Сапраўдны хіт сезону, гістарычны каляндар на 2014 год цяпер можна знайсці ў Маладзечне, у кнігарні “Спадчына” на Прытыцкага, 7. Кампанія «Будзьма беларусамі!» працягвае тыражаваць гісторыю ў штодзённае жыццё. «Круглы год з беларускай гісторыяй» – пад такой назвай быў выдадзены каляндар на 2014 год паводле аднайменнага анімацыйнага фільма.
Каляндар працягвае добрую традыцыю «беларускае ў простых рэчах». Раней паводле мультфільма грамадскай кампаніяй была выкладзеная для вольнага доступу і выдадзеная лімітаваным тыражом маляванка для самых маленькіх беларусаў «Будзьма беларусікамі!». Створаная рэжысёрам стужкі Юліяй Рудзіцкай з пераасэнсаванымі тэкстамі ад Лявона Вольскага, маляванка мела поспех сярод самай маладой аўдыторыі. І дарослымі гэта было заўважана. Праўда, выклікала гэта і незадаволенасць з іх боку, маўляў, «ну вось, дзеткам маляванку, а нам хоць бы каляндар які…»
Пакідаць гэта без увагі – недаравальна, амаль крымінальна. Таму кампанія вырашыла парадаваць дарослых беларусаў якасным паліграфічным выданнем. Дзякуючы яму цягам года штодня з кожным уладальнікам гэтага календара будуць яскравыя селебрыці беларускай гісторыі, пераасэнсаваныя ў вершах падзеі і непарушна добры настрой.
Адаптацыю кадраў мультфільма для календара зрабіла Юлія Рудзіцкая, а вершы перапісаў пад каляндарны фармат Лявон Вольскі. Нагадваем, што анімацыйны фільм «Будзьма беларусамі!» стаў прызёрам шматлікіх конкурсаў і сабраў больш за мільён праглядаў на розных сэрвісах. Аўтары ідэі – Юлія Ляшкевіч і ГКК «Будзьма беларусамі!».
У сталіцы каляндар можна знайсці ў кнігарнях: Акадэмкніга, Кнігарня пісьменніка, кнігарня «Ў», кнігарня Веды, Цэнтральная кнігарня, кнігарня «Кнігі і кніжкі», кніжная выстава на ВДНХ. Таксама ёсць ён і на сайце Prastora.by.
Тэгі: Міншчына, Маладзечна