Ганна Янкута: Гета, каханне, мова

У геце было і каханнеГаворачы пра кнігу Марка Эдэльмана “У геце было і каханне” (“Галіяфы”, 2013, на беларускую мову пераклалі Вераніка Бандаровіч і Юрась Барысевіч), можна закранаць розныя тэмы: і незвычайны лёс яе аўтара, апошняга кіраўніка паўстання ў Варшаўскім гета (1943), і ўласна гісторыю паўстання ў гета, а таксама Варшаўскага паўстання 1944 года, што апісваюцца на старонках гэтай кнігі, і праблемы перакладу з польскай мовы на беларускую. Аднак раскрыццё і першай, і другой тэмы будзе патрабаваць нашмат большага аб’ёму, чым прадугледжвае матэрыял такога кшталту: гісторыі гэтыя не кароткія і расказваюцца не хутка. Кніга відавочна прызначаецца для падрыхтаванага чытача. Яна, хоць і змяшчае разгорнутыя каментары да кожнага раздзела, наўрад ці зацікавіць кагосьці, хто пра паўстанне ў Варшаўскім гета чуў толькі краем вуха. Гісторыі, расказаныя Маркам Эдэльманам Паўле Савіцкай, — вельмі фрагментарныя, іх добра чытаць, наведаўшы папярэдне выставы Габрэйскага гістарычнага інстытута ў Варшаве ці пабадзяўшыся па тэрыторыі былога гета, шукаючы па карце ацалелыя дамы ці помнік на месцы выхаду з тунеля, якім уратавалася частка паўстанцаў, у тым ліку і сам Эдэльман. Зрэшты, цалкам магчыма, што каго-небудзь кніга акурат зацікавіць гэтай тэмай.

Нягледзячы на назву кнігі — “У геце было і каханне”, — уласна каханню ў ёй прысвечана не так ужо і шмат старонак, а менавіта два раздзелы: “Каханне ў геце” і “Раскажу, мо, цяпер пра любоў сталых людзей”. Гэта кароткія, збольшага, зразумела, трагічныя, але і шчаслівыя таксама, гісторыі людзей, якім давялося сустрэць адно аднаго падчас вайны. Усё астатняе — паасобныя ўспаміны Эдэльмана пра падзеі і асобаў гета: згадкі пра сутычкі і аперацыі, гісторыі сяброў, а таксама пералік і кароткая інфармацыя пра значных для гета людзей (раздзел “Я апошні, хто ведаў…”). Вельмі важнае месца ў кнізе займаюць развагі пра памяць: “Найперш мушу сказаць, што габрэйскай памяці ў адзіночным ліку не існуе… Аднаго кшталту ўспаміны ў тых, каго з дня ў дзень абіралі за маўчанне шмальцаўнікі, другога — у тых, хто здабыў зброю і помсціў, трэцяга — у тых, хто ўцёк з гета і знайшоў хованку дзе-небудзь на вёсцы. Усе гэтыя людзі па-рознаму бачаць супольную, здавалася б, гісторыю свайго народу”. Уся кніга Эдэльмана і ёсць плынню ўспамінаў, дзе форма і стыль не маюць значэння, а на першы план выходзяць аскепкі мінулага, тое, што прыгадваецца ў размове праз шмат гадоў.

Разважаючы пра пераклад назвы кнігі, рэдактарка Інэса Кур’ян у прадмове піша: “Назва кнігі “У геце было і каханне” мае шмат значэнняў. Праз магчымасці перакладу ў тытул можна было б вынесці “Гета без нянавісці”, “У геце людзі жылі і хацелі жыць”, “У геце людзі хацелі працягваць свой радавод”, “У геце кахалі, каб не думаць пра смерць”. Такая думка падаецца чымсьці накшталт кур’ёзу: арыгінальная назва кнігі I była miłość w getcie”, як на мяне, мусіць перакладацца на беларускую як “І было каханне ў гета” ці “І было ў гета каханне”. Такі парадак словаў надае назве ўрачыстае, амаль біблейскае гучанне, захоўваючы пры гэтым нейкую апавядальнасць: “І быў вечар, і была раніца: дзень адзін” (Быц. 1:5, пераклад Васіля Сёмухі). Прапанаваная ж перакладчыкамі назва цалкам перабудоўвае яе структуру, і ў ёй з’яўляецца новы сэнс: у гета было шмат усяго, у тым ліку і каханне. Сярод згаданых аўтаркай прадмовы варыянтаў назва “У геце людзі хацелі працягваць свой радавод” падаецца ўвогуле абсурднай.

Пачаўшы спрачацца з аўтаркай прадмовы, не магу не спыніцца таксама на перакладзе з ідышу калыханкі “Oyfn pripetshik”. Для кнігі яго зрабіла Інэса Кур’ян, назваўшы гэты пераклад першым у беларускай мове. Насамрэч гэтая песня ўжо некалькі гадоў як перакладзеная паэтам і бардам Аляксеем Жбанавым, які неаднаразова выконваў пераклад на розных мерапрыемствах. Цікава параўнаць два гэтыя пераклады.

Рэфрэн:

Даражэнькія, вы настаўніка
Слухайце свайго.
Паўтарыце раз, а потым яшчэ раз:
“Комец-алеф: о!”
(пераклаў Аляксей Жбанаў)

Рэфрэн:

Вы спазнаеце,
Дзеткі мілыя,
Тору па складох.
Паўтарыце зноў,
Як я вас вучыў,
З “алеф” будзе “Бог”.
(пераклала Інэса Кур’ян)

Арыгінал:

Zet zhe kinderlekh, gedenkt zhe, tayere,
Vos ir lernt do;
Zogt zhe nokh a mol un take nokh a mol:
Komets-alef: o!

Апошні радок у арыгінале азначае, што настаўнік тлумачыць дзецям: літара “комец-алеф” чытаецца як “о”.

Падчас чытання кнігі дзве рэчы выклікалі ў мяне найбольш пытанняў. Першая — гэта яе мастацкае афармленне (фотамастачка Дзіна Даніловіч). Дызайн вокладкі і фотаздымкі, якія перамяжоўваюць успаміны Эдэльмана, як на мяне, не маюць паміж сабой нічога агульнага: калі пры афармленні вокладкі на першае месца быў вынесены канцэпт “гета”, то ў фотаздымках, якія моцна кантрастуюць з тэкстам кнігі, на першым месцы відавочна стаіць канцэпт “каханне”. Пра тэму гета ў іх нагадваюць хіба што камяні (згодна з габрэйскай традыцыяй, яны прыносяцца на магілы замест кветак) у руках мадэляў.

Другая дзіўная для мяне рэч у кнізе — гэта моўная канцэпцыя. Рэдактарка кнігі ў прадмове спрабуе неяк апраўдаць скланенне нескланяльнага паводле нормаў беларускай мовы слова “гета”: “Задачай аўтараў кнігі і, зразумела, задачай перакладу было вяртанне жыцця ў застыглую дурную карцінку. Таму з’явілася форма: “у геце”. Такі падыход да перакладу, калі ўлічваюцца не асаблівасці мовы, на якую перакладаеш (хоць пераклад — гэта перадусім праца з мовай), а перакладчыцкія ўяўленні пра сваю найвышэйшую місію, падаецца даволі супярэчлівым: калі кожны перакладчык пачне рабіць з мовай што яму заманецца, хутка мы ўвогуле перастанем разумець, на якую мову нам трэба перакладаць. У абыход узусу і ўсіх замацаваных у беларускай мове традыцыяў у тэксце з’яўляюцца такія словы, як “Траблінка” (замест “Трэблінка”), “Асвянцін” (замест “Асвенцім” ці “Асвенцым”), “Коўня” (замест “Коўна” ці “Каўнас”), “прыхоў” (маецца на ўвазе, відаць, “падполле”), “Заступнік з Іншага народа” (замест “Праведнікі свету” ці “Праведнікі сусвету”). Усё гэта моцна ўскладняе чытанне кнігі, бо на кожным такім слове ці выразе спатыкаешся і спрабуеш зразумець, што перакладчыкі мелі на ўвазе. У кнізе шмат паланізмаў і дзіўнаватых формаў (“не меў сілоў”, “вязнічны”). Асобна варта сказаць пра вялізную колькасць карэктарскіх памылак, а таксама неахайнасць у перадачы замежных імёнаў. Так, напрыклад, імя згаданага ў кнізе нідэрландскага консула Яна Цвартэндыйка (Jan Zwartendijk) на беларускую мову правільна транслітаруецца як “Ян Звартэндэйк”.

Калі паспрабаваць акрэсліць аўдыторыю кнігі “У геце было і каханне”, то мне здаецца, у яе трапяць хутчэй чытачы кніг гістарычных, чым мастацкіх. Прынамсі, такіх будзе найбольш. Аднак кніга падымае і прагаворвае адну вельмі важную для Беларусі тэму: гісторыя габрэяў і Халакост — тэма, пра якую ў нас пакуль пішуць і гавораць вельмі мала. Гэта пашырае кола яе чытачоў за кошт тых, хто цікавіцца габрэйскай тэматыкай, а таксама  — ускосным чынам — за кошт паланістаў. У любым разе, кнігі такога кшталту нам вельмі патрэбныя. Хацелася б толькі, каб яны рабіліся больш акуратна.

Ганна Янкута