Гародня: і адзін у полі ваяр

26.08.2014 У краіне

Больш за месяц аматары экстрэмальных гульняў Гарадзеншчыны маглі паказваць свае ўменні ў гульні пад назвай “Адзін у полі ваяр”. Яна праходзіла ў межах гарадзенскага праекта і прыцягнула ўвагу каля 20 гульцоў-адзіночак.

Пра гульню расказвае адзін з яе арганізатараў Раман “Тролер”:

— З самага пачатку гульня задумвалася для таго, каб кожны гульец змог праверыць свае магчымасці. Разлік рабілі на доўгую працягласць, каб не перашкаджаць працы ці навучанню: колькі ўзроўняў прапаноўвалі прайсці, столькі праходзілі. Таксама былі эксперыментальныя ўзроўні. Напрыклад, чалавек асноўнае заданне зрабіў хутка — у яго быў час зрабіць тыя ж здымкі. Для гэтага быў узровень з фотапаляваннем. Гульцы што імкнуліся да перамогі, закрывалі ўзровень вельмі хутка — за некалькі гадзін. Тыя, хто проста гуляў дзеля задавальнення, гулялі ў вольны час. Былі таксама гульцы, што ўступілі ў гульню ўжо калі яна ішла, пра гэта дамаўляліся папярэдне. Можна было стаць удзельнікам гульні не спачатку і перамагчы.

— Што не ўдалося рэалізаваць на гэтай гульні?

— Нарадзіліся новыя ўзроўні, якія мы пакінулі на больш маштабную гульню. Таксама мы першапачаткова задумвалі гульню з негарантаваным праходжаннем — гэта значыць, у гульцоў не было 100-працэнтнай магчымасці прайсці яе. Але усё ж вырашылі перарабіць — у сістэме можна было праверыць, на правільным ты шляху ці не.

— Якія цікавыя моманты вы можаце прыгадаць?

— Аднойчы супрацоўнікі міліцыі падказалі нашым гульцам месца коду.

Наступная гульня ад аўтараў адбудзецца ўжо праз тры тыдні, і хлопцы гарантуюць, што яна будзе цікавым баўленнем часу і праверкай сваёй моцы не толькі для гарадзенцаў, але і для прадстаўнікоў такіх праектаў з іншых гарадоў Беларусі.

Андрэй Мялешка
Фота аўтараў гульні

Тэгі: