Арганізатары новага польскага фэстывалю Halfway Festival абвесьцілі сьпіс яго ўдзельнікаў. У першай дзеі пад назвай Songwriting Op!era выступяць ісьляндцы з Low Roar, амэрыканцы The Mountain Goats, літоўская сьпявачка Аліна Арлова, Паліна Рэспубліка і «Людзі на балоце» зь Беларусі. У другой частцы фэсту Op!era Folk заяўленыя Woven Hand, Haydamaky, Вася Абломаў, а таксама беларусы з Re1ikt і FolkRoll.
Ідэя правядзеньня Halfway Festival належыць Падляскай опэры і філярмоніі — Эўрапейскаму цэнтру мастацтва ў Беластоку. Яна палягае ў тым, каб прадставіць у межах аднаго фэстывалю тры музычныя культуры — санграйтэраў, фольк ды альтэрнатыву. Паказаць выканаўцаў, якія лічацца ўжо легендарнымі ў сваім кірунку ды прадаставіць магчымасьць выступіць маладым артыстам. Арганізатары спадзяюцца, што ў пэрспэктыве Halfway Festival прыцягне ўвагу гледачоў з усіх суседзкіх бакоў.
Фэст умоўна падзяляецца на дзьве часткі. Першая пройдзе 9 і 10 чэрвеня і мае сваю назву — Songwriting Op!era Festival. Тут выступяць уласна санграйтэры, ці тое проста выканаўцы сваіх песень (у нас у больш вузкім значэньні іх называюць бардамі). У гэтай частцы заяўленыя такія выканаўцы, як Марцін Хол з Даніі, The Mountain Goats з ЗША, абсалютна культавы для палякаў Лех Янерка, Low Roar з Ісьляндыі, француз Сэбастыян Шулер, літоўская сьпявачка Аліна Арлова і Паліна Рэспубліка зь Беларусі, а таксама яшчэ адзін наш гурт — «Людзі на балоце» (гэта новы праект удзельнікаў гурта «КальЯн»).
Ня менш цікавай будзе і другая частка, што завецца Op!era Folk Festival. Яна пройдзе ў тры дні — 29, 30 чэрвеня і 1 ліпеня. З назвы вынікае, што тут выступяць фольк-выканаўцы. Як, напрыклад Warsaw Village Band/Kapela Ze Wsi Warszawa, які лічыцца самым вядомым у сьвеце польскім фольк-гуртом. Прадставяць сумесную праграмуаркестар Падляскай опэры і філярмоніі ды мужчынскім вакальным гуртом Constantine з Сэрбіі. Бачаньне свайго фальклёру пакажуць амэрыканцы з The Loom і Great Lake Swimmers. Важнае месца ў праграме займаюць выступы беларускіх гуртоў. Плянуецца канцэрт FolkRoll з Настай Някрасавай і Re1ikt з новым вакалістам, імя якога пакуль музыкі трымаюць у сакрэце. Паколькі фэст завершыцца разам з чэмпіянатам Эўропы па футболе, дык для наданьня ўкраінскага акцэнту паклікалі таксама ўкраінскі гурт Haydamaky. А завершыцца фэст выступам Woven Hand — праекту Дэвіда Юджына Эдвардса, якога называюць адным з самых таямнічых амэрыканскіх музыкантаў.
Уся дзея будзе адбывацца ў толькі што адкрытым амфітэатры Падляскай опэры і філярмоніі ў Беластоку.
Афіцыйны партнэр Halfway Festival — інтэрнэт-партал Tuzin.FM. Выступ беларусаў на гэтым міжнародным фэстывалі — першы этап нашага партнэрскага праекту з Падляскай опэрай і філярмоніяй.
Праграма фэстывалю:
Songwriting Op!era Festival
09.06.2012
Lifemotiv (Польшча)
Паліна Рэспубліка (Беларусь)
Людзі на балоце (Беларусь)
Аліна Арлова (Літва)
Марцін Хол (Данія)
Лех Янерка (Польшча)
10.06.2012
Low Roar (Ісьляндыя)
Сэбастыян Шулер (Францыя)
The Mountain Goats (ЗША)
Op!era Folk Fesitval
29.06.2012
Аркестар Падляскай опэры і філярмоніі з мужчынскім хорам Constantine (Сэрбія)
Kapela ze Wsi Warszawa
30.06.2012
FolkRoll (Беларусь)
Re1ikt (Беларусь)
The Loom (ЗША)
Вася Абломаў (Расея)
Sun Kil Moon (ЗША)
01.07.2012
Chlopcy kontra Basia (Польшча)
Haydamaky (Украіна)
Sin Fang (Ісьляндыя)
Great Lake Swimmers (Канада)
Woven Hand (ЗША)
Замовіць квіткі можна праз афіцыйны сайт фэстывалю.