Нядаўна ў беларускага гурта «ДОМ сувязі», які зараз знаходзіцца ў Гданьску, выйшаў рэліз «Сэрцам.BY». Асаблівую кранальнасць песні, якая, безумоўна, адгукаецца большасці вымушаных эмігрантаў, надаюць выканаўцы: у кліпе «спяваюць» партрэты вядомых беларускіх дзеячаў: Кастуся Каліноўскага, Максіма Багдановіча, Льва Сапегі, Рыгора Барадуліна, Уладзіміра Караткевіча і іншых. Сола да песні мог напісаць Манюшка ці Агінскі, але больш пашанцавала гітарысту Кастусю Стасевічу, жартуюць удзельнікі гурта «ДОМ сувязі».
«ДОМ сувязі» ў Гданьску
Паразмаўлялі з салістам Максам Марозавым і гітарыстам Кастусём «Бацем» Стасевічам пра заснаванне гурта, на чале якога стаяла бадзёрая студэнцкая тусоўка, шматзначную назву і крыніцы натхнення за мяжой.
«Усё пачалося з пасядзелак з музлом»
— Дзе і калі з’явіўся гурт? Чыя была ідэя яго стварыць?
Макс: Трэба сказаць, што ўсе ўдзельнікі першапачатковага складу гурта вучыліся ў БНТУ на факультэце інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі. Усе паступалі ў розныя часы — вучыліся на розных курсах. Ва ўніверы мы ўсе тусілі разам, займаліся творчымі штукамі — карацей, усім акрамя вучобы (смяецца). Мы ўсе былі добра знаёмыя — з Кастусём на той час сябравалі на працягу амаль пяці гадоў. Калі ягоная група святкавала выпускны ў Коблева ва Украіне, я паехаў разам з імі трошкі нелегалам. Усё выдатна склалася: мора, сонейка, выдатнае надвор’е, мы гралі песні на гітарах, у асноўным, чужыя, але часам я пачынаў граць свае.
Гурт падчас канцэрту
Кастусь: На той час я асобна займаўся музыкай, граў металы і дэз-металы, не ведаючы, што Макс піша песні. Пачуў, як ён грае нейкія трэкі — адзін з іх мне спадабаўся, падыграў яму і спытаў, чыя песня, папрасіў акорды, маўляў, таксама хачу вывучыць. Ён адказаў, што акорды яшчэ не запісаў — так я даведаўся, што ён піша песні. Кажу: «Давай паспрабуем што-небудзь разам!».
— Здаецца, у назву закладзены глыбокі сэнс. Як яна нарадзілася?
Макс: Дамовіліся паствараць аранжыроўкі. Кастусь сядаў за камп’ютар і гітару, нешта шаманіў. Напісалі некалькі і зразумелі, што варта збірацца і ўсё гэта граць, ствараць гурт. На той момант назвы не было — усё больш нагадвала пасядзелкі за музлом. Пазней да нас далучыліся Лёша і бубнач Лясік, мы пачалі рэпетаваць матэрыял. Пачалі падбіраць назву, і праз некалькі варыянтаў з’явіўся «Дом сувязі». Нам спадабалася, што назва добра гучыць на розных мовах. Дый само словазлучэнне з такім асаблівым флёрам — цёплым, лямпавым. Больш за тое, дамы сувязі ёсць у розных месцах: у Горадні, Бабруйску, Баранавічах. Назва дакладна адпавядала таму стану, у якім мы знаходзіліся на той момант: гэта быў не проста гурт, але і нашы сяброўскія, універсітэцкія тусоўкі, якія збіраліся штосьці пісаць, марыць пра новыя праекты.
«Замест чарнавіка атрымаўся рэліз»
— На якой мове вы спявалі ў той час?
Макс: У нас адразу з’явілася песня на беларускай мове — пра Дзеда-Барадзеда. Першы рэліз складаўся з пяці песень.
Кастусь: Насамрэч ён атрымаўся спантанна — толькі сабралі гурт, адрэпетавалі пяць песень, і хтосьці з нас заўважыў аб’яўку пра тое, што ў адной студыі можна зрабіць запіс. Каштавала гэта крыху даражэй за звычайную рэпетыцыю. Мы вырашылі паслухаць сябе з боку. Паслухалі... і атрымаўся не чарнавік, а адразу рэліз.
— Ці выступалі вы дзе-небудзь у Беларусі?
Макс: Першы выступ адбыўся ва ўніверсітэце — мы сыгралі пару трэкаў. Выступалі ў мінскіх клубах — «Графіці», «Брюгге», «TNT». Не паспелі зладзіць тое, пра што марылі — сольнік у «Рэпабліку», бо нам не далі «гастрольку». На маленькай пляцоўцы мы раней гралі, хацелі выступіць на вялікай.
«ДОМ сувязі» ў Гданьску
«Як і большасць беларусаў, слаба ўяўляем сваю будучыню»
— Як вы апынуліся на польскай Балтыцы?
Макс: Мы пераехалі сюды за два месяцы да поўнамаштабнай вайны. Адной раніцай нас з жонкай затрымалі.
Кастусь: Праз шэсць гадзін пасля гэтага ўдзельнік гурта Лёша ўжо быў у Гданьску — у яго была віза. А я ехаў у Гданьск праз Ірпень, дзе атрымаў візу, пасля чаго дагнаў сяброў. Яны ўжо адсядзелі і чакалі мяне ў Гданьску.
— Ці паўплывалі падзеі, якія з вамі здарыліся, і ўвогуле 2020 год на вашу музыку?
Макс: Дакладна паўплывалі — на сам гурт і на кожнага ягонага ўдзельніка — як і на тысячы жыхароў Беларусі. Мы напісалі некалькі песень пра падзеі 2020 і 2021 гадоў, адну нават паспелі запісаць у верасні 2020-га. Гаворка пра песню «Служба» — яна добра выстраліла на YouTube, набраўшы 80 тысяч праглядаў. Ёсць яшчэ некалькі незапісаных песень, спадзяемся, запішам іх у бліжэйшы час. Мы апынуліся ў іншым складзе, у іншай краіне — зараз шукаем нейкую новую форму для сябе.
«ДОМ сувязі» на польскай Балтыцы
Кастусь: Акрамя цяжкага эмацыйнага стану, адбыўся даўншыфтынг — прыехалі няпоўным складам, прыходзілася шукаць пляцоўкі для выступаў. Набраць узровень, які ў нас быў, калі мы з’язджалі — па выканаўчым майстэрстве, па адчуванні сябе на сцэне — не зусім атрымалася і дагэтуль.
Макс: Здаецца, мы жылі ў нейкай іншай перспектыве. Калі ўяўлялі будучыню гурта да 2020 года, у галовах яна была ў зразумелым выглядзе — у які бок мы развіваемся, што нас можа чакаць наперадзе як творчую адзінку. Было адчуванне, што ў нас пакрыху ўсё атрымліваецца — мы з’ездзілі з канцэртамі ў Кіеў і Адэсу. Няхай паціху, але гурт набіраў ход. А цяпер мы апынуліся ў такім стане, калі перспектыва здаецца мне няяснай, калі мы, як і большасць беларусаў, слаба ўяўляем нашу будучыню — якая яна будзе, дзе. Тое самае адбываецца і ў творчасці.
«Большасць песень — меланхалічныя»
— А пра што агулам вы спяваеце цяпер? Ці можна знайсці «чырвоную нітку», якая праходзіць праз вашы песні?
Макс: Добрая частка песень — сумныя, штосьці меланхалічнае ў іх ёсць. Большасць з іх — за маім аўтарствам. Яны пра маё жыццё, пра наша жыццё, пра тыя эмоцыі, што мы назіраем навокал.
— Дзе вы бераце натхненне для творчасці за мяжой?
Макс: Штосьці тут, вядома, пішацца, значыць, нешта натхняе. За гэты час я напісаў песню пра эміграцыю, у якой уздымаецца актуальная для тутэйшых беларусаў тэма. Радуе тое, што ўсё яшчэ ёсць магчымасць штосьці рабіць, сустракацца з сябрамі на волі — у нас тут немаленькая брыгада сабралася — у Гданьску і ў Польшчы цалкам. Гэта, безумоўна, працягвае натхняць. Натхнёныя Гданьскам і ягонай асаблівай атмасферай, тусовачкамі, якія адбываліся ўжо тут, былі відэа — гэта таксама частка нашай агульнай творчасці.
Кастусь: Можна натхняцца прыгожымі краявідамі, дзесьці прайсціся, пашпацыраваць, паглядзець на сонейка, пляж.
«Наш стыль — гэта гучны гітарны рок»
— Калі казаць пра музычны стыль, чаму абралі менавіта такі?
Кастусь: Не тое, каб мы спецыяльна выбіралі стыль. Сабраліся пісаць песню, накідалі рытм, падключылі гітары. Мне здаецца, наш стыль — гэта гучны гітарны рок (смяецца). Стыль вызначыўся асобнымі музыкамі. Натхняліся тым агульным, што слухалі — беларускі рок, замежны рок. Рок — гэта музыка пратэсту.
— Што, на ваш погляд, робіць беларускую музыку актуальнай зараз? Чым яна чапляе? Ці дапамагае не падаць духам за мяжой?
Макс: Беларуская музыка ў эміграцыі якраз і дапамагае сваёй актуальнасцю. Ёсць тэмы, якія моцна адгукаюцца. Як, напрыклад, песня гурта Leibonik «Emigrant song» — яна знайшла водгук у многіх эмігрантаў. На жаль, у нас не атрымліваецца выпускаць такі актуал хутка — песням трэба настаяцца і праз некалькі гадоў выйсці.
Гурт у Гданьску
«Беларуская музычная індустрыя можа з’явіцца ў вольнай Беларусі»
— Ці ёсць шанец стварыць беларускую музычную індустрыю?
Макс: Сама беларуская музыка быццам існуе па-за кантэкстам сусветнай сцэны, таму што не існуе беларускай музычнай індустрыі — ёсць толькі музыканты і слухачы. Вы альбо знаходзіце адно аднаго, альбо не знаходзіце — тады музыканты варацца недзе самі сабе.
Вядома, яна можа з’явіцца ў новай свабоднай Беларусі, без дурных законаў і забабонаў, якія абмяжоўваюць літаральна ўсё. Беларускай музычнай індустрыі было цяжка дыхаць і да 2020 года. Каб беларусу стаць вядомым у Беларусі, трэба спачатку стаць вядомым недзе яшчэ. То-бок, вялікая колькасць беларускіх гуртоў рыхтавалася на іншыя рынкі — расійскі, украінскі. У апошнія гады пачалі зазіраць на заходнія рынкі, фестывалі. У Беларусі гэтага не было, не хапала пляцовак, музычных медыя, радыё. Усё было ў вельмі абмежаваным стане — у асноўным занятае дзяржавай. Клубы, бары, дзе маглі б граць і развівацца гурты, — усё гэта душылася. А пасля 2020 года індустрыю пачалі душыць яшчэ мацней. Усё загнана пад дыван.
«Новае відэа здавалася поўнай крынжацінай»
— Як з’явіўся ваш рэліз «Сэрцам.BY»? Хто прыдумаў ідэю кліпа?
Макс: Песня была напісана даўно, яшчэ ў пачатку 2020 года — да ўсіх падзей. Мая сястра і некалькі сяброў паехалі ў Амерыку. Я бачыў, што людзі з’язджаюць, але не губляюць сувязі з радзімай, працягваюць заставацца беларусамі і беларускамі — гэта вельмі ўражвала. У той час мы таксама пабачылі, як людзі з-за мяжы падтрымліваюць імкненне беларусаў да свабоды.
Кастусь: Запісалі песню, і ўзнікла пытанне, што рабіць з відэа — не хацелася выпускаць сінгл без яго. Думалі стварыць штосьці простае, каб працэс не заняў шмат часу і грошай. Аднойчы ў нас быў досвед сур’ёзнага кліпа — выйшла вельмі балюча па рэсурсах. Зноў сабраць каманду і запусціць такі прадакшн было б цяжкавата, дый не заўсёды ж страляць «галівудскімі» кліпамі.
Макс: Па нашых кліпах можна заўважыць тэндэнцыю — нам падабаюцца простыя відэа. Гэтым разам мы прыдумалі зрабіць штосьці кшталту спяваючых галоваў. У нейкі момант стрэльнула, што спяваць могуць героі беларускай гісторыі. Я пачаў шукаць інструментарый, каб гэта зрабіць. Стварыў дэмку на першую частку куплета — адкладаў яе на дзень ці два, бо мне здавалася, што гэта крынжаціна поўная (смяецца), думаў, што няма сэнсу працягваць. Я дасылаў напрацоўкі знаёмым, пытаючыся, ці варта рабіць далей. Вырашылі, што не крынжова, і ў выніку атрымалася цікава.
— Як выбіралі «герояў» для відэа? Гэта былі рандомныя партрэты, ці існаваў крытэрый адбору?
Макс: Я перабіраў у галаве ўсіх, каго ведаў з розных сфер — рэвалюцыянераў, навукоўцаў, прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, «нерасстраляных» паэтаў, забітых ў 1937 годзе. Я намагаўся вылучыць жанчын, каб захаваць гендарны баланс: нават калі паглядзець на беларускую гісторыю — уся яна запоўнена мужчынамі. Хацелася надаць больш увагі жаночым асобам.
— Што наконт планаў на будучыню? Якія кірункі ёсць у гурта?
Кастусь: Шчыра кажучы, мы не выбіралі, якім шляхам пайсці. Як пераехалі, сталі думаць: не разваліліся і дзякуй богу.
Макс: У планах зрабіць так, каб рэлізы былі. Гастролі пакуль цяжка планаваць, бо ідуць пературбацыі ў складзе гурта — трэба адрэпетаваць увесь матэрыял нанова.
Таццяна Краўчанка, Budzma.org
Фота з асабістага архіва гурта «ДОМ сувязі»