Сёння выйшаў доўгачаканы альбом ужо амаль не існуючага беларускага гурта Port Mone. «Неверагодна прыгожая паштоўка з іншага вымярэння, імпрэсіянісцкая карціна, якую намалявалі не фарбамі, а гукам. Шэпт беларускіх вятроў і вітальная энергія сонца, магія музычнай медытацыі ў мінімалістычным сэтынгу — усё гэта Whisper», — піша пра альбом Аляксанр Чарнуха ў тэлеграм-канале «Беларуская музыка».
Каб запісаць свой папярэдні альбом Thou, музыканты Port Mone паехалі ў лес. Там, сярод натуральнага беларускага эмбіенту, які стварыла сама прырода, яны запісалі шэдэўр. Альбом Thou беларускія музычныя журналісты назвалі найлепшым альбомам дзесяцігоддзя ў айчынная музыцы. І нездарма: у ім адчувалася магутная сіла ціхай беларускай натуральнай прыгажосці. Без фільтраў, як ёсць.
У Whisper свая канцэпцыя. Яго музыканты запісвалі з дапамогай выключна альтэрнатыўных крыніц энергіі. Сонечныя батарэі, ветравыя станцыі — гэта запіс быў зроблены дзякуючы сіле беларускай прыроды.
Калі вы будзеце слухаць альбом, уявіце сабе: вось яго рухае вецер, а вось зараджае сонца — так будзе прасцей зразумець моц гэтага запісу. Калі складана ўсё гэта візуалізаваць, паглядзіце цудоўнае відэа, якое мы з хлопцамі здымалі восем год таму: альбом Whisper яшчэ толькі нараджаўся, але ўжо тады гучаў магутна, дыхаў паветрам на поўныя грудзі, — адзначае Аляксандр Чарнуха.
Whisper — гэта працяг імпрэсіянісцкай традыцыі Port Mone. Без выразных і яскравых мелодый: музычныя тэмы выплываюць са смугі, а пасля іх нясе за сабой вецер. Без багатых аркестровак: музыкантам хапае баса, акардыёна і перкусіі, каб ствараць глыбіню і аб’ём. Але з неверагоднай дынамікай. Са змястоўнымі дыялогамі паміж інструментамі. З адчуваннем імклівай і няспыннай энергіі, якая пульсуе ў гэтым альбоме.
Слухайце Whisper, медытуйце, атрымлівайце асалоду.