Анімацыйны досвед і аповед пра творчы шлях з паказам дасягненняў – менавіта такім чынам прайшла ў Горадні 4 студзеня так званая “Буто-анімацыя”.
Вядомы беларускі аніматар Генадзь Буто расказаў прысутным пра свой творчы шлях.
“Свет анімацыі і відэа захапіў мяне ўжо падчас навучання ва ўніверсітэце. Перад здачай дыплома я зразумеў, што я аніматар, а не дызайнер, на якога ў той час вучыўся. І пасля гэтага я амаль нічым не займаюся, апроч анімацыі. Я стаў незалежным аніматарам, які займаецца музычнымі кліпамі, рэкламнымі ролікамі, і маю нават маляваную “кароткаметражку”, – кажа Генадзь.
“Кожны кліп для мяне – гэта візуальны шэраг, які павінен супадаць з аўдыёшэрагам. Я працую на дадзены момант у розных тэхніках, таму ўсе кліпы не падобныя адзін да аднаго”.
Генадзь Буто расказаў, як рабіліся кліпы для скандальнага расійскага гурта “Барто”, чаму ён не робіць сумесных праектаў з іншымі аніматарамі і чаму ўдзельнічае ў розных конкурсах.
“Я для сябе паставіў жорсткія рамкі – не працую задарма. За кожную працу я мушу атрымліваць грошы. Хаця грашовая ўзнагарода можа быць рознай – ад 100 даляраў за кліп для знаёмых да 1500 даляраў за кліп для расійскіх гуртоў”.
Падчас сустрэчы дэманстраваліся ўжо вядомыя творы – мультфільм-жах “Лядзяш”, кліп Барто “Хутка ўсё *нецца” і інш.
Сустрэча прайшла ў памяшканні ГА”Цэнтр “Трэці Сектар”.
Андрэй Мялешка
Тэгі: Горадня