Гэтым летам, таксама як і тры гады таму, калі толькі пачалі напаўняць возера для Гродзенскай ГЭС, узровень вады ў Нёмане ўпаў да рэкорднай адзнакі. Ізноў па ўсім цячэнні ракі ў межах Гродна і ніжэй сталі бачныя парэшткі старых канструкцый, мастоў і прыстаняў.
Гэтыя драўляныя збудаванні не існуюць ужо вельмі даўно, але парэшткі, якія выглянулі з вады, будуць стаяць яшчэ дзесяцігоддзямі, бо пад вадою працэсы гніення не ідуць.
Дрэва, якое дасталі з пад вады, амаль як каменнае, і толькі паляжаўшы на сонцы пачынае разбурацца. Нездарма падмуркі некаторых каменных канструкцый (напрыклад, шлюзаў Аўгустоўскага канала) рабілі з дуба.
Зноў сталі бачныя рэшткі драўлянага моста каля Новага моста па вуліцы Паповіча. Фактычна не аднаго, а некалькіх мастоў.
Некалі гэта быў найдалей высунуты на захад мост у гарадскіх межах. Пабудавалі яго нямецкія сапёры ў гады Першай сусветнай вайны. Паколькі дарога, якая вяла да яго праз Пярэселку, называлася Фартавой дарогай, то можна меркаваць, што будавалі яго спецыяльна, каб абслугоўваць фарты Гродзенскай крэпасці.
Нямецкія жаўнеры адпачываюць на фоне моста. Добра бачная дарога-спуск да яго, якая ацалела да нашых дзён. 1916 г.
Так выглядаў гэты мост прыкладна ад Каложы, 1916 г
У 1920 г. мост быў знішчаны і яго нанава пабудавалі вясной 1921 г.
У 1921 г. на гэтым месцы ўзвялі новы мост польскія жаўнеры. Праіснаваў ён недзе да сярэдзіны 1920-х гг. Драўляныя масты на Нёмане доўга не жылі. Паводкі і магутныя ледаходы іх хутка нішчылі.
Будавала мост сапёрная частка адно з палкоў легіёнаў польскай арміі. 1921 г.
Так выглядаў гэты мост прыкладна з цяперашняга Новага Маста. Пад палямі (сваямі) гэтага моста бачныя яшчэ нямецкія палі. Далей — цудоўны краявід на Гродна. Дарэчы, акурат цяпер службы ЖКГ расчысцілі былую дарогу да гэтага моста ад вуліцы Вясенняй, што значна спрасціла спуск да Нёмана для веласіпедыстаў.
Андрэй Мяцельскі, “Твой стыль”