Новы гарадзенскі праект “Музыка гарадзенскіх вуліц” стварылі арганізатар музычных фэстаў Павел Салаўёў, аператар і мантажыст Андрэй Ломаў і рэдактар гарадзенскага “Твайго стылю” Аляксей Шота.
У першую чаргу праект — гэта музычны відэаблог: жывыя песні жывых музыкаў на вуліцах горада. Арганізатары любяць свой горад і якасную жывую музыку: бард-рок, джаз, аўтарскую песню, этніку — усе стылі добрыя, калі іх выконвае добры музыка. У відэароліках, якія здымаюцца ў розных месцах горада, сваю творчасць прадстаўляюць як мясцовыя музыкі, так і госці, якія прыязджаюць у Гародню з канцэртамі.
Пра гісторыю праекта расказвае Павел Салаўёў:
— Праект створаны, каб паказаць прыгажосць горада і гарадзенскіх вуліц, паркаў, архітэктуры, якой шмат у нас. Гісторыя стварэння вельмі простая: мы з Таццянай (Таццяна Салаўёва — жонка Паўла, вядомая ў Гародні выканаўца аўтарскай песні) і з Сашам Блахіным ездзілі на буйны фэст у Каўнасе, які называецца “Конік старога горада”, і пасля канцэрта да нас падышлі хлапцы. Яны сказалі, што хочуць зрабіць для нас відэа. У іх ёсць праект “Каўнас акустыкс”. І мы пайшлі ўначы на месца, дзе зліваецца Нямунас з Нерысам, і для нас зрабілі кліп, у якім Тацяна з Сашам спявала беларускую народную песню “Рэчанька”. А потым я даведаўся, што такі праект таксама ёсць у Вільні, у Маскве, у Кіеве. Нас таксама запрашалі на такі праект у Лодзі, дзе зрабілі з намі відэа. І два гады я ўсё марыў, каб такі праект паўстаў у Гародні.
— Чаму ў гэтым праекце пакуль няма гарадзенскіх гуртоў?
— Зразумелае пытанне. Гарадзенскія гурты будуць. Так супала, што ў Гародню за апошнія тры месяцы, што існуе праект, завітвае шмат музыкаў і гуртоў, якія нельга абмінуць увагай. Гарадзенцы будуць, але трохі пазней.
— Каго нам чакаць у гэтым праекце?
— У нас няма планаў. Усё атрымліваецца спантанна. Я ўжо больш за месяц хачу зняць гарадзенскае трыа Буйвід-Адасік-Медзвядзюк. Хацеў бы, каб Жэня “Пагост” (самы пладавіты гарадзенскі музыка — яго дыскаграфія складаецца з больш чым 30 альбомаў) паўдзельнічаў у праекце. Таццяна Салаўёва абавязкова будзе. Цяпер хлапцы з паралельнага праекта, які называецца “КультМоладасць”, здымаюць кліп на песню “Парыжанін” на словы Валярыны Куставай.
На старонцы праекта ўжо з’явілася відэа васьмі выступоўцаў, такіх як Раман Яраш з Мінска, Цімафей Яравікоў з Магілёва, Джош Ланца з амерыканскага Сіэтла. Праект таксама мае старонкі ў фэйсбуку і Укантакце, і, на думку арганізатара, ён становіцца цікавым жыхарам горада.
Андрэй Мялешка
Фота са старонкі праекта
Тэгі: Гродна