Галасы з-за небакраю: анталогія паэзіі свету ў беларускіх перакладах ХХ ст. / склад. М. Скобла; уступны артыкул Е. Лявонавай, навук. рэд. Л. Баршчэўскі. – Мінск: Лімарыус, 2008. – 896 с. с.: іл.
Прааналізаваць анталогію паэзіі свету ў беларускіх перакладах ХХ ст. Міхася Скоблы “Галасы з-за небакраю” – абсалютна немагчымая справа. З аднаго боку, можна цэлы артыкул хваліць укладальніка, з другога – плакацца з нагоды не вельмі вясёлага стану беларускай перакладной справы. Альбо спрабаваць упэўніць сябе і іншых, што стан акурат цалкам неблагі. Альбо параўнаць з рускім і зноў жа плакацца.
Як ні круці – задача бесперспектыўная. Магчыма, з гэтае прычыны ніхто пакуль яшчэ не наважыўся хаця б самым агульным чынам зрабіць агляд гэтай грунтоўнай 896-старонкавай працы і прааналізаваць яе ролю ў развіцці беларускага перакладазнаўства. Таму давядзецца пайсці на кампраміс з уласным сумленнем, паспрабаваць зрабіць першы крок у гэтым кірунку і паглядзець на анталогію хаця б з аднаго боку. Выбраны для разгляду бок – праблема пераемнасці і нацыянальнай школы перакладу.