11 жніўня ў Зэльве, каля Свята-Троіцкай царквы, у межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” адбылася прэзентацыя кнігі Ларысы Геніюш “Лісты з Зэльвы”, якая сёлета выйшла ў серыі “Гарадзенская бібліятэка”. Перад імпрэзай у царкве, дзе два гады таму адчыніўся невялікі музэй паэткі, прайшла памінальная служба на беларускай мове. А сама прэзентацыя была зладжаная проста каля помніка Ларысе Геніюш, які ўсталяваны на царкоўным цвінтары. Вёў імпрэзу ўкладальнік кнігі паэт Міхась Скобла, які назваў эпісталярную спадчыну славутай пісьменніцы Геніюшаўскім летапісам. “Нам сёння бракуе святасці — і мы прыходзім да Ларысы Геніюш. Нам сёння бракуе шляхетнасці ў чалавечых адносінах — і мы прыходзім да Ларысы Геніюш. Нам бракуе сёння нацыянальнага аптымізму — і мы прыходзім да Ларысы Геніюш”, — адзначыў вядоўца.
Спявачка Таццяна Матафонава-Грыневіч праспявала дзве ўласныя песні на вершы Л. Геніюш, а таксама расказала цікавую гісторыю, звязаную з вядомай песняй М. Равенскага на словы Ул. Дубоўкі “О Беларусь, мая шыпшына”. Ужо даўно гэтую песню Таццяна выконвае ў дапоўненым варыянце, дзе да радкоў Дубоўкі дадалося чатырохрадкоўе Геніюш: “Адзінай мэты не зракуся, і сэрца мне не задрыжыць. Як жыць – дык жыць для Беларусі, а без яе – зусім не жыць!”. “І па рытміцы, і па настроі гэтыя два вершы супалі проста ідэальна”, – сказала Таццяна.
У імпрэзе прынялі ўдзел настаяцель зэльвенскай Свята-Троіцкай царквы айцец Георгі Субаткоўскі, мастак Алесь Пушкін, слонімскі краязнаўца Сяргей Чыгрын, каардынатар “Гарадзенскай бібліятэкі” Эдвард Дмухоўскі.