Шаноўныя прыхільнікі, чытачы “ГАРАДЗЕНСКАЙ БІБЛІЯТЭКІ”. З гонарам аддаем вам у рукі нашу новую кнігу: “Гародня Х-ХХ ст. Каралеўскі горад з правінцыйным лёсам”. Яе аўтары – 11 гісторыкаў з Гародні, Менску, Беластока, Кракава, якія аддана займаюцца вывучэннем гарадзенскай даўніны. Упершыню на такім высокім узроўні, у такім колькасным складзе, паспяхова рэалізавана ідэя апісання тысячы гадоў гісторыі Гародні.
Гісторыя “Каралеўскага гораду…” – гэта гісторыя зменаў нязменнай Гародні, якая ўжо тысячу гадоў узіраецца ў воды Нёмана і быццам спрабуе спыніць хаду гісторыі. У кнізе дамінуе сацыяльная гісторыя, у цэнтры якой знаходзіцца гараджанін, які ў нечым змяняецца з цягам часу, а ў нечым застаецца тым самым, лёгка пазнавальным намі гарадзенцам.
Гародня ўзнікла на памежжы розных этнасаў, культур, цывілізацый і канфесій, і заўсёды была горадам шматкультурным і шматканфесійным. Таму ў гэтай кнізе адказ на “класічнае” для нашага рэгіёну пытанне “Чый горад?” знаходзіцца па-за межамі нацыянальных спрэчак, прынамсі ў іх этнакультурным варыянце. Упершыню ў адной кнізе і ў такім аб’ёме прадстаўлена шырокая панарама жыцця і смерці гарадзенскага “габрэйскага кварталу”.
У кнізе прысутныя рыцары і гандляры, манахі і князі, мяцежнікі і чыноўнікі, вайскоўцы і пісьменнікі. Пры гэтым гаворка ідзе не толькі пра самых славутых і знакамітых. 520 старонак кнігі аддадзеныя тым, каго невыпадкова называюць “маўклівай большасцю гісторыі”. Штодзённасць жыцця “звычайных” гарадзенцаў ёсць галоўнай тэмай кнігі “Гародня Х-ХХ ст. Каралеўскі горад з правінцыйным лёсам”.
Крыніца – афіцыйная суполка кніжнай серыі “Гарадзенская бібліятэка” у Facebook
Тэгі: Гародня