Hello, Беларусь мая

На высокім узроўні прайшла творчая сустрэча з пісьменніцай Людмілай Дзіцэвіч ў вёсцы Погіры Дзятлаўскага раёну Гродзенскай вобласці 2 жніўня.

Паслухаць і падыскутаваць слухачы прыйшлі ў клуб-этнаграфічны музей. Публіка складалася з 15 чалавек. Узрост вагаўся з 30 да 70 гадоў.

Аўтарка кнігі “Беларуска-ірландскі дзённік” не толькі прэзентавала сваю кнігу, але яшчэ спявала “матуліны песні”, апавядала, дзе ж браць любоў да Радзімы.

Л. Дзіцэвіч: “Як трэба любіць Радзіму, дзе шукаць гэтую любоў? Мы любім Беларусь праз сваякоў, праз родныя мясціны, праз поле каласістае, праз рэчку. Але ў мяне асабіста канчаткова пачуццё да Радзімы выспела за мяжой. Пра Беларусь ірландцы даведаліся менавіта праз культуру. Спачатку ірландцам было складана запомніць нават назву –Беларусь. А я ім укладала, што мая краіна Беларусь, я беларуска, маю вялікую любоў да сваёй роднай краіны. І, канечне, ім спявала: і матчыны песні, і візітоўку ў замежных краінах – “Аксамітны летні вечар”, дык мы калі раніцай з імі сустракаліся, яны віталіся са мной такім чынам: “Hello, Беларусь мая!”

На сустрэчы з Людмілай Дзіцэвіч успаміны ліліся бясконца: і пра бацькоў, і пра культуру, і пра замежжа. Аздобіў прыгажосцю культурніцкі вечар гурт “Пагіранка”, які спяваў аўтэнтычныя мясцовыя песні.

Публіцы настолькі спадабалася, што доўга яшчэ не маглі разысціся. Пры канцы сустрэчы аўтарка зрабіла падарункі самым актыўным. Гэты былі маечкі і торбачкі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”, у межах якой і адбылася творчая сустрэча.

Тэгі: ,