Беларускі айцішнік Іван распрацаваў гульню, у якой трэба тлумачыць і адгадваць беларускія словы. Прынцып той жа, што і ў захапляльнай гульні Alias, і нават назва падобная — «Дзікі Эліяс» (Wild Alias). Яна ўжо даступная для спампоўкі ў Google Play і App Store, піша MOST.
Дызайн гульні «Дзікі Эліяс». Крыніца: старонка гульні ў App Store
Правілы гульні простыя. Задача аднаго боку — растлумачыць слова, не называючы яго і не выкарыстоўваючы аднакаранёвыя, а другога — адгадаць яго. Словы разбітыя на катэгорыі, напрыклад ежа, падарожжы, святы, навука і іншыя.
Іван кажа, што вырашыў зрабіць гэты прадукт, бо яму самому бракавала такой гульні па-беларуску.
— Ну і гэта мой невялічкі ўнёсак для беларускай культуры, — тлумачыць ён, — бо проста сядзець у Польшчы (зараз мужчына жыве ў гэтай краіне. — Заўв. MOST) і думаць, што нічога нельга зрабіць, мне не падыходзіла.
Сімвал гульні — вавёрка, і гэта невыпадкова. Калі мужчына пісаў правілы, яму да галавы прыйшоў такі прыклад: слова «вавёрка» можна растлумачыць праз апісанне грошай 1990-ых. Тады выява вавёркі была на купюры наміналам 50 капеек. Адсюль і жывёльная тэматыка, і нават прычына, чаму беларускі «Эліяс» стаў дзікім. Ды і ўвогуле ў гульні можна знайсці ўсіх жывёл з беларускіх грошай.
Наконт таго, што «Эліяс» фактычна паўтарае сусветна вядомую назву Alias і прынцып гульні, Іван не турбуецца.
— З назвай Alias павінна быць усё добра, бо паглядзеў, што ў App Store i Google Play хапае розных «Эліясаў», і нікога за гэта, відаць, не судзяць.
Іван — распрацоўшчык вэб-аплікацый (Full Stack JavaScript Engineer) з пяццю гадамі вопыту. Раней ён распрацаваў іншую гульню «Агентура».
Распрацоўка новай гульні заняла ў Івана пяць месяцаў — рабіў усё сам у вольны час пасля працы. Калі не лічыць асабістага часу, выдаткі атрымаліся адносна невялікімі: дызайн каштаваў 300 долараў, аплата App Store —100 долараў, тэставанне гульні — 30 долараў.
Падчас распрацоўкі давялося перакласці каля 2 тыс. слоў на шэсць моў плюс запісаць беларускія словы лацінкай (на ёй таксама можна гуляць).
Кажучы пра выклікі, Іван успамінае, што Apple дзевяць разоў не прапускаў гульню: заўсёды штосьці не пасавала.
— Увесь спіс памылак яны адразу не пішуць, толькі па адной, — тлумачыць распрацоўшчык.
У гульні пакуль усяго каля 30 спамповак — у асноўным іх забяспечылі сябры і сям’я распрацоўшчыка. Але ён спадзяецца на большы попыт.
Пакуль што Іван зрабіў гульню часткова платнай, каб акупіць затраты. А пазней, думае, яна стане поўнасцю бясплатнай.