пачынаецца другі куплет — і пачынаецца перапалох, людзі бягуць, музыка перапыняецца, і толькі чутна, як па-за кадрам абмяркоўваюць, што міліцыянеры зачынілі дзверы ў касцёл...

Гэта страшна. І пераглядаючы на наступны дзень тое відэа, ехаўшы аўтобусам паўз плошчу, было таксама адчуванне перапалоху, ажно да слёз на вачох. Нават зараз, калі ў думках вяртаюся на плошчу, хочацца і плакаць і бегчы, хоць ужо няма неабходнасці.

000.jpg
   Усе фота з асабістага архіву спявачкі.

Тады, згадвае Таццяна, у мітусні пабілася яе скрыпка, якая выпала з футляру — але людзі сабралі грошай на рамонт. Ужо ў Турцыі ўдалося набыць іншы інструмент, але тую сваю скрыпачку спявачка дагэтуль згадвае з жалем і пяшчотай.

«Сябар купіў мне квіток да Стамбула: «Хопіць, прылятай»

— Зразумеўшы, што на плошчы нам збірацца больш не дадуць, я пераключылася на вечаровыя дваравыя выступы (іх было 2-3, а то і 4 у дзень), каб узняць дух, аб’яднаць людзей, але самай галоўнай задачай было несці паўсюль беларускае слова, беларускую песню. Таму што мы бачылі, што рух быў розны, а вельмі хацелася аб’яднаць усіх агульнай ідэяй, нагадаць, што ўсё ж мы беларусы, што ёсць нашая мова і культура. Так і пачалі спяваць паўсюль — і «Купалінку», і «Муры», і тую ж «Калыханку».

На вулічных выступах было багата пачуццяў: ад эмацыйнага ўздыму, яднання з аўдыторыяй да болю і разгубленасці, калі слухачоў зацягваюць у характэрныя бусікі проста на тваіх вачах. Некалькі разоў ад затрымання музыкі ратаваліся літаральна цудам: то вырашылі не спускацца ў падземку і прагулачным крокам мінулі месца, дзе праз некалькі хвілін пачынаўся адвольны «хапун», то, адстаўшы ад асноўнай калоны, пасля прыходзілася ўцякаць ад «ціхара»...

З дваравых канцэртаў клапатлівыя гаспадары часам адпраўлялі артыстаў на таксоўцы альбо самі падвозілі ў наступны двор, каб музыкаў не затрымалі. Але неўзабаве менавіта на іх і распачалося сапраўднае «паляванне».

— Для мяне выразным трывожым званочкам стала, калі з двароў пачалі забіраць першых музыкаў. Аляксандра Памідорава забралі, потым іншых — і ты ўжо вольна хадзіць не можаш, больш думаеш пра бяспеку... Тады мой турэцкі сябра і купіў мне квіток да Стамбула, сказаў: «Хопіць, прылятай».

Я ўсё адно далучалася да нядзельных, да жаночых маршаў — але было вельмі нервова, калі бачыла, як пад’язджаюць аўтазакі, і разумела, што патрапіць магу зусім не ў аэрапорт. Дый пытанне здароўя — з дыягназамі, якія паставілі мне дактары, і ў нармальным асяродку жыць цяжка, не тое што сядзець за кратамі. (У Стамбуле стан Таццяны палепшыўся, а тады за час маршаў, згадвае, схуднела на 7 кіло — С.).

Тым больш, як мы бачым дагэтуль, зачыстка ідзе без разбору — пад раздачу патрапілі ўсе актыўныя, зачапляюць ужо нават «ябацек».

«Доўгі час было адчуванне, што целам я тут, а думкамі засталася на плошчы»

— Яшчэ летась я звярнулася да нотаў, якія некалі даў Кірыла Насаеў (хормайстар, музыколаг, былы кіраўнік мужчынскага хору «Унія» — С), ды так і не забраў. І натрапіла на гімн партыі эсэраў, напісаны Паўлінай Мядзёлкай — «Пад гоман вясёлы». А ў песні ёсць такія словы: «Адных ужо крыюць курганы-магілы, другія — у муках за кратай турмы».

Я сабе дома спявала і плакала. Таму што сто гадоў прайшло — а нічога, халера на яго, не змянілася! У нас цяпер такая ж сітуацыя.

І мы з сынам пачалі запісваць песні з архіваў, адкрываючы іх для сябе наноў. Штосьці аранжыравалі самі, штосьці ўзялі з напрацовак Кірылы Насаева. Запісалі сем песень, сярод іх і гімн эсэраў, і «Беларуская Марсэльеза», і «Ах ты, Нёман-рака». З гэтага пачалі наш YouTube-канал, які працягваем і зараз. Цяпер тут і турэцкія, і беларускія песні, і мае нейкія замалёўкі з турэцкага жыцця, запісы спеўных сустрэч, якія ладзім з Сержуком Сакаловым-Воюшам — шмат усяго.

002.jpg

Але гэта сёння, а ўвосень 2020-га Таццяна Грыневіч меркавала, што вернецца праз пару месяцаў, на Каляды, і ўжо набыла была зваротны квіток.

— Тады ж кожны лічыў, што месяц-другі — і ўсё будзе добра. А тут праходзіць месяц, другі, і бачна па навінах, што людзей забіраюць, што небяспека не змяншаецца. Мы параіліся з мамай, яна кажа: «Табе там добра, то і заставайся». Так я і не паехала.

А ў сакавіку не стала мамы — каронавірус. Але з-за лакдаўнаў Таццяна не паспявала на пахаванне — была з роднымі толькі онлайн...

Як прайшоў год у чужой краiне — больш сонечнай, бяспечнай, але з іншым менталітэтам і ладам жыцця, далёка ад сяброў і блізкіх?

— Сапраўды, часам тутака цяжка, — пагаджаецца Таццяна, — некаторыя моманты падаюцца на нашу свядомасць дзікімі з-за розніцы культур. Але жыць трэба, прыйшлося паразумецца, знаходзіць нейкія кампрамісы — у нечым мой сябар Сабры падладзіўся пад мяне, на нешта я пагадзілася.

У іх тут жанчыны ня могуць размаўляць з чужымі мужчынамі, але мы адразу дамовіліся, што гэта датычыцца толькі турэцкіх мужчын, а са сваімі сябрамі, якіх я ведаю шмат год, працягваю кантактаваць. Пазнаёміла Сабры з Сержуком Сакаловым-Воюшам, яны пагаварылі. Сабры ўжо ведаў колькі словаў па-беларуску: «Прывітанне», «Дзякуй», «Жыве Беларусь», «*** у аўтазак!» і праспяваў песні «Аксамітны летні вечар ахінуў зямлю».

Першы месяц, калі толькі прыехала, пачувалася нібы ў вакууме. Потым знайшла для сябе аддушыну ў YouTube-канале, атрымала зваротную сувязь, што ён іншым, акрамя мяне, цікавы. Але ўсё адно доўгі час было адчуванне, што целам я тут, а думкамі засталася там, на плошчы — настолькі ўсю душу аддавала, не было часу заняцца сабой...

«На прапанову адзначыць Купалле прыехалі ўсяго чатыры чалавекі»

— Асветніцкія zoom-канферэнцыі з песнямі і вершамі, запісы для YouTube (як я бачыла, вы нават Купалле зладзілі на Басфоры) — гэта цудоўна, але ж, мабыць, не замяняе жывых стасункаў, сустрэч са слухачамі.

— Насамрэч, не замяняе. Хоць я нешта граю пастаянна, і каб не перашкаджаць суседзям, якія неяк нават выклікалі паліцыю за гучную музыку, цяпер штодня хаджу займацца ў творчы цэнтр. У ім ёсць вольны клас і піяніна, якім дазваляюць бескаштоўна карыстацца.

Тутака таксама ёсць беларусы, і мы ў чаціку камунікуем, але сабрацца разам цяжкавата. Я сабе гэта тлумачу так, што Стамбул сам па сабе вельмі вялікі: 40 кілометраў ад Чорнага мора да Мармуровага, і ўздоўж марэй — 100 кілометраў. Калі напачатку, як я прыехала, яшчэ дамаўляліся аб сустрэчах — 2 гадзіны трэба было толькі дабірацца, і столькі ж назад. Часу, каб паразмаўляць ды паспяваць, сфатаграфавацца са сцягам, заставалася мо якіх паўтары гадзінкі.

І я разумею, што адлегласць, у кагосьці дзеці, праца, планы. Але ўсё ж было крыўдна, калі на прапанову адзначыць Купалле прыехалі ўсяго чатыры чалавекі. Так, мы праводзілі два разы Купалле, але ж мне падавалася, што можна і трэба было сабрацца большай кампаніяй. Не магла зразумець, што з гэтым рабіць: чаму Купалле беларусам менш цікавае, чым, напрыклад, гульня нашай баскетбалісткі ў камандзе Турцыі?..

Сёлета ў мяне заканчвалася віза ў Польшчу, а там якраз у Любліне вучыцца сын, я ўжо год яго не бачыла. Паехала праведаць, і сяброўка ўгаварыла прыехаць не на тыдзень, а на месяц. І атрымалася зладзіць канцэртны тур.

003.jpg

Ён быў досыць багаты: Беласток, Гайнаўка, Люблін, паміж імі яшчэ Студзіводы (гэта вёсачка, дзе беларусы Беласточчыны зладзілі музэй беларускай культуры), а тады ў Варшаве з Сержуком Доўгушавым былі танцавальныя вечарыны, і далей яшчэ тур па захадзе краіны — Гданьск, Познань, Уроцлаў і Кракаў. Я нават не ўяўляла, што за такі кароткі час можна так добра праехаць. А ўсяго толькі стэлефанавалася, спісалася са знаёмымі, дый з незнаёмымі таксама, і актыўныя беларусы адгукнуліся.

Гэтыя сустрэчы былі настолькі радасныя, цёплыя! Амаль у кожным месцы знаходзіліся людзі, з якімі мы перасякаліся ў Беларусі: з кім на плошчы, з кім у дварах, з кім у іншых гарадах. Мы глядзелі адзін на аднога са слязамі на вачах, бо ўсе з’ехалі на чужыну, і атрымліваецца, што толькі тут цяпер можам убачыцца.

«Усе нашыя песні — даўнішнія, цяперашнія — павінны гучаць»

— Спадзяванні вярнуцца былі яшчэ летась. І Сабры ўжо чакае, калі зможа прыехаць — ён зайздросціць на наш снег і прапануе часам: «А паехалі проста зараз!». Пры тым мы глядзім навіны, ён разумее і ведае ўсё, распытвае беларускіх сяброў, але дагэтуль у глыбіні душы не можа паверыць і прыняць, што ў ХХІ стагоддзі гэта ўсё адбываецца.

Сабры разумее, як мне цяжка, вельмі дапамагае. Шмат у чым дзякуючы яму ў мяне крылы наноў выраслі. Ён дапамагае здымаць ролікі, літаральна ў апошні дзень перад лакдаўнам набыў для мяне клавішы і перахаднік для навушнікаў. Таму нават у маленькім пакойчыку мы адзін аднаму не замінаем: я за піяніна займаюся, а ён у сваіх справах ці глядзіць тэлевізар. Мабыць, таму ўвесь час лакдаўну мы вельмі дружна жылі і знаходзілі адзіную мову, хоць Сабры гаворыць па-турэцку, а я па-беларуску, — усміхаецца спявачка.

004.jpg

— Вы доўгі час знаходзіцеся па-за межамі радзімы. Калі не ведаеш, як атрымаецца вярнуцца, што надае сіл?

— Вельмі натхніў мяне той канцэртны тур, што прайшоў у Польшчы. Да таго ж дзякуючы падтрымцы беларусаў атрымалася набыць камп’ютар з добрай гукавой картай, мікрафонам (бо раней я была практычна без тэхнікі), і палепшыць якасць аўдыя- і відэазапісаў, якія я раблю.

Тым больш, і людзі просяць: «Калі ласка, вяртайце назад даўнішнія песні». Хоць яны ўсе — даўнішнія, цяперашнія — павінны гучаць. Нашыя ж песні зараз нідзе не гучаць — ні на радыё, ні на ТБ, такая пайшла «культурная палітыка», што іх усе прыбралі.

Раней здавалася, што я ўжо дастаткова за жыццё зрабіла: 14 дыскаў, дапаможнікі для школ, садочкаў, беларускія рамансы, галасы паэтаў — дзе бачыла, што ніша пустая, там працавала, а сябры дапамагалі. І, думалася, ужо і паміраць можна. Тым больш, я ж не выканала ўсё, што раілі дактары, а звярнулася да нетрадыцыйнай медыцыны. Ну, альбо, каб не так песімістычна глядзець — ты на свабодзе, у цяпле, ёсць, дзе жыць, ёсць, што есці — можна было б сядзець і адпачываць.

Але вырашыла для сябе, што нельга ўпускаць час, і кожную хвіліну трэба рабіць тое, што ты можаш — не апускаючы рук, не спадзеючыся на іншых. Відаць, так запалі гэтыя словы Ларысы Геніюш «Адзінай думкі не зракуся і сэрца мне не задрыжыць: як жыць — дык жыць для Беларусі, а без яе — зусім не жыць». У гэтым і ёсць сэнс жыцця. А інакш — навошта?

Калі ты жывеш хоць за Басфорам, хоць у Афрыцы, ці ў любой іншай кропцы свету, — і ёсць такія думкі — то будзеш жыць для Беларусі.

Апошняе ў рубрыцы:

valiancina_shauchenka
Культура Грамадства

Традыцыя вырабу чоўна ў вёсцы Перароў атрымала статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці

Рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны адзінагаласна падтрымала прапанову,...

valiancina_shauchenka
Грамадства Гісторыя

Колькі карон было ў Стэфана Баторыя і які іх лёс

Карона — абавязковы атрыбут любога караля. Але насамрэч карона ніколі не бывае адна, піша @hrodna1127. У знаёмага беларусам...

valiancina_shauchenka
Культура Літаратура

Акцёры як літаратурныя героі

У літаратуры і тэатра шмат агульнага. Прынамсі, кожны пісьменнік пражывае жыцці сваіх герояў, як акцёр на сцэне......

valiancina_shauchenka
Грамадства Гісторыя

Знайшлі яшчэ адну копію самай знакамітай гравюры Гродна. Але захавалася толькі палова

Гродзенскі гісторык Аляксандр Перагудаў адшукаў яшчэ адзін асобнік гравюры Цюнта. Гэта ўжо 13-ы, «а дакладней 12-ы з паловай»...

Апошнія навіны

    Культура Грамадства
    Традыцыя вырабу чоўна ў вёсцы Перароў атрымала статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці
    Грамадства Гісторыя
    Колькі карон было ў Стэфана Баторыя і які іх лёс
    Культура Літаратура
    Акцёры як літаратурныя героі
    Грамадства Гісторыя
    Знайшлі яшчэ адну копію самай знакамітай гравюры Гродна. Але захавалася толькі палова
    Грамадства
    «Такія гісторыі здараюцца таму, што мы дазваляем моўнай дыскрымінацыі быць». Аліна Нагорная — пра тое, як у Беларусі затрымліваюць за мову
    Грамадства
    Нешта неверагоднае! Глядзіце: школьнікі пабудавалі плыт з 6 тыс. пластыкавых бутэлек – зараз на ім можна перавозіць 2 легкавыя машыны
    Грамадства Асоба
    Ганна Севярынец: Чалавек не можа і не мусіць мець усёдазволенасці, яму ў гэтым блага
    Грамадства
    Сайт газеты «Народная воля» заблакавалі паводле рашэння Мініфарма
    Літаратура
    Антыгона як сімвал беларускіх пратэстаў
    Культура Гісторыя
    Самы старажытны касцёл у Беларусі і рэшткі сядзібы ірландцаў. Падарожжа ва Уселюб
    Культура Музыка
    Фэст камернай музыкі «Даўніна і сучаснасць» у Нясвіжы
    Адукацыя
    У Беларусі стварылі «дарожную карту» па павышэнню якасці школьных падручнікаў
    Грамадства
    Чаму ў беларускім Facebook усё больш пастоў «пра прыроду» і ўсё менш доўгіх тэкстаў?
    Літаратура Беларусы свету
    Прах паэта Ігара Шклярэўскага пахаваны ў Магілёве
    Гісторыя
    50 гадоў ад забойства лідара руху нацыянальнага адраджэння

Афіша

  • 16.08

    ПАДЗЕЯ ДНЯ: Анлайн-прэзентацыя праекта «Магістраты Культуры»

  • 16.08 — 31.08Зброя ВКЛ на выставе ў Нясвіжы
  • 16.08 — 25.09Выстава беларускага мастацтва «Калі сонца нізка — цені доўгія» ў Лейпцыгу
  • 16.08 — 28.08Выстава Марка Шагала ў Мінску
  • 16.08 — 18.09Арганны фестываль Ars Magna Organi па гарадах Беларусі
  • 16.08 — 18.08Выстава «Odszkolnić!» у Беластоку
  • 16.08 — 19.09Выстава Сяргея Селіханава «Вяртанне» ў Віцебску
  • 16.08 — 04.09Выстава маляванак Яээпа Драздовіча ў Віцебску

УСЕ ПАДЗЕI

Рассылка навінаў

Важнае пра нас

  • Што такое "Будзьма беларусамі!"
  • Рэкламадаўцам
  • Асобы кампаніі
  • Усе праекты "Будзьма!"
  • Рэдакцыйная пошта: razam@budzma.org

Папулярнае

    • Вядомы рэпетытар і педагог Яўген Лівянт тлумачыць, чаму правалілася кампанія па набору ў ВНУ
    • З’явілася магчымасць усталяваць беларускі інтэрфейс у Windows
    • З успамінамі пра забітых герояў: Вольны хор выступіў у Варшаве на гадавіну выбараў
    • Усё можна перажыць, калі падабраць правільную песню: топ-5 беларускіх трэкаў ад Алеся-Францішка Мышкевіча
    • Рабіся інакшым — альбо загінеш
© Грамадская культурніцкая кампанія «Будьма беларусамі!», 2008-2019.
Логотип
Распрацавана і звярстана Логотип компании IBWM