6 незвычайных захапленняў, каб зняць стрэс

Калі вы шукаеце занятак, які б дапамагаў пераадолець стрэс, то варта звярнуць увагу на некаторыя важныя моманты. Лепш, каб гэты занятак засяроджваўся на працэсе, а не на выніку. То бок дазваляў атрымліваць асалоду ад бягучага моманту і абстрагавацца ад трывожных думак.

 У гэтым артыкуле распавядзем пра незвычайныя заняткі, якія могуць дапамагчы зняць стрэс і нават стаць вашым пастаянным захапленнем. Яны медытатыўныя, дапамагаюць супакоіцца, а да таго ж — простыя ў засваенні і не патрабуюць адмысловай падрыхтоўкі.

Маляванне пяском

Маляванне пяском.png

Ідэя малявання пяском як захапленне і нават своеасаблівае мастацтва ўзнікла адносна нядаўна. Заснавальніцай гэтага напрамку лічыцца канадская рэжысёрка-мультыплікатарка Кэралайн Ліф. Так, у 1969 годзе яна стварыла першы анімацыйны фільм, выкарыстоўваючы пясок. Гэтая тэхніка настолькі ўразіла гледачоў, што пясочнае мастацтва або Sand Art стала новым трэндам. Сёння нават існуюць пясочныя шоу.

Маляванне пяском выкарыстоўваецца для зняцця стрэсу. Для гэтага не патрабуецца спецыяльных навыкаў і дарагога абсталявання. Можна выкарыстоўваць стол са шкляной паверхняй, лямпу і пясок. Для стварэння больш яскравых малюнкаў добра пасуе каляровы пясок. А ў хатніх умовах можна і ўвогуле абысціся без пяску — замяніць яго маннай крупой.

Стварэнне слаймаў

Слайм.png

Слаймы — гэта такія цацкі з жэлепадобнага матэрыялу. Яны сталі асабліва папулярныя дзякуючы відэа ў сацыяльных сетках, хаця прыдуманы былі яшчэ ў 1970-ых гадах. Шмат у чым, іх папулярнасць звязаная з незвычайнай тэкстурай.

Стварэнне слаймаў, як уласна і гульня з імі, не толькі супакойвае нервовую сістэму, адцягвае ўвагу ад трывожных думак, але і дазваляе праявіць фантазію і паэксперыментаваць. Стварэнне слаймаў прадугледжвае змешванне клею, актыватара, бліскавак, фарбавальнікаў і тэкстурных элементаў. А таму кожны слайм у вас атрымаецца ўнікальным.

Эбру

Эмбру.png

Эбру з’яўляецца адмысловай тэхнікай стварэння малюнкаў на вадзе, якія можна пераносіць на паперу, тканіну ці іншыя матэрыялы. Для гэтага выкарыстоўваецца адмысловая ёмістасць з вадой, у якую дададзены загушчальнікі, якія робяць яе вязкай і цягучай. На гэтую паверхню з дапамогай пэндзляў, шылаў і грабянёў наносяцца спецыяльныя фарбы, якія не раствараюцца ў вадзе. Атрыманыя ўзоры потым можна пераносіць на які-небудзь матэрыял. Але найбольш цікавым у гэтай тэхніцы з’яўляецца сам працэс, у прыватнасці, прыгожы і чароўны рух колераў.

Дакладнае паходжанне эбру невядомае. Лічыцца, што гэтая тэхніка ўзнікла ў Цэнтральнай Азіі ці на Блізкім Усходзе. Здаўна яна папулярная, напрыклад, у Турэччыне, а апошнім часам стала папулярнай і ў еўрапейскіх краінах.

Карвінг

Карвінг.png

Карвінг уяўляе сабой стварэнне своеасаблівых скульптур з гародніны і садавіны. Гэта старажытнае майстэрства мастацкай разьбы з Азіі, якое апошнім часам стала папулярным захапленнем па ўсім свеце.

Каб пачаць, дастаткова мець адзін спецыяльны нож з трохкутным лязом — тайскі. Паступова, па меры засваення тэхнікі можна пашыраць набор інструментаў і набываць іншыя спецыялізаваныя прылады, якія дазволяць ствараць больш складаныя формы. Звычайна раяць пачынаць займацца карвінгам з морквы, буракоў, агуркоў, яблыкаў, кавуноў ці дынь, бо яны найбольш зручныя для эксперыментаў.

Айрыс-фолдынг

Айрыс-фолдынг.png

Мастацтва стварэння малюнкаў і ўзораў пры дапамозе складзенай паперы называецца айрыс-фолдынг. Лічыцца, што яно ўзнікла ў Нідэрландах: мясцовыя майстры пачалі ствараць незвычайныя паштоўкі, выкладваючы палоскі каляровай паперы ў выглядзе радужнай абалонкі вока.

Сутнасць заключаецца ў тым, каб выкладваць палоскі паперы пад пэўным вуглом і ствараць такім чынам складаныя геаметрычныя фігуры і аб’ёмныя выявы. Працэс стварэння выявы складаецца з некалькіх этапаў: падрыхтоўка шаблону, нарэзка палосак, выкладванне ўзору і фіксацыя.

Для гэтага занятку дастаткова звычайных канцылярскіх прылад, а спецыяльныя навыкі не патрабуюцца.

Маляванне мандал

Мандалы.png

Мабыць, маляванне мандал у дадзенай падборцы найбольш інтэгравана ў практыкі па зняцці стрэсу і нават актыўна выкарыстоўваецца псіхолагамі. Спрошчана мандалу можна апісаць як сіметрычную графічную выяву.

Першапачаткова традыцыя малявання мандал узнікла ў Азіі, дзе гэтая практыка выкарыстоўвалася ў будызме. А ўжо ў Еўропе яе адаптавалі для тэрапіі і творчасці.

Для стварэння мандалы дастаткова аркуша паперы і прыладаў для малявання. Працэс пачынаецца з малявання круга, які можна запоўніць любымі формамі і колерамі, кіруючыся толькі ўнутранымі адчуваннямі.

Паспрабаваць любое згаданае захапленне досыць проста. Яны не патрабуюць складаных інструментаў і матэрыялаў, а ў сеціве існуе мноства прыкладаў і інструкцый.

А самае галоўнае, што яны не патрабуюць ацэнкі ў крытэрах правільна/няправільна або прыгожа/непрыгожа і дазваляюць адпачыць ды прыемна правесці час.

К.С., Budzma.org

У якасці ілюстрацый выкарыстаны скрыншоты з відэаўрокаў на ютубе