Ці можна даведацца, як чыталі і вымаўлялі царкоўнаславянскія тэксты ў сярэдзіне XVIII стагоддзя, напрыклад, дзе-небудзь пад Мінскам? Гэта прыблізна можна ўявіць, калі святар для зручнасці вырашаў занатаваць для сябе царкоўнаславянскі тэкст больш звыклай для яго ў XVIII стагоддзі лацінскай графікай, піша гісторык Дзяніс Лісейчыкаў на сваёй старонцы ў Фэйсбук.
Фота: facebook.com/dzianis.liseichykau
Бачым, што «г» заўсёды фрыкатыўны (Hospodi, twoieho, błaho), «р», «ч» і «т» заўсёды цвёрдыя (Caru, Woskresenie, żywotworaszczy, czudo, tyran, uczytel, otec, tebe). «ѣ» вымаўлялася як «і», а не як «е» (Diwy Maryi, Pobidonosca, czełowik, nini y prysno i wo wiki wikom).
У выпадку з некаторымі словамі, як з Błahosti, бачым, што «т» тут як быццам мяккае. Але далей святар пры напісанні просталюдзінскіх імёнаў сваіх парафіян, дзе ён не быў абмежаваны царкоўнаславяншчынай, паказвае, як ён у такіх выпадках вымаўляе гэтае «sti» — як у імені Nieścier, то-бок тут мяккае «сьць».
Натаванне ж імёнаў увогуле падарунак для таго, хто хацеў бы пачуць асаблівасці маўлення таго часу.
У сярэдзіне XVIII стагоддзя як на падбор і аканне з яканнем, і дзеканне з цеканнем, а «w» у імёнах Awłas i Pawluk, можна не сумнявацца, вымаўлялася як «ў»:
Achrem, Ahapon, Ahiey, Alisiey, Anań, Aniśka, Apanas, Astap, Awłas, Chalimon, Chama, Chwiedar, Cimoch, Cit, Daniła, Harasim, Hryszka, Illa, Jarmak, Jaśka, Jawchim, Jawsiey, Kaciaryna, Kastuś, Konan, Maćwiey, Maysiey, Mikita, Naściucha, Pawluk, Piatrok, Pilip, Prachor, Raman, Sawaściey, Siamion, Supron, Tacjana, Wasil.
Прыблізна гэтак жа чыталі і вымаўлялі словы з рускамоўных дакументаў XVI-XVII стагоддзяў, копіі якіх (фундушы, падараванні, судовыя працэсы) знаходзіліся ў архіве бадай кожнай царквы.