У Горадні забароненае правядзенне 4-й навуковай канферэнцыі “Гарадзенскі палімпсест”, прысвечанай альтэрнатыўным дням горада – дням Святога Губерта.
Канферэнцыі над назвай “Гарадзенскі палімпсест” сталі адказам навукоўцаў на так званую «экскаватарную рэканструкцыю» гістарычнага цэнтра горада і мелі мэтай прыцягнуць увагу гарадзенцаў да праблем гісторыі Горадні і захавання яе багатай гістарычна-культурнай спадчыны.
У 2008 – 2010 гг. адбыліся тры канферэнцыі, вынікам якіх сталі зборнікі навуковых матэрыялаў.
Планавалася, што чарговая канферэнцыя пройдзе 5-6 лістапада ў Беларускім інстытуце правазнаўства і ў ёй возьмуць ўдзел навукоўцы з Беларусі, Расіі і Польшчы.
Як паведаміў Эдуард Дмухоўскі, адзін з сябраў выдавецкай ініцыятывы “Гарадзенская бібліятэка”, аднаго з арганізатараў канферэнцыі, “канферэнцыю забаранілі па званку міністра адукацыі . Я лічу гэта абсурдам, маразмам. Гэтая ўлада свядома расколвае нас на сваіх і чужых праз свае забабоны. Навошта ўсчынаць лямант і вэрхал наконт гэтай ініцыятывы, не разумею. З навуковай канферэнцыі зрабілі такі вэрхал, нібыта гэта не канферэнцыя, а нейкая рэвалюцыя”.
Канферэнцыя ў горадзе ўсё ж адбудзецца. Адна з незалежных арганізацый дала памяшканне, і заўтра 9-й гадзіне канферэнцыя адкрыецца па адрасе: вуліца Будзённага, 48а-100.
Андрэй Мялешка
Тэгі: Горадня