Гарадзенцам прадставілі “Гарадзенскі палімпсест”

У маленькім, але вельмі ўтульным памяшканні гарадзенскай арт-галерэі “Крыга” гісторыкі Алесь Смалянчук і Наталля Сліж прадставілі жыхарам горада над Нёманам два выданні — “Homo historicus” і “Гарадзенскі палімпсест”.

“Гэта ўжо чацверты наш зборнік. Цяжка было пачаць і не менш цяжка працягваць. Мы спрабуем зрабіць наступнае выданне не горшым за папярэдняе. І я вельмі радая, што да нашай ідэі вывучэння Горадні далучаюцца не толькі беларускія даследчыкі, але і замежныя”, — расказала пра выданне рэдактарка Наталля Сліж.

“Асноўная ідэя, якую я заклікаю аўтараў разгортваць увесь час, — гэта ідэя даследавання дзяржаўных структур, і ў нас ёсць папярэднія даследаванні па гарадзенскім магістраце. Акрамя таго, з’явіліся замежныя даследчыкі. Я, пакуль не пачытала гэты артыкул, не ведала, што ў французскім выданні вельмі шмат інфармацыі пра наш горад, пра палітычную дзейнасць. Нашыя маскоўскія калегі цікава напісалі пра знаходку герба Дамброва, які, па словах аўтара, належаў аднаму з паплечнікаў Вітаўта”, — працягвае Наталля Сліж.

“У зборніку мы спалучылі даследаванне з навуковай канферэнцыяй. Зборнік як бы дзеліцца на дзве часткі. Частка, што расказвае пра ВКЛ, гэта новыя аўтары і матэрыялы, заснаваныя на новых крыніцах, артыкулы пра ўвядзенне Магдэбургскага права ў горадзе. Частка, што расказвае пра XIX стагодзе, уключае цікавыя матэрыялы Радзюка пра прастытуцыю ў горадзе, пра злачныя месцы. На маю думку, цікавыя і два артыкулы пра арганізацыю і гісторыю пажарнай службы ў Горадні. Увогуле ў зборніку сабраныя новыя матэрыялы пра розныя аспекты жыцця горада”.

Падчас сустрэчы выступалі аўтары зборніка і яго рэдактары, а зала галерэі была запоўненая гасцямі розных пакаленняў.

Андрэй Мялешка

Тэгі: