Горадня: Дзень Святога Губерта адзначаць двойчы

01.11.2013 У краіне

Дзень Святога Губерта — апекуна Горадні — у горадзе над Нёманам адзначаць двойчы.

Дзяржаўнае святкаванне гарадзенскія ўлады робяць упершыню. Пляцоўкі каля Старога і Новага замкаў, парк Жылібера, гарадзенская бібліятэка імя Карскага, гарадзенскі зааапарк чакаюць прыхільнікаў гэтага свята.

Гарадзенская абласная навуковая бібліятэка імя Яўхіма Карскага падрыхтавала літаратурную выставу “Алень Святога Губерта — сімвал душы Гродна”, якая будзе працаваць з 12 да 18 гадзін. У 14 гадзін у заапарку пачнецца тэматычная экскурсія “У пошуках аленя Давіда”. Выступленні рыцарскіх клубаў, майстар-класы па сярэднявечных танцах, турнір лучнікаў, выставы рамеснікаў пройдуць у двары Старога замка ад 15.00 да 17.30. З 17.00 да 17.30 у Новым замку ладзіцца музейная прэзентацыя “Святы Губерт і гісторыя”. Там жа ў 17.30 дасць канцэрт старажытнай музыкі “Гарадзенская капэла”.

Завершыць святкаванні фаер-шоу ў двары Новага замка (18.35).

А альтэрнатыўныя святкаванні распачнуцца 5 лістапада з выставы гарадзенца Андрэя Філіповіча, мастака, як і нядаўна адзначыў сваё 40-годдзе. Сваю выставу, што адкрыецца ў гарадзенскай галерэі “Крыга”, мастак прысвяціў жанчынам Горадні.

Таксама вялікай падзеяй стане ўручэнне 2-й узнагароды імя Юзафа Ядкоўскага, што адбудзецца 9 лістапада падчас міжнароднай навуковай канферэнцыі “Гарадзенскі соцыум: гісторыя і памяць”. Нагадаем, што ўзнагарода ўручаецца асобам, творчая дзейнасць якіх паспрыяла вывучэнню і папулярызацыі гарадзенскай мінуўшчыны, а таксама захаванню прыроднай і гісторыка-культурнай самабытнасці Горадні і рэгіёна.

Узнагарода была заснаваная ў 2012 годзе прадстаўнікамі навуковай і творчай інтэлігенцыі Горадні. 1-й узнагародай імя Юзафа Ядкоўскага быў уганараваны вядомы гарадзенскі краязнавец і педагог Алесь Госцеў.
Яшчэ ўдзельнікаў неафіцыйнага святкавання чакае шмат розных імпрэзаў, падрабязнасці якіх арганізатары пакуль трымаюць у сакрэце.

Андрэй Мялешка

Тэгі: