У сцянах філіяла Веткаўскага музея імя Ф.Р.Шклярава прайшлі першыя заняткі па народнах танцах. Такім чынам, быў пакладзены пачатак серыі майстар-класаў для тых, хто хоча навучыцца беларускім народным танцам. Заняткі праводзяцца пад акампанемент гарманіста. Уваход каштаваў сімвалічных 10 тысяч, і тое, каб аддзячыць музыку. Запрашаюць ўсіх жадаючых, незалежна ад узросту і прафесіі.
Арганізатары прапанавалі багатую праграму, у якую, акрамя гарманіста і танцаў, уваходзілі цікавыя размовы пад гарбату і розныя “смачнёнікі”. Было і адзінае патрабаванне-парада: дзяўчат прасілі апрануць спадніцы і ёмкі абутак.
Адзін з арганізатараў майстар-класаў і загадчык гомельскага філіяла, Пятро Цалка, так распавёў нам пра з’яўленне гэтай ініцыятывы: “Ідэя стварэння ўжо даўно лунае. Час ад часу ладзяцца майстар-класы па танцах, ў тым ліку і ў філіяле музея, але гэта дзінкавыя… Мэта такіх вось сустрэч – стала і рэгулярна займацца танцамі, адшліфоўваць старыя і развучваць новыя. Зараз, узімку, плануем хаця б раз на месяц, а ўлетку, спадзяюся, кожны тыдзень будзем займацца. Яшчэ столькі нявывучанага, але падчас экспедыцый назапашана ўжо даволі шмат матэрыялаў. Прыйшоў час дзейнічаць, а не проста захоўваць традыцыйную культуру.
Кожны раз, калі збіраемся на вячоркі, паўстае праблема, што многія не танчаць па 2-х прычнах: не ўмеюць або саромяцца. А саромяцца, таму што не ўмеюць. Выснова — патрэбна загадзя навучаць людзей танцам, і ўвогуле паказваць, што традыцыйная культура яшчэ існуе па-за фондасховішчамі і вітрынамі музеяў ў жывым бытаванні”.
Такім чынам, сябры і супрацоўнікі музея даюць цудоўную магчымасць усім жадаючым навучыцца беларускім народным танцам. Наступны майста-клас адбудзецца ўжо 22 лютага, дзе вас будзе чакаць малады і прыгожы гарманіст, а таксама ўтульная атмасфера беларускай хаты, дзе гаспадары напояць гарбатай і навучаць танчыць.
Тэгі: Ветка, Гомель, Гомельшчына