Стагоддзямі забойства святых мучанікаў, братоў Барыса і Глеба, прыпісвалася князю тураўскаму і вялікаму князу кіеўскаму Святаполку, якога з гэтай прычыны празвалі «акаянным». Раней гэтае сцвярджэнне старажытных летапісаў не ставілася пад сумнеў. Але варта трошкі больш уважліва прыгледзецца да выкладзенага ў пісьмовых крыніцах, і акажацца, што далёка не ўсё там так проста і ясна. Паспрабуем разабрацца ў гэтай гісторыі.
Неспакойная старасць
У кіеўскага князя Уладзіміра Святаславіча, які хрысціў Русь у 988 годзе, было вялікае мноства дзяцей ад некалькіх жонак. Яраслаў правіў у Ноўгарадзе, Барыс у Растове, яго адзінакроўны брат Глеб — у Мураме, Святаслаў кіраваў драўлянскай зямлёю, а Мсціслаў — Цьмутараканню. Будучы ад розных маці, яны ўсё ж лічыліся сынамі вялікага князя, а таму пасля яго смерці кожны з іх меў права на вялікакняжацкі пасад.
Найбольш цікавая сітуацыя склалася са старэйшым сынам Уладзіміра — Святаполкам. Навукоўцы да гэтага часу спрачаюцца, ці быў ён сапраўдным сынам Кіеўскага князя, ці насамрэч яго бацькам быў Яраполк. Магчыма, калі пасля гібелі Яраполка Святаславіча ў 978 годзе яго пераможца Уладзімір узяў жонкай удаву свайго брата грэчаскую прынцэсу Ганну, яна ўжо была цяжарная Святаполкам. Гэта ўскосна пацвярджаюць словы летапісца, які піша, што Святаполк быў «ад двух бацькаў». Кіеўскі ўладар пасадзіў княжыць Святаполка ў невялікім Тураве. Верагодна, бацька (дзядзька?) адправіў яго туды яшчэ ў падлеткавым узросце, бо вядома, што ў гэты час горадам кіраваў уладыка. Пэўна, гэта быў епіскап, якому даручылі апекаваць маладога князя.
Выява Святаполка Уладзіміравіча з яго пячаткі. Крыніца: wikipedia.org
Пасталеўшы, Святаполк ажаніўся з дачкой польскага караля Баляслава. Заручыўшыся такой падтрымкай, тураўскі князь задумаў змову супраць Уладзіміра. Да таго ж Святаполка падштурхоўваў і духаўнік жонкі біскуп Рэйбэрн. Аднак змова была хутка выкрыта, і Святаполк разам з жонкай быў пасаджаны ў кіеўскую вязніцу. Тут яму пашанцавала. За зяця заступіўся кароль Баляслаў. Каб не сварыцца з моцным суседам, кіеўскі князь выпускае непакорлівага сына.
Баляслаў I Храбры. Крыніца: wikipedia.org
Але праблемы Уладзіміра з сынамі на гэтым толькі пачаліся. Незадоўга да смерці бацькі дэманстраваць свавольны характар пачаў і Яраслаў. Навучаны, відаць, наўгародскай вярхушкай, ён наадрэз адмовіўся пералічваць у Кіеў даніну і царкоўную дзесяціну. Уладзімір хацеў правучыць і гэтага сына, аднак не паспеў — памёр перш чым пачаць рушыць у бок Ноўгарада.
Святая наіўнасць?
Паводле летапіснага апавядання, Уладзімір памёр у сваёй загараднай рэзідэнцыі — Бераставе. Кіеўскія баяры спрабавалі захаваць у тайне смерць князя — яны баяліся прыходу да ўлады непапулярнага тут Святаполка. Але неўзабаве таемнае стала відавочным. Цела памерлага даставілі ў Кіеў і пахавалі ў Дзесяціннай царкве, а Святаполк сеў на троне «по отни своем». Каб падкупіць мясцовае баярства, ён раздае ім падарункі з княжых камор. Ад багаццяў тыя не адмовіліся, але сэрцы іх, сцвярджае летапісец, не былі са Святаполкам — «яко братья их бяша с Борисом».
У гэты час Барыс з дружынай знаходзіцца ў паходзе на печанегаў. Даведаўшыся аб смерці вялікага князя, дружыннікі заклікаюць яго рушыць на Кіеў, каб правучыць Святаполка і забраць уладу ў свае рукі, але Барыс — нездарма будучы святы — ні ў якую не хацеў ваяваць з уласным братам, лічачы падобныя ўчынкі блюзнерскімі. У выніку дружыннікі пакінулі князя, і Барыс застаўся практычна адзін. Ад улады адмовіўся і Глеб, які сказаў, што будзе шанаваць старэйшага брата «як бацьку свайго». Але Святаполк усё роўна падаслаў да братоў забойцаў. Згодна з летапісам, на Барыса напалі, калі ён вяртаўся ў Кіеў з паходу і маліўся перад сном у сваім шатры. Князя паранілі, а ягонаму слугу адсеклі галаву, каб зняць залатую грыўню (абруч), якая была ў яго на шыі. Пакуль Барыса везлі ў Кіеў, Святаполк даведаўся аб тым, што брат яшчэ жывы, і адправіў двух варагаў дабіць яго, што і было выканана. Затым Святаполк успомніў пра Глеба. Ён запрасіў яго ў Кіеў. Малады князь нібы ўжо ведаў пра смерць бацькі і гібель брата — яго папярэдзіў Яраслаў — аднак, скарыўшыся божай волі, усё роўна адправіўся ў «маці гарадоў рускіх» і падзяліў лёс Барыса.
Святыя Барыс і Глеб. Абраз з Сава-Вішэрскага манастыра, XIII — пачатак XIV стагоддзя. Крыніца: wikipedia.org
Але да гэтай версіі шмат пытанняў. Чаму Барыс, князь-вой, які вадзіў дружыну ў паходы, выказаў раптам такую дзіўную лагоднасць? Не зрабіў ніякіх спроб выратавацца, хоць і нібы здагадваўся аб намерах Святаполка. Не зразумела, навошта Святаполку было забіваць брата, які пагадзіўся перадаць уладу і адпусціў сваё войска. Наконт Глеба — не менш пытанняў. Забойцы застаюць яго ля Смаленска. Што там робіць мурамскі князь? Познія помнікі тлумачаць гэта тым, што Святаполк паклікаў Глеба ў Кіеў ад імя бацькі. Па паданні, ён верхам дасягнуў ракі, затым ля Смаленска сеў на карабель. Там на яго напалі падасланыя забойцы. Але навошта было забіваць Глеба, калі ён не прэтэндаваў на кіеўскі пасад? Адносна Яраслава таксама шмат пытанняў. Спачатку летапіс сведчыць, што Яраслаў папярэджвае Глеба аб намерах Святаполка і забойстве Барыса. Але пасля сцвярджаецца, што Яраслаў даведаўся аб забойстве абодвух братоў ад сястры Прадславы.
Далей летапіс сцвярджае, што засмучаны смерцю братоў наўгародскі князь вырашае адпомсціць братазабойцу. Сабраўшы вялікае войска з наўгародцаў і варагаў, Яраслаў звяртаецца да іх са словамі: «Не я пачаў збіваць братоў, але ён. Без віны праліта праведная кроў Барыса і Глеба».
Праціўнікі — Яраслаў і Святаполк — на чале шматлікіх палкоў падышлі ў канцы восені 1015 года з двух бакоў да Дняпра ў раёне Любеча. Тут войскі прастаялі каля трох месяцаў, не адважваючыся, відаць, пераправіцца цераз раку. Толькі з надыходам маразоў наўгародскі князь аднойчы на досвітку загадвае фарсіраваць Дняпро па лёдзе. Раптоўнасць нападу, аддаленасць ад лагера Святаполка яго саюзнікаў — печанегаў спрыяюць поспеху Яраслава: супернік цалкам разбіты, сам Святаполк бяжыць у Польшчу, да цесця Баляслава Храбрага. Праз некалькі дзён Яраслаў займае кіеўскі пасад.
Ці сапраўды «акаянны» Святаполк?
Знайшліся нечаканыя сведчанні, якія таксама расказваюць гісторыю гібелі Барыса і Глеба, але ў іх яна выглядае зусім па-іншаму. Гэта крыніцы заходнееўрапейскага паходжання. Перш за ўсё скандынаўскія.
Так, ісландская «Сага аб Эймундзе» ўтрымлівае звесткі аб тым, што барацьба за кіеўскі трон вялася паміж Яраславам і Барысам. Яна складзена ў XI ст. і запісана ў XIII ст. Яе галоўны герой варажскі конунг Эймунд быў рэальнай асобай, які ваяваў на баку Яраслава са сваім атрадам наймітаў. Эймунд і яго пабрацім Рагнар з вялікім войскам нарманаў прыбываюць да Ярыслейва (Яраслава) у Хольмгард (Ноўгарад) неўзабаве пасля смерці яго бацькі, чакаючы сутыкнення Ярыслейва з яго братам Бурыславам, якому дастаўся Кенугард (Кіеў). Ён удзельнічаў у бітве пад Любечам, але, згодна з паведамленнямі сагі, не супраць Святаполка, а супраць Барыса. Цяжка лічыць, што гэта нейкія заказныя крыніцы, таму што яны пісаліся ў Ісландыі і там летапісцам не было справы да таго, што рабілася на Русі.
Пра тое, што ўспамінам варажскага найміта Эймунда можна давяраць, сведчыць адна дэталь. Барыс быў забіты двума варагамі. Святаполк спадзяваўся на палякаў, печанегаў і немцаў, а яго апанент — Яраслаў — на нарманаў. Аб хоць- якіх сувязях Святаполка са Скандынавіяй невядома. Сувязі ж Яраслава з паўночнымі родзічамі былі даволі шчыльнымі. Так, адным з самых вядомых варагаў на Русі быў будучы кароль Нарвегіі Олаф Харальдсан. Цяпер ён — самы ўшанаваны скандынаўскі святы. У першыя гады XI стагоддзя Олаф ваяваў разам з супляменнікамі ў Англіі, але, пацярпеўшы паражэнне, папрасіў палітычнага прытулку ў далёкага сваяка — конунга Ярыслейва. У 1015 годзе ён разам з дружынай прыбыў у Ноўгарад і нейкі час жыў пры двары Яраслава.
Кароль Нарвегіі Олаф II Святы на фрэсцы. Крыніца: wikipedia.org
Яшчэ адна крыніца, якая абвяргае ўдзел Святаполка ў забойстве сваіх братоў — гэта «Хроніка» саксонскага біскупа Цітмара, напісаная ў 1012–1018 гг. Згодна з ёй, з 1013 года Святаполк сядзеў у турме. Але адразу пасля смерці бацькі збег у Польшчу і там знаходзіўся аж да 1018 г., калі разам з Баляславам пайшоў паходам на ўзурпатара кіеўскага стала Яраслава. Адносінаў да забойства Барыса і Глеба Святаполк мець не мог ніяк, бо знаходзіўся ў іншай краіне і папросту не мог быць яго арганізатарам.
Ёсць яшчэ адна дэталь, магчыма, незаўважная спачатку. Імя Святаполк — гэтага крыважэрнага братазабойцы — насіў унук Яраслава. Князі ўжо даўно не язычнікі, калі Уладзімір мог забіць Яраполка і гэта нікога не здзіўляла. Яны хрысціяне, а забойства ў хрысціянстве страшэнны грэх. Забойства ж роднага брата грэх яшчэ большы. Гэта азначае, што імя Святаполк мусіла стаць практычна забароненым у дынастыі, яно павінна было знікнуць. Але нічога падобнага не адбываецца, і ў гонар Святаполка Акаяннага даволі ахвотна называюць княжычаў, якія з’яўляюцца на свет, імя нікуды не знікае.
Дык для чаго спатрэбілася кіеўскаму летапісцу фальсіфікаваць гісторыю, прыдумляючы сабе штучных святых?
Прычыны, відаць, былі палітычныя.
Магчыма, гісторыя з забойствам Барыса і Глеба — гэта першы акт палітычнай прапаганды, які мы бачым са старонак летапісаў. На Святаполка, як зараз прынята казаць, павесілі ўсіх сабак.
Пры тым, што калі ён прыйшоў у Кіеў і хацеў узяць там уладу, ён меў на гэта поўнае права, ад якога б бацькі ён ні быў народжаны. Калі ад Яраполка — значыць, ад старэйшага сярод братоў. Калі ад Уладзіміра — значыць, як старэйшы сярод сыноў Уладзіміра. І ў тым, і ў іншым выпадку ён меў права на гэтую ўладу. Але гісторыю пішуць пераможцы. Пераможцам у гэтай барацьбе аказаўся Яраслаў.
Магчыма, кіеўскай вярхушцы, якая на той момант сцвердзілася на міжнароднай арэне як кіраўніцтва незалежнага і магутнага дзяржаўнага ўтварэння, трэба было дабіцца такога ж статусу і для свайго духавенства. Адчуўшы моц і самаўпэўненасць, хацелася ідэалагічнай незалежнасці ад Візантыі. Адной з прыкмет духоўнай самадастатковасці з’яўляецца наяўнасць уласных святых. А адной з галоўных падставаў для кананізацыі павінна была быць пакутніцкая смерць.
Патрэбен быў вобраз забойцы — ката, здольнага вынішчыць сваю сям’ю. Выбар упаў на Святаполка, які даўно загінуў і, у адрозненне ад Яраслава, не меў нашчадкаў, здольных абараніць яго памяць.
Ілля Дняпроўскі, budzma.org