Фэст сярэднявечнай культуры «Рубон-2010», прымеркаваны да 1148-годдзя гораду, прайшоў у Полацку Віцебскай вобласці на працягу12–13 чэрвеня.
Ганна Мараўская, удзельніца мерапрыемства:
“Падчас фэсту адбылася прэзентацыя першай дзіцячай кніжкі полацкага гісторыка Юры Усціновіча і мастака Івана Іванова «Яська і конік ягоны Грыўка». Кніжка прысвечаная 600-годдзю Грунвальдскай бітвы і расказвае маленькім чытачам пра фантастычнае пераўвасабленне маленькага хлопчыка Яські ў дужага волата і яго ўдзел у бойцы з ворагам.
«У далёкія часы старажытныя
У горадзе слаўным у Полацку
У сям’і Сурвілы-баярына
Жыў маленькі адважны Яська…» —
як сапраўдны казачнік, голасна, але таямніча і захапляльна, дэкламаваў стылізаваныя пад стары летапіс радкі годна апрануты шляхціц. На гукі казкі збіраліся самыя шчырыя і ўдзячныя слухачы — дзеці самага рознага ўзросту. За дзецьмі падцягваліся і іх бацькі.
Падчас прэзентацыі любы мог набыць кніжку і атрымаць аўтограф аўтара. Або проста сфатаграфавацца з ім, тым самым шляхціцам у накідцы і шапцы з футрам, на памяць.
Будучым беларускім волатам, што выяўлялі асаблівую цікавасць да гісторыі, Юры Усціновіч дазваляў патрымаць свой меч. Ад месца прэзентацыі людзі адыходзілі не толькі з помнымі фотаздымкамі, але і з невялікімі падарункамі — адмысловымі паштоўкамі ад кампаніі «Будзьма беларусамі!», прысвечанымі беларускім народным святам. Паштоўкі карысталіся папулярнасцю і скончыліся яшчэ ў першы дзень фэсту. Што, вядома ж, не перашкодзіла людзям фатаграфавацца з аўтарам і знаёміцца з кніжкаю і ў нядзелю”.
Прэзентацыя ладзілася пры падтрымцы кампаніі “Будзьма беларусамі!”
Фота — Настасся Іванова