Гародня сустрэла Алеся Пушкіна 2 красавіка адкрыццём яго персанальнай выставы ў галерэі “Крыга”. У розных выданнях адкрыццё анансавалася ў розны час, таму выставу давялося адкрываць двойчы — а 15-й і а 17-й.
Пушкін завітаў у горад над Нёманам цэлай сям’ёй — з жонкай і дзецьмі. Шпакоўні на падворку, карагоды вакол дрэва — гэтым персанальным перформансам адкрылася выстава Алеся Пушкіна.
Для самога Алеся вельмі знакавымі працамі ў дзень 2 красавіка — дзень яднання з Расіяй — былі 2 працы: “Пад расійскім ботам” і “Сякера”. “Адна з іх сімвалізуе мінулае, а другая будучыню!” — кажа Алесь Пушкін.
На партрэце вясковай настаўніцы сп. Алесь намаляваў сваю жонку; апроч гэтага на выставе прадстаўлена больш за два дзясяткі палотнаў — дзе партрэты самога Пушкіна, дзе адлюстраванне навакольнай рэчаіснасці.
Частка працаў выстаўленая на продаж; магчыма, нехта гарадзенцаў зможа набыць гэтыя палотны, і праз некалькі месяцаў мы зможам убачыць іх у прыватных калекцыях альбо на выставе нейкага музея.
“Наступнай працай будзе вялікая інсталяцыя ў родным мястэчку Бобр, — кажа спадар Алесь – на яе нават уладам падаў запыт, хачу паказаць месцічам іх гісторыю і рэчаіснасць”.
А гарадзенская выстава Алеся Пушкіна будзе доўжыцца да 15 красавіка.
Тэгі: Горадня