Больш за сотню наведнікаў прыйшло на гарадзенскія курсы “Мова нанова”, арганізаваныя гарадзенскім цэнтрам “Трэці сектар”. Гэтым разам гасцямі і вядоўцамі мерапрыемства былі Глеб Лабадзенка і Алеся Літвіноўская. Яны параўналі колькасць прысутных у Горадні з іншымі гарадамі, і лічба іх вельмі здзівіла: у Бабруйску на такую імпрэзу прыйшло 20 чалавек, у Гомелі – 30, у Гародні – больш за 100.
На сустрэчы беларускія імёны перамяжоўваліся з выказваннямі і чытаннем вершаў Рыгора Барадуліна. А самую цікавую рэакцыю выклікалі беларускія праклёны. На практычнай частцы занятку выступоўцы раздалі малым групам кавалкі паперы і далі магчымасць прысутным у зале працягнуць некаторыя прымаўкі. Такіх арыгінальных адказаў, па словах вядоўцаў, не было ні ў адным горадзе Беларусі.
Пасля сустрэчы Глеб Лабадзенка падзяліўся сваімі ўражаннямі з кампаніяй “Будзьма беларусамі!”.
– У мяне проста шок ад таго, што я пералічыў людзей. Іх было больш за 100 чалавек. Мы да гэтага былі ў Гомелі. Гомель па колькасці насельніцтва большы за Горадню – там было 30. Я не хачу сказаць, што 30 – гэта дрэнна. Як сказаў Ісус Хрыстос, там, дзе будзе я і два чалавекі, – там будзе царква. Калі б сёння прыйшло два чалавекі – тут сёння былі б курсы “Мова нанова”. Але гэта фантастычна, што прыйшло столькі. Я вельмі спадзяюся, што гэта будзе не разавы прыезд цырка шапіто: паскакалі малпы і паехалі. Самая галоўная наша мэта – заразіць гэтым вірусам, паказаць, што мова – не калгас і не апазіцыя. Што гэта весела, сучасна. І абсалютна ўсе сферы нашага жыцця павінная кранаць беларуская мова. Таму мая самая вялікая мара – каб у наступны панядзелак усе гэтыя людзі зноў прыйшлі на курсы.
У панядзелак, 24 сакавіка, гарадзенскія курсы “Мовы нанова” адбудуцца ў гарадзенскай кірсе а 19-й, а новымі вядоўцамі стануць выкладчык і аўтар казак Ігар Кузмініч і гарадзенка Вольга Астроўская.
Андрэй Мялешка
Тэгі: Гродна