Музей ствараўся для захавання памяці аб падзеях 2020-га, але цяпер экспанаты расказваюць і аб вайне ва Украіне, і пра жыццё палітвязняў. Як за год змянілася канцэпцыя праекта, распавяла яго кіраўніца Наталля Задзяркоўская.
Вядучыя канцэрта падчас Дня народзінаў Музея Вольнай Беларусі Крысціна Дробыш і Сяргей Чуб
Музей Вольнай Беларусі адкрыўся 17 ліпеня 2022 г. на вуліцы Фоксаль (Foksal), 11 у гістарычнай камяніцы ў цэнтры Варшавы. Пра адкрыццё мы пісалі тут. Музей паўстаў па ініцыятыве Народнага антыкрызіснага ўпраўлення. Павел Латушка — часты госць музейных імпрэз. За год музей стаў значнай кропкай на мапе беларускіх мясцін польскай сталіцы (агляд пляцовак ды ініцыятыў чытайце тут).
Палітык Павал Латушка з віцэ-маршалкам польскага Сейму Малгажатай Гасеўскай
На святкаванні першага Дня народзінаў Музея Вольнай Беларусі мы паразмаўлялі з кіраўніцай праекта Наталляй Задзяркоўскай.
— За год у музеі было мінімум дзевяць тысяч наведвальнікаў. Гэта вельмі сціпла падлічвалі: па сярэдняй колькасці людзей на кожным мерапрыемстве. У нас былі імпрэзы як сёння, дзе складана падлічыць дакладна. Быў калядны маркет, на які прыйшло каля тысячы чалавек. Самыя папулярныя імпрэзы — гэта тыя, на якіх мы задзейнічаем нашы ўнутраныя дворыкі (іх у музея два — рэд.).
Наведвальнікі Дня народзінаў Музея Вольнай Беларусі
Нам у музей прыносяць шмат прадметаў. Для людзей гэта рэчы з гісторыяй. Не ўсе з іх падыходзяць для экспазіцыі, бо ё розніца між музейнымі прадметамі і рэчамі музейнага значэння. Музейны прадмет — гэта і налепка 2020-га года, і закрэслены бюлетэнь. Няма магчымасці ўсё паказаць. У экспазіцыю мы ставім усё найбольш яркае, ці з апошніх нейкіх рэчаў (узгадваюцца выставы новых паступленняў у больш традыцыйных музеях — рэд.). А так яно ўсё захоўваецца, ужо трэба думаць пра стварэнне фондасховішчаў.
Гісторыі рэчаў стараемся абавязкова запісваць ад тых, хто іх перадае. Просім заўсёды, канечне, відэа. Не ўсе пагаджаюцца. Але запісваем абавязкова. У камандзе музея я і мая памочніца. Дапамагаюць валанцёры. У развіцці музея я планую перш за ўсё ўласна музейнага супрацоўніка. Гэта складаная, крапатлівая праца, якая патрабуе пошуку, адбору, апісання, кааб сфармаваць фонд. Гэта могуць рабіць валанцёры, але тады гэта не будзе сістэмнай працай.
Для нас, канечне, было вельмі важна захаваць арыгінальныя рэчы 2020-га. Зразумела, што і да 2020-га была гісторыя беларускага супраціву. Цяпер ужо рэчы пайшлі не звязаныя з гісторыяй пратэсту 2020-га г., і гэта таксама пласт. Мы плануем гэта ўсё калісьці завезці ў Беларусь.
Кіраўніца праекта «Музей Вольнай Беларусі» Наталля Задзяркоўская прымае ў фонды музея шыльду з надпісам «Сквер Вольнай Беларусі. Беласток» ад палітыка Паўла Латушкі
На Дні народзінаў у фонд музея перадалі карціну Вольгі Якубоўскай, робу палітвязня, асабістыя рэчы беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне, таблічку з надпісам «Сквер Вольнай Беларусі. Беласток» — копію той, што будзе вісець ля консульства нашай краіны.
Сталая экспазіцыя Музея Вольнай Беларусі. Сцяг з імёнамі палітвязняў, створаны актывісткай Марыяй Грыц, і барабаны загінулага ва Украіне каліноўца Васіля «Атама» Грудовіка, на якіх ён граў у варшаўскім гурце Belarusian Truestorey
Падчас свайго выступу на імпрэзе Наталля Задзяркоўская казала: «Першы год быў складаны. Складаны арганізацыйна, фінансава, тэхнічна. Але прыходзілі на гэту пляцоўку вы: эксперты, памагатары, валанцёры. Наша пляцоўка пачынала разнастайнымі ліхтарыкамі гарэць. Тут танчылі і спявалі, ладзілі выставы, кінапаказы. Тут былі гарачыя дыскусіі, вырашаліся сур’ёзныя пытанні. Але якія б тут імпрэзы ні былі, усе яны былі аб адным: аб Беларусі... Мы змаглі за гэты год стварыць куток нашай Беларусі тут, у цэнтры Варшавы».
З першым днём народзінаў 22 ліпеня Музей Вольнай Беларусі павіншавалі палітык Павал Латушка, віцэ-маршалак польскага Сейму Малгажата Гасеўска, мецэнат беларускага руху князь Мацей Радзівіл, музыкі Уладзімір Пугач, Сяржук Доўгушаў, Маргарыта Ляўчук, Канстанцін Гарачы.
Князь Мацей Радзівіл віншуе Музей Вольнай Беларусі з Днём народзінаў
На імпрэзе выступіў таксама Варшаўскі вольны аркестр, а Аляксандр Ждановіч (Маляваныч) паказаў некалькі спектакляў для дзяцей.
Аляксандр Ждановіч (Маляваныч) паказвае спектакль пра Піпі Доўгую Панчоху
Аляксандр Ждановіч (Маляваныч) паказвае спектакль пра Піпі Доўгую Панчоху
Прайшоў вернісаж выставы Ігара Цішына «Ад краю да краю». Яе можна будзе паглядзець да 20-га жніўня. Інсталяцыя таго ж мастака «Дом, у якога разлятаюцца сцены» была першай выставай у Музеі Вольнай Беларусі ў ліпені 2022 г.
Мастак Ігар Цішын на фоне сваёй выставы «Ад краю да краю»
Падчас імпрэзы прайшла ўрачыстая перадача кнігі, у якой наведвальнікі музея пісалі спачуванні беларускім ваярам, што загінулі ва Украіне, прадстаўніку палка Каліноўскага.
Мастачка Вольга Якубоўская (у цэнтры) падаравала свае карціны героям, якія на іх выяўленыя: журналісту Змітру Лукашуку (злева) і спявачцы Кацярыне Ваданосавай (справа)
Сувеніры ад брэнду Anisenia Dolls
Торбы з надпісам Szczuczynszczyna ад Музея Вольнай Беларусі
Мастак Максім Восіпаў на фоне сваіх работ размаўляе з мастачкай Вольгай Якубоўскай
Наведвальнікі Дня народзінаў Музея Вольнай Беларусі. Трэці справа — мецэнат беларускага руху князь Мацей Радзівіл
Інсталяцыя Ігара Цішына «Ад краю да краю»
Сталая экспазіцыя Музея Вольнай Беларусі
Наведвальнікі Дня народзінаў Музея Вольнай Беларусі
Алена Ляшкевіч для budzma.org
Фота і відэа аўтаркі
Чытайце яшчэ:
«Малюю наша жыццё»: выстава Вольгі Якубоўскай, аўтаркі серыі «Коцікі свабоды»