Гародня: рыхтуецца партрэт гараджаніна з 1000 твараў

29.09.2014 У краіне

У Гародні рыхтуецца праект, у якім можа паўдзельнічаць любы гарадзенец. Зводны партрэт жыхароў горада, які стварае тройка маладых энтузіястаў. Андрэй Алёшын, Максім Шыркоў і Руслан Хілімончык, маладыя фатографы, рыхтуюць у Гародні выставу, якая носіць умоўную назву “Гараджанін”.

Гэта зводны здымак гарадзенца, сабраны з твараў тысячы жыхароў горада. Рыхтуецца выстава ў мастацкай галерэі “У Майстра” і тут жа яна будзе дэманстравацца з 10 кастрычніка. Ад ідэях і творчым увасабленні праекта распавядае адзін з аўтараў — гарадзенскі фатограф Максім Шыркоў :

— Не факт, канешне, што мы збяром тысячу гарадзенцаў, спадзяемся на чалавек 500-600. Выстава ўсё роўна адбудзецца. За некалькі здымачных дзён мы адзнялі больш за 200 чалавек. Трошкі перашкаджае надвор’е — людзі ў дождж і халадэчу не хочуць прыходзіць.

— Вы шукаеце нейкія адметныя твары і запрашаеце іх на здымку?

— Кожны гарадзенец можа прыйсці і стаць удзельнікам праекта. Абсалютна розныя ўзросты, прафесіі ці сацыяльны статус. Мы не дзелім людзей. Аднак большасць тых, хто пакуль прыйшоў, — гэта дзяўчаты ці маладыя жанчыны. Мужчыны неяк саромеюцца ці думаюць, што яны кепска атрымліваюцца на здымках. Сёння, напрыклад, прыйшло больш моладзі.

Унікальнасць праекта ў тым, што такую акцыю ў Гародні не рабіў ніводзін фатограф. Хлопцы паспрабуюць ахапіць розных людзей, якія жывуць у горадзе над Нёманам.

Андрэй Мялешка
Фота Андрэя Мялешкі

Тэгі: