Гародня: Каліноўскі — спрэчная асоба

Асобе Кастуся Каліноўскага і яго ролі ў жыцці ХІХ стагоддзя была прысвечаная сустрэча, што адбылася ў Гародні 28 чэрвеня. Гарадзенскія гісторыкі прэзентавалі зборнік “Кастусь Каліноўскі і яго эпоха ў дакументах і культурнай традыцыі”.

Прафесар Смалянчук у сваёй прамове закрануў праблемы вывучэння гісторыі Кастуся Каліноўскага. “ Мы да сённяшняга дня не ведаем, дзе знаходзіцца магіла Каліноўскага, аднак 2 гады таму мы знайшлі перапіску віленчукоў, дзе можна ўбачыць імя “Канстанцін Каліноўскі”.

У кнізе мы паспрабавалі зразумець светапогляд Каліноўскага і тое, якім чалавекам быў Кастусь Каліноўскі.
Зборнік падзелены на 2 часткі: 1-я — Кастусь Каліноўскі і яго час, 2-я — Кастусь Каліноўскі як гістарычны міф” .
Гісторыкі нагадалі, што ў 2006 г. імя Каліноўскага прагучала як сімвал палітычнага разняволення краіны. І на іх думку, магчыма, якраз гэта справакавала тую кампанію “развянчання міфа Каліноўскага”, у авангардзе якой апынуліся прадстаўнікі сучаснай “дырэктыўнай гістарыяграфіі”. Фактычна, яны намагаюцца вярнуць у беларускую гістарыяграфію паўстання 1863 г. расійскі імперскі наратыў.

Менавіта супраць гэтых дзяржаўных ідэолагаў і была зладжаная 6-я канферэнцыя Беларускага гістарычнага таварыства, па выніках якой і паўстаў гэты зборнік.

Сябра гарадзенскага ТБШ і адзін з выдаўцоў серыі “Гарадзенская бібліятэка” Эдвард Дзьмухоўскі адзначыў, што нам усім трэба рыхтавацца да 2013 года — 150-х угодкаў пачатку паўстання, захоўваць старыя і знаходзіць новыя пункты на тэрыторыі Беларусі, звязаныя з паўстаннем. Менавіта праз іх мы зможам захаваць гісторыю.

Андрэй Мялешка

Тэгі: